Як адзначыў трэнер зборнай Мінскай вобласці па жаночым футболе Сяргей Ляшчынскі, пры падрыхтоўцы да турніру дзяўчаты правялі 5-дзённы вучэбна-трэніровачны збор на базе фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маладзечанскага раёна. Сумесныя трэніроўкі дапамаглі юным спартсменкам адчуць сябе адной камандай, удасканаліць тэхніку, павысіць узровень майстэрства. Гэта і дазволіла паказаць нядрэнныя вынікі.
-- У спаборніцтвах удзельнічалі сем каманд, падзеленых на дзве падгрупы, -- расказаў трэнер. – Сталічная вобласць аказалася ў адной падгрупе з гаспадынямі турніру магіляўчанкамі, а таксама з саперніцамі з Гомельшчыны і Брэстчыны. Паршы матч з камандай з Магілёўскай вобласці гулялі ў дзень прыезду ў гарачае надвор’е. Дзяўчаты паказалі ўсе свае лепшыя якасці. Яны па-майстэрску абараняліся, не давалі саперніцам рэалізаваць галявыя моманты. У выніку баявая нічыя -- 0:0.
Лёс другога матча з камандай Гомельскай вобласці вырашыў хуткі гол у першым тайме, які забіла наша каманда. Лік 1:0 захаваўся да канца гульні. А вось моц каманды Брэсцкай вобласці падапечныя Сяргея Ляшчынскага недаацанілі. Яны стварылі шмат небяспечных момантаў ля варот саперніц, але самі прапусцілі крыўдны гол і ўступілі з лікам 0:1.
Такім чынам, нічыя і перамога дазволілі нашым спартсменкам па набраных ачках выйсці ў фінал, дзе яны гулялі з камандамі Мінска і Гродзенскай вобласці. Матч з сталічнымі футбалісткамі прадстаўніцы цэнтральнага рэгіёна прайгралі (0:1), а пасля гульні з камандай з Гродзеншчыны святкавалі перамогу (1:0).
-- Вынікам турніру мы задаволены, -- адзначыў С. Ляшчынскі. – Да гэтага некалькі гадоў заваёўваць прызавыя месцы на такіх спаборніцтвах нам не ўдавалася. Па выніках спартакіяды лепшым варатаром турніру была прызнаная Лізавета Сяўко з Міншчыны.
Фота: архіў Сяргея ЛЯШЧЫНСКАГА.