11.12.2019 9:29

З кім футбольны клуб «Маладзечна» будзе выступаць у першай лізе?

Маладзечанскі клуб афіцыйна ўключаны ў спіс удзельнікаў чэмпіянату першай лігі 2020 года. Пра гэта гаворыцца ў лісце за подпісам начальніка дэпартамента па правядзенні спаборніцтваў рэспубліканскай федэрацыі.

Балельшчыкі ўжо чакаюць новых падзей, а значыць, і новых уражанняў. Прапануем чытачам агляд каманд, якія стануць сапернікамі «Маладзечна».

Сярод іх двое прадстаўнікоў абласных цэнтраў, якія раней мелі значны аўтарытэт у беларускім футболе, выступалі ў еўракубках, але ў апошнія сезоны не могуць вытрымаць канкурэнцыю на прасторах вышэйшай лігі.

«Днепр» з Магілёва — лепшая з нашай рэспублікі абласная каманда ў савецкі час, чэмпіён краіны 1998 года. Сапернікаў прымае на стадыёне «Спартак» умяшчальнасцю 7350 гледачоў.

ФК «Гомель» — чэмпіён краіны 2003 года, уладальнік Кубка Беларусі ў 2002 і 2011 гадах. Дамашнія матчы каманда праводзіць на стадыёне «Цэнтральны», які змяшчае 14300 гледачоў. Арэна будавалася выключна для футбола без бегавых дарожак, тут выступала нацыянальная зборная.

Ёсць з паўднёвага абласнога цэнтра яшчэ адна дружына – «Лакаматыў», які адносіцца да прадпрыемства чыгункі.

Мінск у першай лізе прадстаўляе прыватны футбольны праект. Ранейшая назва «Крумкачы» шмат гаварыла аб нефармальным стаўленні да справы гаспадароў-бізнесменаў. Калі не хапала фінансавых сродкаў, то звярталіся да звычайных фанатаў, якія дапамагалі ўласнымі грашыма.

Будучым сапернікам стане і пасялковая каманда «Граніт» з Мікашэвіч, якая адносіцца да вядомага прамысловага прадпрыемства, а дамашнія матчы праводзіць у Лунінцы.
Выступяць на прасторах першай лігі 2020 года адзінаццаць прадстаўнікоў раённых цэнтраў: «Хваля» (Пінск), ФК «Орша», «Нафтан» (Наваполацк), ФК «Ліда», ФК «Маладзечна», «Хімік» (Светлагорск), «Спадарожнік» (Рэчыца), ФК «Слонім-2017», ФК «Смаргонь», «Арсенал» (Дзяржынск), «Ашмяны-БДУФК».

Найлепшую футбольную гісторыю за час суверэнных беларускіх чэмпіянатаў маюць новапалачане — двухразовыя ўладальнікі Кубка Беларусі (2009 і 2012 гады), удзельнікі еўракубкавых баталій.

Нядрэнная футбольная гісторыя і ў маладзечанцаў, якія пагулялі на ўзроўні вышэйшай лігі з 1992-га па 1999 год, а потым з 2001-га па 2003-ці. Найлепшы вынік – 4-е месца ў чэмпіянаце 1994/1995 гадоў (сістэма «восень-вясна»).

Сяргей ГАЙКОВІЧ.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

Прочитано 623 раз
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.