Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечанец Сяргей Бурдукоў -- удзельнік трох Паралімпіяд!

  • 2017-03-15 11:05:30
  • Ірына Рабушка

У скарбонцы лёгкаатлета Сяргея Бурдукова больш за два дзясяткі ўзнагарод. За дасягненні ў спорце ён чатыры разы адзначаўся Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Але перш чым дасягнуць перамог і прызнання на міжнароднай спартыўнай арэне, яму давялося пераадолець сябе.

За руку з трэнерам

Жыццёвая дарога Сяргея Бурдукова ўхабістая і адначасова яркая. З нара-джэння на яго долю выпалі выпрабаванні – урачы адразу выявілі сур’ёзныя праблемы са зрокам. У сямігадовым узросце бацькі вымушаны былі аддаць Сяргея ў мясцовую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Варта заўважыць, што родам ён з Салігорска.
— Я вельмі сумаваў па блізкіх. Бачыўся з імі толькі на канікулах, — вяртаецца ў сваё дзяцінства Сяргей. – Сапраўдным выратаваннем для мяне стаў спорт.

Ён заўсёды быў рухавым і актыўным хлопчыкам, прычым з выдатнымі фізічнымі магчымасцямі. Верагодна, гэта не давала спакою і яго настаўніку фізкультуры А. Лямбовічу. Аднойчы Антон Альфонсавіч вырашыў паказаць свайго выхаванца Георгію Шэлегу (цяпер ён заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь), які меў вопыт работы з «асаблівымі» спартсменамі.
З гэтага моманту пачаўся шлях Сяргея ў вялікі спорт. Спрабаваў сябе ў скачках у даўжыню, вышыню і трайным, мнагаборстве і кіданні кап’я. У хуткім часе перамогі былі ў кожным з гэтых відаў. Прычым Бурдукоў выступаў на спаборніцтвах не толькі сярод спартсменаў з асаблівасцямі, але і ў змешаных турнірах з абсалютна здаровымі сапернікамі. Здольнасці навічка адразу заўважыў і Г. Шэлег.

— Амаль кожны дзень Георгій Сцяпанавіч прыходзіў у інтэрнат і забіраў на заняткі хлопчыкаў, якія захапляліся спортам, — успамінае Сяргей. — Нярэдка па дарозе мы дзяліліся з ім сваімі радасцямі і перажываннямі. Трэнер заўсёды падтрымліваў нас і гаварыў словы, неабходныя менавіта ў гэту хвіліну. У час трэніровак ён умеў сканцэнтраваць выхаванцаў толькі на спорце, нягледзячы ні на якія праблемы і цяжкасці. А пасля заняткаў адводзіў інтэрнатаўцаў «дамоў».     

Школа-інтэрнат для юнага спартсмена сапраўды стала другім домам. Тут ён вучыўся да адзінаццатага класа. І ўвесь гэты час займаўся ў Георгія Шэлега. Актыўна пачаў выступаць на спаборніцтвах з 12-гадовага ўзросту. Разам яны перамагалі на многіх турнірах ад рэспубліканскага да міжнароднага ўзроўню.

— Трэнер заўсёды заўважаў мае поспехі, хаця ў пахвале быў стрыманым. Маўляў, малайчына, але мог выступіць лепш. І гэта выклікала ў мяне сапраўдны азарт, — гаворыць субяседнік.

Стаўка на спорт

Пасля заканчэння школы-інтэрната Сяргей вымушаны быў спыніць спартыўную кар’еру — трэба было вяртацца ў родны Салігорск. У яго не было фінансавых і жыллёвых магчымасцей застацца ў Маладзечне. І тут зноў умяшаўся Георгій Сцяпанавіч. Ён настаяў, каб здольны выхаванец пераехаў у наш горад, дапамог з работай ва УП «ЭНВА» ГА «БелТІЗ», месцам у інтэрнаце. І зрабіў усё, каб Сяргей адна-віўся ў спорце.

Сярод самых важных для сябе стартаў С. Бурдукоў называе чэмпіянат свету сярод юніёраў 2005 года ў амерыканскім штаце Каларада. У скачках у даўжыню і кіданні кап’я спартсмен заваяваў адпаведна «золата» і «бронзу». Лёгкаатлета з Беларусі ўжо ведалі на арэне паралімпійскага спорту як моцнага сапер-ніка.       
— Чэмпіянат свету ў Амерыцы адметны для мяне яшчэ і тым, што менавіта тут я пазнаёміўся з выдатным паралімпійцам-плыўцом з нашай краіны Уладзімірам Ізотавым. Цяпер мы вялі-кія сябры, – гаворыць Сяргей. – Дарэчы, ён родам з Гомеля, трэніруецца ў Мінску.    

Лёсавызначальным стартам для сябе лёгкаатлет лічыць чэмпіянат Еўропы, які ў 2006 годзе праходзіў у Галандыі. Выступаў у скачках — трайным і ў даўжыню.

— У маёй скарбонцы ўжо было нямала перамог па гэтых дысцыплінах, але ў Галандыі п’едэстал мне не скарыўся, — заўважае спартсмен. – Няўдача мяне загартавала, і я пачаў трэніравацца яшчэ больш. Штодзень замест адной трэніроўкі – дзве, якія доўжыліся па тры гадзіны. Я зрабіў стаўку на спорт і кінуў работу на «БелТІЗе».

Паралімпійскія шляхі

На спартыўным шляху Бурдукова былі тры Паралімпіяды – у Пекіне (2008), Лондане (2012) і Рыа-дэ-Жанэйра (2016). Да ўсіх гэтых стартаў яго рыхтаваў таксама Георгій Шэлег. І не хапала спартсмену, як кажуць, паўкроку да п’едэстала. Найлепшы вынік быў у Англіі — чацвёртае месца ў трайным скачку. Да «бронзы» не хапіла двух сантыметраў. У Кітаі Сяргей быў пятым у трайным скачку і ў даўжыню, як і ў Рыа-дэ-Жанэйра ў скачку ў даўжыню. Але гэта, безумоўна, важкія дасягненні, бо ён абышоў дзясяткі сапернікаў і ў чарговы раз пераадолеў сябе.

— Кожнае спаборніцтва для мяне ўрок і штуршок для далейшага развіцця, — зазначае лёгкаатлет. – Паралімпіяды пакінулі асабліва яркі след у маёй памяці. Гэта і адчуванне павагі да спарт-сменаў, і новыя знаёмствы, і атмасфера той ці іншай краіны. Напрыклад, вельмі ўразіла шчырасць і гасціннасць кітайцаў і тое, як добра яны размаўляюць па-руску. У рускамоўных дэлегацый не было ніякага моўнага бар’еру. У Паднябеснай валодаюць рускай мовай нават звычайныя прадаўцы на рынках.

Праз церні

З гэтага года Сяргея трэніруе Ігар Фартунаў, які таксама прайшоў цярністы шлях да перамог. Дарэчы, ён дапамагаў Георгію Шэлегу рыхтаваць лёгкаатлета да Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. Нават суправаджаў яго ў Бразілію. Цяпер Фартунаў і Бурдукоў узялі курс на чэмпіянат свету, які ў ліпені пройдзе ў Англіі. Спартсмен выступіць у скачках у даўжыню і спадзяецца, што на гэты раз п’едэстал скарыцца яму.

— У Лондан абавязкова вазьму шыпоўкі, якія лічу своеасаблівым талісманам, — гаворыць Сяргей. – Цяжка падлічыць, колькі спартыўнага абутку я знасіў, а гэтыя – японскія – аказаліся самымі трывалымі.

… Сяргей працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, дзе займаецца завочна на другім курсе. Яго будучая спецыяльнасць – трэнер па лёгкай атлетыцы. Сёлета яму споўніцца 30 гадоў, але ён па-ранейшаму перакананы, што лепшыя старты ў яго спартыўнай кар’еры наперадзе.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.