Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечанцы выступалі на турніры «Снежны снайпер»

  • 2017-02-20 11:08:28
  • Вячаслаў Табулін

Шлях да фіналу быў нялёгкім. Ён пачынаўся з гарадскіх і раённых стартаў. Затым лепшыя стралкі і лыжнікі вызначаліся ў занальных спаборніцтвах. І толькі потым, калі ў барацьбу паміж сабой уключаліся мацнейшыя юныя біятланісты вобласці, праводзіўся адбор на рэспубліку.

— Мы падрыхтавалі ў гэтым сезоне моцную каманду, — расказвае метадыст фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маладзечанскага раёна Уладзімір Агеенка. — Вучні СШ №14 Антон Бурак і Аляксей Емяльянаў, а таксама Карына Лабыш і Таццяна Андрыянава з Радашковіцкай сярэдняй школы паказалі выдатныя вынікі на раённых і занальных спаборніцтвах. У Лагойску, дзе праходзілі абласныя старты, нашы выхаванцы ўступілі толькі гаспадарам. Цяпер чакаем ад іх удалага выступлення на фінальных стартах у Раўбічах.

З гэтага года ў падрыхтоўку юных біятланістаў раёна былі ўнесены значныя карэктывы. Калі раней стральба з пнеўматычнай вінтоўкі праводзілася перад пачаткам лыжных гонак асобна ў ціры, то цяпер усё было амаль як на сапраўдным біятлонным турніры. На стадыёне фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі аргані-
затары абсталявалі агнявы рубеж і паклапаціліся аб спецыяльных мішэнях. А побач на лыжнай трасе быў прадугледжаны нават штрафны круг.

Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — адзін з самых маштабных і паспяховых праектаў клуба. З моманту свайго нараджэння ў 2007 годзе турнір заняў лідзіруючую пазіцыю па масавасці сярод падобных спаборніцтваў. Пры гэтым у ім удзельнічаюць юныя аматары біятлона, якія не навучаюцца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. Па колькасці прызоў і падарункаў удзельнікам «Снежны снайпер» не ўступае самым прэстыжным міжнародным першынствам. Акрамя запаветных кубкаў, медалёў і дыпломаў кожны фіналіст атрымлівае цэлы камплект сувенірнай прадукцыі, а таксама ўсю неабходную форму для далейшых заняткаў любімым відам спорту.

Фота: Вячаслаў Табулін.