Балельшчыкі нашай футбольнай каманды маюць поўнае права лічыць гарадскі стадыён лепшым па якасці ў раённых гарадах першай лігі 2020 года. Пра гэта сведчаць яго ўмяшчальнасць, архітэктурны вы-гляд адміністрацыйнага корпуса, наяўнасць даху над супрацьлеглай трыбунай.
Прыведзены да такіх стандартаў стадыён быў яшчэ ў дзевяностыя гады. Успомнім, што ў сезонах 1996 і 1997 гадоў тут праводзілі еўракубкавыя матчы мінскія калектывы. Стадыён «Дынама» быў закрыты на адну са сваіх рэканструкцый, а іншых якасных арэн у сталіцы не было. На гульні ў Маладзечна прыязджалі «Бешыкташ» з турэцкага Стамбула, «Ротар» з расійскага Валгаграда, шведскі «Хельсінг-борг» і іншыя цікавыя дружыны.
Прыкладна дзесяць гадоў таму паляпшэнне якасці нашага стадыёна было прафінансавана рэспубліканскай федэрацыяй. Адбываліся міжнародныя сустрэчы юнацкіх зборных Беларусі, хлапчуковых і дзявочых.
Восенню 2009 года дзве гульні ў рамках афіцыйнага адборачнага турніру правяла маладзёжная зборная краіны. Тая самая, якая потым у фінальным турніры чэмпіянату Еўропы зойме трэцяе месца і атрымае права прадстаўляць Беларусь на Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане!
Прапануем чытачам зводную табліцу з назвамі каманд і інфармацыяй аб колькасці жыхароў у гэтых гарадах (узята з інтэрнэт-крыніц), а таксама інфармацыяй аб умяшчальнасці іх стадыёнаў.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.