Новости Молодечно и Молодечненского района

Мэта -- пераадолець сотню

  • 2017-01-17 11:18:25
  • Аляксандр Лазоўскі

Прыгоды чакалі ўдзельнікаў гонкі «Зіма мінус 100», якія збіраліся хто на веласіпедах, хто на лыжах, а хто і бягом пераадолець сто кіламетраў. Месца старту – Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка».

Арганізатарамі забегу выступіла «Федэрацыя прыгодніцкіх гонак» (аказваецца, ёсць у Беларусі і такая), а прысвячаўся ён 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Міхаіл Сідарук, намеснік кіраўніка федэрацыі:
– Мы разлічваем, што сёння ўдзельнічаць у гонцы будуць каля сямідзесяці чалавек. У асноўным гэта мінчане, але ёсць прадстаўнікі іншых рэгіёнаў – з Баранавіч, Маларыты, Жлобіна… Аб’ядноўвае нас захапленне актыўным карпаратыўным адпачынкам, імкненне як мага больш даведацца пра Беларусь, прага да прыгод. Здаровы лад жыцця, якога прытрымліваюцца сябры федэрацыі, дапамагае і ў рабоце, і ў сямейных адносінах.

Як паведаміў Міхаіл далей, у актыве «Федэрацыі прыгодніцкіх гонак» нямала пешых, веласіпедных, водных маршрутаў. Самым масавым мерапрыемствам можна лічыць аматарскі марафон «Налібокі», на які, да прыкладу, летась сабралася больш за тысячу ўдзельнікаў.

– Ну, а сённяшняя гонка чым вызначаецца?
– Тым, па-першае, што пачынаецца яна ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы, беларускага Песняра. Гэты год, як вядома, адметны. Па-другое, абсалютнай большасці ўдзельнікаў гонкі добра знаёмыя гэтыя мясціны: прыгожыя, сюды зручна дабірацца. Нарэшце, дзень выдаўся на дзіва казачным – многа снегу, зусім не холадна. Значыць, прыгоды гарантаваныя. Скажу ў дапаўненне, што з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў нас склаліся добрыя адносіны. У 2012 годзе менавіта ён стаў «нулявым» кіламетрам для гонкі з элементамі квэсту – прыгодніцкай гульні.

На гэты раз удзельнікі гонкі павінны былі пераадолець маршрут, пракладзены адразу праз чатыры раёны – Маладзечанскі, Вілейскі, Лагойскі і Мінскі — і фінішаваць непадалёку ад сталічнага мікрараёна «Уручча». Добрыя эмоцыі, незласлівыя жарты, прадчуванне лёгкіх інтрыг – усё гэта папярэднічала старту. І вось раздадзены карты, агучаны легенда і правілы бяспечных паводзін у дарозе, і пасля каманды «старт» шукальнікі прыгод адпраўляюцца ў няблізкі свет...

Сам сабе пажадаў сваім новым знаёмым удачы і звярнуўся да загадчыцы мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» Ліліі Норка: як музейныя работнікі ўспрынялі той факт, што менавіта гонкай «Зіма мінус 100» быў дадзены старт святкаванням у рамках года Купалы?

– Мы як філіял працуем па праграме Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, – паведаміла Лілія Уладзіміраўна. – Сёлета будуць ладзіцца традыцыйныя ўжо святы – Купалле, паэтычныя чытанні, студэнцкія злёты. З задавальненнем прымаем у музеі групавыя экскурсіі і асобных наведвальнікаў. Толькі што ў Мінску прайшла юбілейная імпрэза, а тут і мы спатрэбіліся. Багаты на снег дзень, стары Новы год, вялікая колькасць бадзёрых маладых людзей… Зрэшты, мы вельмі цесна кантактуем з турыстычнымі суполкамі сталіцы, з салігорскімі аматарамі здаровага ладу жыцця і прыхільнікамі нацыянальнай культуры. Хацела б дарослых і юных маладзечанцаў запрасіць як мага часцей наведваць музей. У Вязынцы можна дакрануцца да гісторыі, павандраваць па жывапісных мясцінах. Словам, з карысцю правесці час.

Фото: Александр Лозовский.