Новости Молодечно и Молодечненского района

Гандбол: сборная Беларуси победила швейцарцев в Молодечно (фото)

  • 2017-10-31 08:42:17
  • Вячаслаў Табулін

Сустрэча праходзіла ў рамках падрыхтоўкі каманд да чэмпіянату Еўропы, які стартуе 12 студзеня наступнага года ў Харватыі. У час яе ўрачыстага адкрыцця спартсменаў, а таксама балельшчыкаў (дарэчы, іх сабралася значна больш, чым маглі ўмясціць трыбуны спартыўнай залы для гульнявых відаў спорту) вітаў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі. Ён таксама ўручыў пасведчанні і нагрудныя знакі майстра спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь гульцам нацыянальнай зборнай, у ліку якіх Вячаслаў Салдаценка, Аляксей Шынкель і Вадзім Гайдучэнка.

Швейцарцы пачалі гульню вельмі дынамічна і ўдала завяршалі амаль кожную атаку. Дзякуючы трапным кідкам па варотах гаспадароў яны адразу павялі ў ліку. Таму ўсю першую палову матча беларускім гандбалістам давялося даганяць. Аднавілі раўнавагу нашы хлопцы амаль за некалькі секунд да перапынку (16:16).

У другім тайме каманды быццам памяняліся ролямі. Цяпер тон у гульні задавалі беларусы. Складвалася ўражанне, што ў саперніка ўжо не хапала сіл супрацьстаяць моцнаму напору нашай дружыны. Асабліва гэта было бачна на апошніх хвілінах матча. Пад дружныя воклічы балельшчыкаў беларуская каманда ўпэўнена завяршае сустрэчу, а электроннае табло фіксуе пераможны лік — 36:31.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер зборнай Швейцарыі Міхаэль Зутэр павіншаваў беларускіх гандбалістаў з перамогай і дадаў:

— Мы ўжо сустракаліся ў некалькіх таварыскіх матчах. Яны заўсёды атрымліваюцца відовішчнымі. Вельмі прыемна гуляць з камандай Юрыя Шаўцова. Гэта маладая вельмі моцная каманда, якая хутка прагрэсіруе. Сёння матч мы пачалі добра. Усё задуманае ўдалося ажыццявіць на пляцоўцы. Але зборная Беларусі гуляла моцна, асабліва ў другім тайме. У саперніка было па два гульцы на кожную пазіцыю. У нас, на жаль, многія адсутнічалі. Але мы не здаваліся і стараліся рабіць усё магчымае да апошняй хвіліны матча.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў:

— Нягледзячы на тое, што многа забілі, я не задаволены нападзеннем. Зусім не атрымлівалася гульня ў абароне. Шмат прапусцілі кідкоў з задняй лініі. Можна было мяняць абарону, але я гэтага рабіць не стаў. Мы павінны былі знайсці метад супраць гэтых моцных кідкоў. Але галоўнае, што перамаглі. Гульцы стараліся. Гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што мы на правільным шляху. У нас, як сказаў мой калега, на кожную пазіцыю па два гульцы. І ўсё ж матч паказаў, што ў нас яшчэ вельмі шмат работы. А часу да чэмпіянату Еўропы засталося зусім мала.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.