31.01.2017 9:51

Санаторыі чакаюць дарослых і дзяцей

Што трэба ведаць тым, хто плануе падлячыцца ў беларускіх здраўніцах?

Отдых в санатории. Отдых в санатории. "Маладзечанская газета"

У прыярытэце — дзеці

— Майму сыну восем гадоў. Часта хварэе, нядаўна два разы запар перанёс пнеўманію. Мы ўзялі ў паліклініцы даведку, што ён мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. Падкажыце, куды яго лепш адправіць? — звярнулася заклапочаная матуля да галоўнага спецыяліста прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Маладзечанскім раёне Антаніны Рынкевіч.

— Парэкамендую вам санаторый «Радуга», што ў Бабруйску. Там выдатная лячэбная база і вельмі добры догляд дзяцей, якіх прымаюць з 4 гадоў, — прапанавала Антаніна Уладзіміраўна. — Ваш сын не адстане ў вучобе, як і ва ўсіх санаторыях, там прадугледжана навучанне. І падручнікі з сабой везці не трэба, імі забяспечаць. Тэрмін лячэння – 21 дзень, пуцёўка, як і ва ўсе дзіцячыя санаторыі, бясплатная.

— Нам падыходзіць! – узрадавалася жанчына.

Галоўны спецыяліст па аздараўленні нагадала ёй, што з заявай трэба звярнуцца ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы работы.

Новы этап аздараўленчай кампаніі распачаўся. Па словах Антаніны Рынкевіч, на першы квартал атрымана такая ж колькасць пуцёвак, як і ў мінулым годзе. Дарэчы, летась за кошт сродкаў дзяржаўнага страхавання змог паправіць здароўе 841 чалавек, з іх 511 дзяцей, якія заўсёды знаходзяцца ў прыярытэце. Галоўны спецыяліст адзначае, што ў першым квартале павялічылася колькасць пуцёвак для сумеснага знаходжання маці і дзіцяці. Калі летась іх выдзялялася ўсяго 3-4 на квартал, то цяпер – 12. У многіх здраўніцах створаны аддзяленні маці і дзіцяці. Гэта «Сонейка» (Слуцкі раён), «Чонкі» (Гомельская вобласць), «Рассвет» (Любанскі раён), «Парэчча» (Гродна), «Алеся» (Брэсцкая вобласць). З мінулага года беларусы сталі актыўна ездзіць у санаторый маці і дзіцяці «Місхор» у Крыме. Для дзяцей пуцёўкі бясплатныя, маці плацяць 15 працэнтаў ад кошту. Акрамя таго, дарогу трэба аплачваць самім.

Калі ў беларускія здраўніцы маці едуць з дзецьмі-дашкольнікамі, то ў «Місхор» — любога ўзросту, прычым бываюць пуцёўкі для маці з дваімі дзецьмі.     

На канікулах многія хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць школьныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. У час зімніх працаваў 21 такі лагер, адпачылі 928 дзяцей.

Кошт пуцёвак вырас

Нялішнім будзе нагадаць, што камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні павінны быць створаны на ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях, дзе працуе больш за пяць чалавек, незалежна ад формы ўласнасці. Калі калектыў меншы, трэба назначыць адказнага за захаванне і выдачу пуцёвак.

Па лініі дзяржаўнага страхавання работнік можа паехаць у санаторый, калі наймальнік плаціць за яго страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для атрымання пуцёўкі трэба звярнуцца з заявай у камісію, прад’явіць адпаведную медыцынскую даведку з паліклінікі.

Кошт пуцёвак у санаторыі Беларусі вырас у параўнанні з мінулым годам на 10-15 працэнтаў. У сярэднім ён складае 700 рублёў, а ў санаторыі, якія належаць Упраўленню справамі Прэзідэнта, – 1200 рублёў. Шкала, па якой вылічваецца частковая даплата за пуцёўкі, не змянілася.

Што прадугледжана для ветэранаў працы?

Непрацуючым ветэранам працы ў пераважнай большасці выдзяляюцца пуцёўкі ў здраўніцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: «Беразіна» (Барысаў), «Ясельда» (Пінск), «Белая вежа» (Камянецкі раён), «Вяжуці» (Маладзечанскі раён).

Як падкрэслівае галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Ларыса Баран, права на першачарговае атрыманне пуцёвак маюць інваліды І і ІІ груп, якія ў парадку чаргі могуць аздаравіцца не часцей, чым раз за два гады.

Выдзяляюцца таксама пуцёўкі пенсіянерам і служачым сілавых структур, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку дзецям, якія жывуць на тэрыторыі з перыядычным радыяцыйным кантролем.

Каб стаць на ўлік на атрыманне пуцёўкі, ветэранам працы трэба звярнуцца да Л. Баран і прадставіць медыцынскую даведку з паліклінікі, пашпарт, працоўную кніжку, пенсіённае ці інваліднае пасведчанне.    

Спецыялісты па аздараўленні пераканаўча просяць інвалідаў і ветэранаў працы, якія стаяць на чарзе на атрыманне пуцёвак, абавязкова паведаміць, калі ў іх змяніўся нумар дамашняга тэлефона.

Галоўныя спецыялісты ПМАУРЦ па Маладзечанскім раёне знаходзяцца па адрасе: вул. Прытыцкага, 5, каб. 111.

Прыёмныя дні для арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, індывідуальных прадпрымальнікаў — панядзелак, серада з 9.00 да 12.00, тэл. 77-17-64.

Для непрацуючых ветэранаў працы – аўторак, чацвер з 9.00 да 13.00, тэл. 77-79-25.

Прочитано 1757 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.