24.11.2017 7:45

Иммунитет -- лучшая защита от пневмонии

Якія першыя прыкметы пнеўманіі, хто знаходзіцца ў групе рызыкі і як абараніць сябе ад небяспечнай хваробы – пра гэта і многае іншае мы гаварылі з загадчыкам пульманалагічнага аддзялення бальніцы №2 ЦРБ Юрыем Левановічам.

Иммунитет -- лучшая защита от пневмонии "Маладзечанская газета"

Пульманалагічнае аддзяленне займае ўвесь чацвёрты паверх бальніцы №2. Пасля рамонту яно, як і лячэбная ўстанова ўвогуле, непазнавальна змянілася: светлыя сучасныя палаты, кабінеты і калідоры, зручная мэбля, неабходнае лячэбнае абсталяванне. Вялікая дапамога – грузавы ліфт, якога ў бальніцы раней не было. Цяпер не трэба цяжкахворых паднімаць на насілках.

Акрамя Юрыя Левановіча, які загадвае аддзяленнем з 2006 года, тут  працуюць два ўрачы: пульманолаг Таццяна Літвін і эндакрынолаг Святлана Скурко. Старшая медсястра Людміла Чыгір каардынуе работу сярэдняга медыцынскага персаналу. Кожную восень, і гэта не выключэнне, аддзяленне працуе ў напружаным рэжыме: з надыходам халоднага сезона назіраецца рост вострых рэспіраторных захворванняў, а значыць, і хвароб органаў дыхання. На сёння ўсе 60 ложкаў занятыя. Пятнаццаць з іх адводзіцца для пацыентаў з эндакрыналагічнымі, рэўматычнымі, алергічнымі і іншымі хваробамі. Па словах загадчыка, у сярэднім 10-13 працэнтаў пацыентаў, а ў сезон прастуды ў залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі і да 30 працэнтаў, лечыцца менавіта ад пнеўманіі. За дзевяць месяцаў сёлета такіх хворых было каля 500 чалавек.

— Юрый Пятровіч, у народзе гэту хваробу называюць запаленнем лёгкіх…
— Гэта і ёсць вострае запаленне лёгачнай тканкі, якое ў большасці выпадкаў узнікае
з-за таго, што ў лёгкія трапляюць шкодныя мікраарганізмы. Часцей назіраецца бактэрыяльная пнеўманія, больш рэдка – вірусная.

— Якая катэгорыя насельніцтва знаходзіцца ў групе рызыкі?   
—  Дзеці да пяці гадоў, у якіх яшчэ не выпрацаваўся імунітэт, і пажылыя людзі пасля 60-ці (у іх імунітэт зніжаецца з-за старэння арганізма). У іх найбольшая рызыка захварэць як на класічную, так і на цяжкую форму пнеўманіі, якая дыягнастуецца і лечыцца нашмат больш складана.

— Цяпер праходзіць вакцынацыя супраць грыпу. Варта спадзявацца, што прышчэпка дапаможа не захварэць і на пнеўманію, якая можа стаць ускладненнем пасля грыпу?
— Безумоўна. Прышчэпка ад грыпу – адзін з пунктаў прафілактыкі пнеўманіі.

— Неаднойчы ў СМІ гучала інфармацыя, што сёлета разам са звычайнымі вірусамі тыпу А і В ёсць небяспека ўзнікнення эпідэміі грыпу аналагічнай той, што назіралася ў 2009 годзе. Яе
ўскладненнем была вострая пнеўманія, якая ў шэрагу выпадкаў прыводзіла да лятальнага канца…
— Пасля 2009-га такія прагнозы гучаць штогод. Між тым сітуацыя не паўтаралася, сезонны эпідэміялагічны пад’ём вострых рэспіраторных захворванняў, пнеўманіі не перавышаў норму. Будзем спадзявацца, што і сёлета сітуацыя застанецца спакойнай.  

— Нагадайце, калі ласка, самыя тыповыя сімптомы пнеўманіі.
— Высокая тэмпература цела – да 40 градусаў, ліхаманка, якая, нягледзячы на лячэнне, трымаецца звыш трох дзён, захаванне ці нават узмацненне задышкі, з’яўленне крывахаркання, зніжэнне артэрыяльнага ціску, боль у вобласці грудной клеткі, адсутнасць апетыту, слабасць. Неабходна прыслухацца да арганізма — ён крычыць усімі магчымымі спосабамі, што нельга марудзіць і трэба звяртацца да ўрача, ні ў якім разе не займацца самалячэннем. Чым раней вы гэта зробіце, тым лягчэй будзе справіцца з хваробай. Трэба памятаць, што запушчаныя цяжкія формы пнеўманіі могуць прывесці да смерці. За гэты год у цэнтральнай раённай бальніцы было шэсць такіх выпадкаў. У пераважнай большасці з цяжкай формай паступаюць пацыенты, якія вядуць асацыяльны лад жыцця – алкаголікі, бамжы. Нядаўна памёр 35-гадовы мужчына, хаця для яго выратавання былі задзейнічаны ўсе магчымыя рэсурсы. Аднак з-за асацыяльнага ладу жыцця ў яго быў вельмі нізкі імунітэт, арганізм не справіўся.

— Колькі часу патрабуецца на лячэнне пнеўманіі?
— Ад 7 да 14 дзён, калі гэта так званая класічная пнеўманія. Аднак трэба ведаць, што лёгкія аднаўляюцца да паўгода. Таму вельмі важна выконваць усе рэкамендацыі ўрача.

— Нікому не хочацца хварэць, лячыцца ў стацыянары. Падкажыце, як у халодны сезон зберагчыся ад прастуды і вірусаў, што могуць перарасці ў пнеўманію?
— Рэкамендацыі даволі простыя, аднак не ўсе іх прытрымліваюцца. Па-першае, трэба берагчы свой імунітэт. А для гэтага неабходна правільна харчавацца, аддаваць перавагу натуральным прадуктам, а не фастфуду, каўбасам, газіроўцы, чыпсам, салодкім прысмакам. Важна праветрываць, увільгатняць памяшканні, асабліва цяпер, калі ўключылі батарэі. Слізістыя носа і рота не павінны быць сухімі, бо тады на іх хутчэй размнажаюцца шкодныя мікробы. Калі карыстаецеся ўвільгатняльнікам паветра, мыйце яго згодна з інструкцыяй, бо ён можа стаць крыніцай распаўсюджвання шкодных мікраарганізмаў. Не забывайце піць чыстую ваду. Нос можна арашаць спецыяльнымі спрэямі. Калі дома ці на рабоце хто-небудзь хварэе ці вы самі інфіцыраваныя, надзявайце маску, але памятайце, што яе трэба мяняць праз дзве гадзіны.  

— Юрый Пятровіч, вы загадваеце аддзяленнем з 2006 года. За мінулае дзесяцігоддзе вашы пацыенты сталі больш клапаціцца пра сваё здароўе?
— Скажу так: больш людзей стала разумець, што іх здароўе ў іх руках. Людзі даражаць сваёй работай, імкнуцца працаваць без бальнічных і прыходзяць да ўсведамлення, што арганізм трэба падтрымліваць, весці здаровы лад жыцця. Лічу, што для кожнага пацыента вельмі важна знайсці свайго ўрача, якому б яны давяралі, з якім бы была псіхалагічная сумяшчальнасць. Урача, да якога можна было б звярнуцца не толькі калі прыціснула хвароба, але і па параду, як яе папярэдзіць. На мой погляд, будучыня нашай медыцыны за сямейнымі ўрачамі, якія шмат гадоў ведаюць сваіх пацыентаў, назіраюць за іх здароўем і дапамагаюць падтрымліваць яго ў добрым стане.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 3152 раз Последнее изменение 24.11.2017 7:45
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.