Відавочна, дзень розыгрышу ганаровага трафея, які носіць імя Руслана Салея, выбраны быў невыпадкова. Як вядома, менавіта пад нумарам 24 любіў выходзіць на лёд праслаўлены беларускі хакеіст. Неверагодна, але гэтыя лічбы засвяціліся і на электронным табло пасля фінальнай сірэны. Містыка ды і толькі! Але пра ўсё па парадку.
Пачатак гульні маладзечанскія «зубры» правялі, як і належыць гаспадарам, упэўнена і з вялікім жаданнем першымі адкрыць лік. Госці, наадварот, дзейнічалі асцярожна, больш абараняліся. І ўсё ж адна з іх контратак магла скончыцца ўзяццем варот. Але шайба пасля моцнага далёкага ўдару праляцела міма.
Нарэшце на дзясятай хвіліне гульні гродзенцы парушаюць правілы і застаюцца ў меншасці. Двухмінутны штраф атрымлівае іх абаронца Аляксей Лебедзеў. «Зубры» за лічаныя секунды выкарыстоўваюць колькасную перавагу і адкрываюць лік — 1:0. Вызначыўся нападаючы Станіслаў Кучкін. Яшчэ некалькі спроб павялічыць лік у нашых хакеістаў, на жаль, не ўвянчаліся поспехам.
Пасля перапынку гульня набыла крыху іншы характар. Гродзенцы быццам успомнілі, што менавіта яны чэмпіёны краіны і да таго ж мінулагоднія фіналісты кубкавага розыгрышу. Крыху больш хвіліны спатрэбілася ім, каб закінуць шайбу. Аднак суддзя пасля прагляду відэапаўтору не залічыў яе. Праз пяць хвілін «Нёман» праводзіць чарговую выніковую атаку, гуляючы ў большасці, і аднаўляе раўнавагу — 1:1.
Госці па-ранейшаму працягвалі атакаваць. На гэты раз ужо часцей пачалі памыляцца «дынамаўцы». У выніку «Нёман» зноў выкарыстоўвае колькасную перавагу і выходзіць наперад — 1:2.
У пачатку заключнай дваццаціхвілінкі форвард «зуброў» Сяргей Багалейша аднаўляе раўнавагу — 2:2. У «дынамаўцаў» нарэшце з’яўляецца выдатны шанс пераможна завяршыць матч. Тым больш нашы хакеісты ў сярэдзіне трэцяга перыяду гулялі ў большасці. Але гульцы так захапіліся атакай, што «праглядзелі» контратаку саперніка, і гродзенцы ў меншасці закідваюць трэцюю шайбу — 2:3. А неўзабаве гаспадары прапускаюць і чацвёртую…
Як ні стараліся «дынамаўцы», але нават скараціць лік не ўдалося. Пасля фінальнай сірэны табло высвечвала лічбы 2:4. Перамога «Нёмана» — і кубак адпраўляецца ў Гродна.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.