Новости Молодечно и Молодечненского района

Медали и кубки воспитанников молодечненских спортивных школ

  • 2017-12-13 06:37:54
  • Вячаслаў Табулін


У вагавой катэгорыі звыш 70 кг вызначыўся До В’ет Зунг (на здымку). Юнак вучыцца ў восьмым класе гімназіі №6. І хаця ўпершыню ўдзельнічаў у спаборніцтвах такога ўзроўню, не разгубіўся перад больш вопытнымі спартсменамі. Усе паядынкі ён правёў без паражэнняў і заняў у сваёй узроставай групе першае месца.

— Зунг адносна нядаўна займаецца ў нашай спартыўнай школе, — пракаменціраваў поспех юнага спартсмена трэнер Сяргей Панцюхоў. —Але любоў да ўсходніх адзінаборстваў, старанне, уменне дакладна вызначыць слабыя бакі саперніка хутка прынеслі яму поспех. Праз год заняткаў ён без асаблівых цяжкасцей выйграваў раённыя і абласныя турніры. Цяпер стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў. На трэніроўках выкладваецца на ўсе сто працэнтаў. Уважліва ставіцца да заўваг трэнера. Думаю, у бліжэйшы час ён зможа нароўні змагацца за медалі з мацнейшымі спартсменамі свайго ўзросту і на міжнародных спаборніцтвах.



Яшчэ шасцёра выхаванцаў школы сталі пераможцамі Кубка Беларусі па ушу. У іх ліку Яна Трацэўская, Максім Зелень, Данііл Завяртаны, Аляксандра Ярмоліна, Дзмітрый Грунічаў і Аляксандр Гісіч.
Літаральна за крок ад вышэйшай прыступкі п’едэстала гонару спыніўся яшчэ адзін наш перспектыўны спартсмен Данііл Ксяндзоў. Усё вырашаў фінал. У заключным паядынку ён прайграў чэмпіёну Еўропы Гаджымурату Агамаву з Віцебскай вобласці  і заняў другое месца. Сярэбраныя медалі заваявалі таксама Віктар Капліеўскі, Аніта Самаль, Андрэй Жыжнеўскі, Ангеліна Маркевіч. «Бронза» на рахунку Максіма Бубена, Руслана Бекінга, Мікіты Валасача.

Каманда маладзечанскіх коннікаў

СДЮШАР №2 прымала ўдзел у адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтвах па пераадоленні перашкод, што прайшлі на Магілёўшчыне ў вёсцы Гарадок.

Сярод сапернікаў нашых спартсменаў былі лепшыя прадстаўнікі ўсіх абласцей рэспублікі. А гонар Міншчыны і Гродзеншчыны абаранялі нават некалькі каманд. У ліку прэтэндэнтаў на прызавыя месцы былі і спартсмены Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і каняводства ў Ратамцы. Аднак кожны ўдзельнік мог разлічваць на поспех толькі ў тым выпадку, калі за мінімальны час паспяхова пераадолее хаця б адзін тэхнічны маршрут. Лепш за іншых гэта зрабіла наша зямлячка Веста Высоцкая. На маршруце №3 з вышынёй перашкод да 125 сантыметраў выхаванка СДЮШАР №2 на кані па мянушцы Каспер паказала лепшы вынік і заняла першае месца.

Упэўнена стартавала на маршруце №6 (вышыня перашкод 115 см) і яе сяброўка па камандзе Таццяна Белякова. На кані Азбука маладзечанка пераадолела дыстанцыю за 73,99 секунды. Але дапусціла дзве памылкі і заняла другое месца. Лідзіраваў на маршруце прадстаўнік Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце Максім Барысаў. Ён хаця і ўступіў Таццяне амаль 4 секунды, затое не дапусціў ніводнай памылкі.

Яшчэ адзін прадстаўнік Маладзечаншчыны Аляксей Сацук спаборнічаў на гэтым маршруце ў ліку ўдзельнікаў, якія выступалі на маладых конях узростам да 5-6 гадоў. На кані Канстанта ён таксама прайшоў дыстанцыю хутчэй за лідара, але дапусціў памылкі пры пераадоленні перашкод і заняў толькі сёмае месца.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.