03.04.2017 15:52

Як памаладзець з надыходам вясны

Сакрэты правільнага догляду скуры твару адкрыла слухачам народнага ўніверсітэта здароўя ўрач-касметолаг Жанна Топаль, якая  працуе ў касметалагічным кабінеце скурна-венералагічнага дыспансера. Яна расказала пра многія працэдуры, што карыстаюцца попытам у пацыентаў.

Як памаладзець з надыходам вясны "Маладзечанская газета"

Папіломы, бародаўкі, герпес

Пенсіянеры задавалі шмат пытанняў. Адно з іх – выдаленне бародавак, папілом, кератом, радзімак, расшыраных сасудаў. Урач зазначыла, што дабраякасныя новаўтварэнні выдаляюцца вадкім азотам ці метадам электракаагуляцыі. У некаторых выпадках перад такімі працэдурамі пацыентаў адпраўляюць на прыём да ўрача-анколага для пацвяр-
джэння, што новаўтварэнні не злаякасныя. Важна ведаць і тое, што гэтыя маніпуляцыі на твары праводзяцца толькі ў халодны перыяд, калі зніжана сонечная актыўнасць. Летам пашкоджаныя ўчасткі скуры могуць пігментавацца.

Што тычыцца папілом, то лепш не чакаць, пакуль яны разрастуцца па целе, а выдаліць, як толькі вы іх убачылі. Чым іх менш, тым хутчэй можна ад іх пазбавіцца (нават за адзін сеанс), і тым танней абыдзецца працэдура.

Пазбаўляюць у касметалагічным кабінеце і ад дэфектаў скуры, якія застаюцца ад герпесу. Урач зазначыла, што частае яго з’яўленне сігналізуе аб аслабленым імунітэце. Яго трэба ўмацоўваць, прымаць полівітамінныя комплексы. 

Каб твар быў свежым

Жанна Міхайлаўна сказала, што даць агульныя рэкамендацыі па доглядзе скуры твару складана, бо яна бывае розных тыпаў – нармальная, тлустая, сухая, камбінаваная. Касметолаг вызначае тып скуры пацыента, дае індывідуальныя парады догляду. Але ёсць і агульныя правілы, якія агучыла ўрач. Для мыцця твару пажадана выкарыстоўваць фільтраваную ваду, а калі няма фільтра – прахалодную кіпячоную. Нельга мыць твар мылам, бо яно ўтрымлівае шчолач, якая парушае PH-баланс, выклікае сухасць скуры. Лепш карыстацца спецыяльнымі сродкамі – пенкамі, гелямі, якія адпавядаюць тыпу скуры.

Крэмы таксама падбіраюцца ў залежнасці ад тыпу скуры, узросту. Урач нагадала, што наносіць начны крэм трэба за гадзіну да сну, дзённы – за гадзіну да выхаду на вуліцу.

Слухачы пыталіся, што з народных сродкаў можна выкарыстоўваць для догляду скуры твару. Касметолагі даволі скептычна да іх ставяцца. Прынамсі Жанна Міхайлаўна парэкамендавала толькі ачышчаць скуру кавалачкамі яблыка (яно павінна быць дамашнім, вырашчаным без хіміі) ці разрэзанай сырой бульбай. Пасля ачышчэння неабходна ўмыцца кіпячонай вадой пакаёвай тэмпературы.

Пры доглядзе скуры не трэба забывацца і пра рукі — наносіць на іх крэм, які ўвільгатняе.

Каб усмешка была непаўторнай

Вусны таксама патрабуюць пільнай увагі, бо скура на іх асабліва далікатная. Трэба карыстацца памадамі ці бальзамамі, якія ўтрымліваюць вітаміны А і Е і абараняюць вусны ад уздзейнічання холаду, ветру, сухога паветра ў памяшканнях. Заеды ў кутках рота  сведчаць аб аслабленым імунітэце, яны могуць быць як бактэрыяльнага, так і грыбковага паходжання. Каб вызначыць гэта, неабходна звярнуцца да ўрача, які назначыць адпаведнае лячэнне.

Ад сонца абароніць капялюшык

У Еўропе даўно ў модзе капелюшы з шырокімі палямі, і гэта вельмі правільна – яны абараняюць твар ад сонечных прамянёў, лічыць урач-касметолаг і дае параду дамам пераняць гэту моду. Нагадала яна і пра тое, што нельга загараць з 12 да 16 гадзін, бо ў гэты перыяд сонца асабліва агрэсіўнае. Яно пігментуе, высушвае скуру, а значыць, старыць яе. Нямала выпадкаў, калі пасля вяртання з паўднёвых краін дамы звяртаюцца да касметолага са скаргамі на сухасць скуры. Даводзіцца курсамі аднаўляць яе пры дапамозе альгінатных масак з калагенам і іншых працэдур.

Яшчэ адна слушная парада – з наступленнем сонечных дзён карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі з SPF-аховай не менш за 50.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 2225 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.