Новости Молодечно и Молодечненского района

Футбол: об итогах года и перспективе

  • 2018-11-15 14:17:59
  • Отдел информации.

Апошнія некалькі чэмпіянатаў сітуацыя ў камандзе была нестабільнай. Змяняліся асноўныя спонсары і трэнерскія штабы. Цяперашняя назва «Маладзечна-ДЮСШ-4» сведчыць пра тое, што фінансаванне ажыццяўляецца з раённага бюджэту, а ў складзе гуляюць нядаўнія выпускнікі нашай футбольнай школы.

Праўда, сезон, які завяршыўся, меў пэўную адметнасць. На пасаду галоўнага трэнера быў запрошаны 43-гадовы Аляксей Вяргеенка, якога добра ведаюць у футбольным асяроддзі краіны. На працягу 2012-2013 гадоў ён працаваў на чале маладзёжнай зборнай Беларусі, таксама некаторы час узначальваў юнацкую зборную, а ў 2009-м выконваў абавязкі галоўнага трэнера ў вядомым прафесійным клубе салігорскім «Шахцёры».

Сёлета за маладзечанскую каманду выступалі трое ўзроставых футбалістаў, якія пакінулі клубы вышэйшай лігі. Самы аўтарытэтны з іх – Алег Страхановіч (1979 г.н), які быў чэмпіёнам Беларусі ў складзе барысаўскага БАТЭ, чэмпіёнам Літвы ў складзе ФК «Каўнас», за зборную Беларусі правёў 15 матчаў.

Усяго ў другой лізе выступілі пятнаццаць каманд. На працягу сезона маладзечанцы не ўваходзілі ў дзясятку мацнейшых, але ў сваіх двух апошніх матчах атрымалі перамогі, ды яшчэ на выездзе: 27 кастрычніка супраць ФК «Клецк» -- 1:0, а 10 лістапада супраць «Бумпрам» (Гомель) -- 4:2. У выніку склалася вельмі незвычайная сітуацыя ў табліцы: каманды, якія занялі месцы з 9-га па 12-е, набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Іх давялося размяркоўваць па дадатковых паказчыках, а менавіта па выніках матчаў, якія правялі паміж сабой.

Аб цікавых навінах апошніх дзён расказаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Мікалай Шрымф:

-- У гэтым сезоне маладзечанская футбольная каманда існавала менавіта як спартыўная каманда без утварэння юрыдычнай асобы. Літаральна гэтымі днямі мы чакаем рэгістрацыі дзяржаўнай установы «Футбольны клуб Маладзечна». Гэта будзе самастойная юрыдычная асоба. Такая новая арганізацыя работы спатрэбіцца ў наступным чэмпіянаце. Мы ставім задачу змагацца за выхад у першую лігу.

Выніковая турнірная табліца

  1. Рух (Брэст) 28 73
  2. Крумкачы (Мінск) 28 72
  3. Спадарожнік (Рэчыца) 28 58
  4. Ашмяны-БДУФК 28 55
  5. ФК «Узда» 28 46
  6. ФК «Асіповічы» 28 40
  7. ФК «Івацэвічы» 28 39
  8. Вікторыя (Мар’іна Горка) 28 35
  9. Маладзечна-ДЮСШ-4 28 31
  10. Нёман-Агра (Стоўбцы) 28 31
  11. ФК «Клецк» 28 31
  12. СМІаўтатранс (Смалявічы) 28 31
  13. Энергетык-БДАТУ (Мінск) 28 25
  14. ФК «Горкі» 28 22
  15. Бумпрам (Гомель) 28 8

Пра ФК «Чысць»

Мінулы сезон (2017 год) стаў найлепшым у гісторыі для чысцінскіх футбалістаў. Выступаючы ў другой лізе, яны занялі другое месца і такім чынам заваявалі пуцёўку ў першую лігу. Сёлета адбыўся дэбют на новым узроўні.

Змагацца было вельмі няпроста. Трэнеры Руслан Лукін і Дзяніс Мятліцкі прагледзелі шмат футбалістаў, у асноўным выхаванцаў мінскіх футбольных школ. На жаль, кандыдатаў, якія рэальна маглі б дапамагчы на гэтым узроўні, не задавальнялі фінансавыя магчымасці чысцінскага клуба.

З пятнаццаці каманд -- удзельніц першай лігі чысцінцы сталі апошнімі, вымушаны будуць вяртацца ў другую лігу на наступны год. Каманда сёлета набрала 10 ачкоў, бліжэйшымі канкурэнтамі былі ФК «Баранавічы» (19 ачкоў) і пінская «Хваля» (25 ачкоў).

Сяргей ГАЙКОВІЧ.