Сапраўдны парад рэтра-аўтамабіляў прайшоў у мінулую суботу ў нашым горадзе. Маладзечанцы атрымалі магчымасць не толькі ўбачыць рарытэтныя мадэлі, выпушчаныя ў розныя гады вядучымі аўтавытворцамі свету, але і сфатаграфавацца побач з імі, пасядзець за рулём.
Аматарскае ралі старадаўніх машын «Олдтаймер-ралі Мінск 2017» ужо ў дзявяты раз праводзіцца ў Беларусі і ўяўляе сабой нескладанае спаборніцтва з элементамі хуткаснага манеўравання і спартыўнага арыентавання. У склад экіпажаў уваходзяць вадзіцель і штурман. Рэгламентам дапускаецца перавозка пасажыраў. Ралі складаецца з дарожных і дадатковых спаборніцтваў. Прыблізная працягласць маршрута -- 360 кіламетраў. Да ўдзелу дапускаюцца серыйныя аўтамабілі, выпушчаныя да 1 студзеня 1980 года.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў адбылося ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы. Затым калона з 46 рэтра-аўтамабіляў накіравалася ў бок Маладзечна. Дарэчы, сёлета маршрут ралі ўпершыню праходзіў праз наш горад. На паркоўцы ля спартыўна-забаўляльнага цэнтра ўдзельнікаў чакала спецыяльна падрыхтаваная траса, дзе яны спаборнічалі ў хуткасным манеўраванні. Канфігурацыя не была складанай, але на знаёмства з ёю вадзіцелю і штурману было дадзена толькі 15 секунд. Зразумела, многія не запомнілі маршрут і атрымалі «мінус». Сярод тых, хто справіўся з заданнем, быў міжнародны экіпаж у складзе расіяніна Руслана Гелаева і мінчаніна Аляксандра Шыкаўца, які выступаў на аўтамабілі вытворчасці ЗША «Меркуры». Хлопцы расказалі, што захапляюцца тэхнікай даўно. Гэты рарытэт прывезлі з Хабараўска. На аднаўленне пайшло каля года. Усе дэталі набывалі арыгінальныя, якія ім прысылалі з Амерыкі.
На Цэнтральнай плошчы маладзечанцы атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з аўтамабілямі і іх уладальнікамі. Удзельнікі ралі ахвотна расказвалі, як ім удаецца падтрымліваць набыты рарытэт у рабочым стане. Аказваецца, гэта справа не з простых і абыходзіцца не танна. Але любоў да старадаўняй тэхнікі перамагае. Асабліва калі аўтамабіль мае багатую гісторыю. Сярод прадстаўленых мадэляў вызначаліся легенда і галоўны спарткар Амерыкі «Шэўрале-Карвет» (машын было некалькі розных гадоў выпуску), «Чайка», якая ў свой час перавозіла кіраўнікоў Савецкага Саюза, «Мерседес-Бенц» Шцірліца і нават адзін з аўтамабіляў Бэтмана.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.