20.07.2022 11:44

Перавага за суседзямі

ФК «Смаргонь» – ФК «Маладзечна-2018» 3:1.

Батраз Балікоеў (справа) імкнецца перашкодзіць сапернікам. Батраз Балікоеў (справа) імкнецца перашкодзіць сапернікам.

У турнірнай табліцы чэмпіянату першай лігі нашы геаграфічныя суседзі вядуць барацьбу за самыя высокія радкі ў турнірнай табліцы. Яны мяркуюць вярнуцца ў вышэйшую лігу, дзе выступалі годам раней. У іх складзе больш прафесійныя гульцы. Напрыклад, аўтар першага гола ў матчы Філіп Рудзік раней выступаў за нацыянальную зборную Беларусі і некалькі сезонаў правёў у чэмпіёнскім калектыве барысаўскага БАТЭ.

Адметнай рысай маладзечанскай каманды з’яўляецца малады ўзрост большасці футбалістаў. Пры належнай працы на трэніроўках і ў матчах праз год ці два яны таксама змогуць значна ўдасканаліць сваё майстэрства. Ды і ў гэтай сустрэчы нашы футбалісты мала ў чым уступалі апанентам. Удалося аднавіць раўнавагу ў ліку: пасля падачы вуглавога ў выкананні Паўла Расолькі самым увішным у чужой штрафной аказаўся наш абаронца Батраз Балікоеў, які любіць падтрымліваць атакуючыя дзеянні і забіў свой ужо трэці гол сёлета. Выхаванцу футбольнай школы Уладзікаўказа 21 год, раней ён гуляў за каманду з горада Чаркеска.
Вызначыла лёс матча перавага смаргонскіх футбалістаў у фізічнай падрыхтоўцы. Другі і трэці галы яны забілі на 82-й і 87-й хвілінах, калі маладзечанцам ужо не хапала сіл, каб паспяваць за перамяшчэннямі сапернікаў.

У наступным туры на гарадскім стадыёне прымаем серадняка турнірнай табліцы «Макслайн» з Рагачова. Сустрэча адбудзецца ў суботу, 23 ліпеня. Пачатак у 15.00.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 398 раз
Заимствованная инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.