Кабінет па скрынінгу – у паліклініцы №2
Са студзеня гэтага года на базе паліклінікі №2 (на "Спадарожнику") пачаў працаваць кабінет па скрынінгу раку. Пра яго работу расказалі галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Дар’я Калядзіч і яе намеснік па амбулаторна-паліклінічным раздзеле работы Уладзімір Сымановіч.
Скрынінг – спецыяльная праграма, комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні і выяўленні на ранніх стадыях анкалагічных захворванняў сярод пацыентаў з павышанай рызыкай. З 2011 года ў нашым раёне пачалася работа па рэалізацыі скрынінгавай праграмы сярод мужчын 50-65-гадовага ўзросту па выяўленні раку прастаты. У выніку сярэднія паказчыкі па захворваемасці сярод гэтай узроставай групы ў нашым раёне у 2-3 разы ніжэйшыя, чым сярэднія па вобласці. А гэта значыць, за сем гадоў нашым медыкам удалося прадухіліць цяжкія наступствы хваробы, уратаваць жыццё сотням мужчын.
Новы кабінет па скрынінгу, у якім працуе медсястра Наталля Марозава, створаны для прадухілення і ранняга выяўлення каларэктальнага раку (раку тоўстай і прамой кішкі). Ствараецца база даных пацыентаў з усяго раёна, якія па розных відах даследаванняў уваходзяць у групу рызыкі. Яны пройдуць спецыяльнае абследаванне. Для гэтага будуць закуплены тэст-сістэмы, рэактывы. Медыкі адзначаюць, што гэты від раку нярэдка выяўляецца ў запушчанай форме, сярод пацыентаў шмат людзей працаздольнага ўзросту. Таму і наспела неабходнасць стварэння кабінету скрынінгу, работа якога накіравана найперш на прафілактыку гэтага цяжкага захворвання.
Хіміятэрапія – па месцы жыхарства
На сустрэчы з маладзечанцамі ў райвыканкаме начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля Баярская паведаміла, што ў другім паўгоддзі 2018 года ў нашым горадзе, а таксама ў Салігорску і Барысаве на базе цэнтральных раённых бальніц адкрыюцца анкалагічныя хіміятэрапеўтычныя аддзяленні. Такая задача была пастаўлена перад медустановамі на адной з калегій Міністэрства аховы здароўя, і яна адпавядае жаданню людзей атрымліваць гэты від дапамогі па месцы жыхарства. Плануецца, што на базе нашай ЦРБ будзе створана не менш за 15 ложка-месцаў для праходжання хіміятэрапіі.
Таксама прынята рашэнне аб закрыцці стацыянара Вілейскага анкалагічнага дыспансера, які знаходзіўся ў будынку былой турмы, узведзеным яшчэ у 1856 годзе. У бліжэйшых планах – стварэнне ў Вілейцы сучаснага скрынінгавага цэнтра, які дазволіць выяўляць рак на ранніх стадыях.
Своечасова звяртайцеся да ўрача
Сёння ў ЦРБ працуюць тры ўрачы-анколагі: два ў паліклініцы №1 і адзін у паліклініцы №2. На ўліку ў іх знаходзіцца звыш 4,5 тысячы пацыентаў, якія хварэюць на анкалагічныя захворванні. Першае месца сярод іх займае рак скуры, шмат выпадкаў раку лёгкіх, страўнікава-кішачнага тракту, малочнай залозы ў жанчын.
Медыкі асабліва падкрэсліваюць, што сёння многія віды раку добра паддаюцца лячэнню, сучасны ўзровень медыцыны гарантуе высокі працэнт выжывальнасці, забяспечвае нармальную якасць жыцця. Але гэта магчыма тады, калі пацыент своечасова звяртаецца да ўрача. На жаль, некаторыя адцягваюць візіт да анколага, баяцца, прыслухоўваюцца да парад знаёмых ці інтэрнэта і тым самым губляюць каштоўны час. Ранняе выяўленне раку – найпершая гарантыя паспяховага лячэння.