13.07.2020 10:55

Ветераны молодечненского спорта проехали на велосипедах 147 километров

Клуб ветэранаў спорту і турызму распачаў сезон велападарожжаў па родным краі. Маладзечаншчына, Вілейшчына, Смаргоншчына… Помнікі, умацаванні Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў – маршрут нашых землякоў склаў 147 кіламетраў. Салідная дыстанцыя, асабліва калі ўзрост удзельнікаў паходу — ад 59 да 74 гадоў.

У час велапаходу. У час велапаходу.

Кіраўніком групы быў Міхаіл Шульжыцкі, старшыня клуба ветэранаў спорту. Ён з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па спартыўным арыентаванні, як і ўдзельнікі паходу Таццяна Андронава, Патах Патахаў, неаднойчы пераадольваў марафонскія дыстанцыі. Іван Апанасевіч і Антаніна Аляксандрава прымалі ўдзел у пешых і велапаходах, у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, турыстычных злётах. Адным словам, усе яны вопытныя турысты, якія не стаміліся ад падарожжаў, штогод імкнуцца ад-крываць для сябе невядомыя раней мясціны. І для гэтага зусім неабавязкова ехаць за трыдзевяць зямель…

Першы прыпынак велатурысты зрабілі ў Лебедзеве, пакланіліся помніку загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам. Затым палюбаваліся старажытным вязам у вёсцы Талуі Маркаўскага сельсавета. Мяркуецца, што гэта дрэва XV-XVI стагоддзяў, яно знаходзіцца пад аховай дзяржавы як помнік прыроды.

У Смаргоні маладзечанцы спыніліся ля мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну. На ўскрайку райцэнтра пабывалі на месцы Залатой горкі, якую рускія салдаты адбілі ў немцаў незвычайным спосабам: зрабілі падземны падкоп і ўзарвалі. Непадалёк знаходзіцца яшчэ адно сімвалічнае месца – мемарыяльны комплекс «Пераправа». Менавіта адсюль у ліпені 1944-га нашы войскі пачалі штурм і вызвалілі Смаргонь ад фашысцкіх захопнікаў.

— Начлег у нас быў на беразе Віліі. Не паспелі паставіць палаткі, як пачалася навальніца з градам. Але нам не прывыкаць: і лагер разбілі, і грэцкую кашу з тушонкай на агні зварылі. А ў сем раніцы купаліся ў Віліі, — дзеліцца ўражаннямі Антаніна Аляксандрава.

У раёне садовага таварыства «Завелле» нашы турысты адшукалі нямецкія абарончыя ўмацаванні Першай сусветнай вайны. Знаходзілі іх і далей, калі рухаліся па лініі Заходняга фронту. Доўга шукалі двухпавярховы падземны нямецкі штаб у лесе ля вёскі Бярозы. Дапамаглі яго знайсці мясцовыя хлопчыкі, якія па непралазных гушчарах правялі і паказалі гэту пабудову.

Наступны прыпынак – вёска Заброддзе, дзе знаходзіцца адзіны ў Беларусі мемарыяльна-этнаграфічны комплекс, прысвечаны памяці падзей Першай сусветнай вайны. Словы ўдзячнасці выказалі маладзечанцы гаспадарам комплексу мастаку, краязнаўцу Барысу Цітовічу, яго жонцы Валянціне за тое, што захоўваюць памяць пра гераічнае мінулае нашага краю. Турысты дапамаглі ім па гаспадарцы, а як узнагарода за працу – смачнае казінае малако…

— Наш паход атрымаўся вельмі насычаным і цікавым. Мы адчулі атмасферу часоў Першай сусветнай вайны, даведаліся шмат новага, бо па такім маршруце падарожнічалі ўпершыню, — гавораць ветэраны спорту.

Яны спадзяюцца, што ў гэтым сезоне яшчэ пакруцяць педалі. Цяпер складаюць маршруты па малых аддаленых вёсках, у якіх не засталося жыхароў, а таксама па крыніцах Беларусі.


Фота: архіў КЛУБА ВЕТЭРАНАЎ СПОРТУ І ТУРЫЗМУ.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/zdorove-i-sport/item/7217-veterany-molodechnenskogo-sporta-proekhali-na-velosipedakh-147-kilometrov.html#sigProId6d8f1f3bb7
Прочитано 515 раз Последнее изменение 13.07.2020 10:55
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить