Новости Молодечно и Молодечненского района

Хоккеистов пригласили на спортивный праздник в интернат

  • 2018-03-14 13:14:23
  • Вячаслаў Табулін

Са спортам тут сябруюць па-сапраўднаму. Ёсць нават свае чэмпіёны. Паспяхова выступае на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, напрыклад, Ліза Пятрэнка. А Віктар Януцік удзель-
нічаў летась нават у еўрапейскім першынстве па бегу і трапіў у дзясятку мацнейшых юных атлетаў. На іх раўняюцца іншыя школьнікі. Таму жадаючых удзельнічаць у спартландыях, іншых мерапрыемствах заўсёды шмат.

На гэты раз паказаць свае хуткасць і спрыт выйшлі хлопцы. Падтрымаць лепшых спарт-
сменаў школы-інтэрната сабраліся амаль усе навучэнцы. А якое ж свята без сяброў? Вырашылі запрасіць і сваіх шэфаў — хакеістаў «Дынама-Маладзечна». І хаця «зубры» напярэдадні правялі напружаны матч рэгулярнага чэмпіянату Беларусі, гульцы каманды Арцём Лагуноў, Ілья Летаў і Канстанцін Казлоўскі падтрымалі сваіх юных сяброў не толькі каштоўнымі парадамі, але і асабістым прыкладам. Яны таксама прынялі ўдзел у спартландыі.

Гэта надало асаблівы дух спаборніцтвам. Навучэнцы школы-інтэрната імкнуліся паказаць кумірам свае лепшыя якасці. І хаця выдатна падрыхтаваныя фізічна хакеісты з самага пачатку задалі высокі тэмп, іх маленькія сябры не адставалі.

— Зразумела, каб так віртуозна валодаць клюшкай, як гэта робяць гульцы хакейнай каманды нават у спартыўнай зале, нам яшчэ трэба шмат трэніравацца, — адзначыў Віктар Януцік. — А вось паспаборнічаць з імі ў бегу нам цалкам па сілах. Напярэдадні спартландыі мы трэніраваліся, каб дастойна выглядаць на гэтым спартыўным свяце.

У барацьбе за перамогу абедзве каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў, і ў выніку перамагла дружба.

Працягвалася свята за салодкім сталом. Шэфы, як заўсёды, прыйшлі ў школу-інтэрнат не з пустымі рукамі. І, як заўсёды, пажадалі навучэнцам сябраваць са спортам, а таксама наведваць матчы з удзелам «зуброў» і падтрымліваць сваю любімую каманду.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.