Новости Молодечно и Молодечненского района

Это страшное слово «инсульт»

  • 2018-02-26 07:38:14
  • Анжаліка Крупянькова

Тэма яе зацікаўленай гутаркі са слухачамі была прысвечана інсульту, прычым акцэнт рабіўся на яго прафілактыку. Нагадаем, што заняткі ўніверсітэта здароўя раённы савет ветэранаў сумесна з ЦРБ праводзіць кожны апошні аўторак месяца ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва па вул. Таўлая, 4.  

Адно з самых цяжкіх захворванняў
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, інсульт – адно з самых цяжкіх захворванняў. На планеце ў год такі дыягназ ставіцца амаль 12 мільёнам чалавек. Урач зазначыла, што рызыка захварэць на яго павялічваецца пасля 30 гадоў. 95 працэнтаў ад усіх выпадкаў назіраецца ў людзей пасля 45-ці, дзве трэці ўсіх інсультаў прыпадае на пацыентаў 65 гадоў і старэйшых. Сярод тых, хто перанёс гэту хваробу, 70-80 працэнтаў становяцца інвалідамі, 20-30 працэнтаў не могуць абслугоўваць сябе без дапамогі іншых. Па смяротнасці інсульт стаіць на другім месцы пасля ішэмічнай хваробы сэрца.

У перакладзе з лацінскай – удар
Лацінскае слова «insultus» перакладаецца, як удар, наскок, напад. У медыцынскай тэрміналогіі яно азначае вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, у выніку якога пэўныя ўчасткі мозга не атрымліваюць належнага жыўлення, і нервовыя клеткі, размешчаныя на гэтых участках, пашкоджваюцца ці адміраюць. Разам з гэтым пакутуюць і тыя функцыі арганізма, за якія адказваюць пашкоджаныя інсультам участкі мозга.

Два віды: ішэмічны і гемарагічны
Ішэмічны – больш распаўсюджаная форма інсульту. Ён узнікае па прычыне закупоркі тромбам ці згусткам крыві сасуда, адказнага за кровазабеспячэнне мозга. Гемарагічны развіваецца на фоне павышанага артэрыяльнага ціску, працякае цяжэй. Яго прычына – разрыў мазгавога сасуда, у выніку чаго кроў пачынае накоплівацца ў сумежных тканках, цісне на нервовую тканку і тым самым парушае яе жыццядзейнасць.

Фактары рызыкі
На першым месцы сярод фактараў рызыкі Руслана Камкова назвала  артэрыяльную гіпертэнзію — «маруднага, ціхага забойцу». Калі павышаецца артэрыяльны ціск, развіваецца спазм сасудаў галаўнога мозга, што прыводзіць да парушэння кровазвароту, асабліва ў тых сасудах, якія пашкоджаны атэрасклератычнымі бляшкамі. Акрамя таго, сасуды мозга страчваюць сваю эластычнасць, павялічваецца рызыка іх разрыву. Небяспечныя таксама сардэчныя захворванні: розныя парушэнні сардэчнага рытму могуць справакаваць фарміраванне тромбаў. Сярод фактараў рызыкі — цукровы дыябет, у выніку якога ў сценках сасудаў пачынаецца запаленчы працэс, яны набухаюць і закупорваюцца, а таксама парушэнні згусальнасці крыві, анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, лішняя вага і няправільнае харчаванне, курэнне, злоўжыванне алкаголем і іншыя.

Тэст «твар – рука — маўленне»
Урач падрабязна расказала аўдыторыі пра сімптомы інсульту, асабліва падкрэсліла, што вельмі важна іх умець распазнаваць, каб у выпадку неабходнасці як мага хутчэй звярнуцца да медыкаў. Інсульт найчасцей здараецца раніцай ці ноччу. Яго першыя прыкметы: рэзкі і моцны галаўны боль, які можа суправаджацца млоснасцю, ірвотай, раптоўнае аняменне ці слабасць мышцаў твару, рукі, нагі, асабліва з аднаго боку цела, асіметрыя твару, цяжкасці артыкуляцыі ці ўспрыняцця маўлення, глытання, якія ўзніклі нечакана, рэзкае пагаршэнне зроку ў выглядзе выпадзення поля зроку, дваенне перад вачыма, рэзкае парушэнне каардынацыі рухаў, галавакружэнне. Найбольш цяжкія сімптомы – сутаргі, парушэнне дыхання.

Доктар расказала пра распаўсюджаны тэст «твар – рука — маўленне», які дапамагае выявіць прыкметы інсульту. Трэба папрасіць хворага ўсміхнуцца (пры інсульце адзін бок рота «папаўзе» ўверх,
другі застанецца нерухомым). Калі чалавек падніме рукі перад сабой, адна з іх застанецца ўнізе ці будзе паднятая не поўнасцю. Трэба яшчэ папрасіць яго сказаць што-небудзь. Калі маўленне няпра-
вільнае, няяснае – біце трывогу. Нават калі вы заўважыце адзін з сімптомаў, выклікайце хуткую дапамогу, папярэдзіла слухачоў лектар. Ад таго, наколькі своечасова і кваліфікавана будзе аказана медыцынская дапамога, залежаць наступствы хваробы. Не выключана поўнае аднаўленне парушаных функцый, але нярэдка гэта адбываецца толькі часткова (такія хворыя праходзяць рэабілітацыю з дапамогай фізіяпрацэдур, масажу, ЛФК). На жаль, у цяжкіх выпадках інсульт мае лятальны канец.

Кантроль ціску абавязковы
Асноўны прынцып прафілактыкі інсульту – пастаянны кантроль артэрыяльнага ціску. Урач заўважыла, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць нармальным ціск 120 на 80 мм. рт.сл., хаця раней для пажылога ўзросту дапускаліся і вышэйшыя паказчыкі. Калі ціск павышаны, з дапамогай лечачага ўрача неабходна падабраць лекавыя прэпараты для яго нармалізацыі, а таксама змяніць лад жыцця. Трэба  кантраляваць узровень глюкозы ў крыві, халестэрыну, адмовіцца ад шкодных звычак. Раз на год неабходна праходзіць прафілактычнае абследаванне. Таксама ўрач парэкамендавала дыету з нізкім утрыманнем солі і тлушчу. Вядома, што празмернае ўжыванне солі прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску. Неабходна абмежаваць ужыванне цукру, цукерак, белага хлеба, варэння, тлушчаў жывёльнага паходжання, смажанай, вэнджанай ежы. Малочныя прадукты павінны быць невысокай тлустасці. Аддавайце перавагу хлебу грубага памолу, салаты запраўляйце нерафінаваным алеем. Нельга забывацца пра рухальную актыўнасць, якая зніжае рызыку інсульту на 25-30 працэнтаў. Для людзей паважнага ўзросту будуць карысныя прагулкі чатыры разы на тыдзень па 40 хвілін, ранішняя гімнастыка.

Для добрага самаадчування важныя таксама бадзёры настрой, адсутнасць стрэсу. «Прачнуліся, усміхнуліся і пайшлі пакараць свет!» — заклікала сваіх уважлівых слухачоў Руслана Камкова, выступленне якой, дапоўненае відэапрэзентацыяй, было надзвычай пазнавальным і карысным.



Фота: Аляксей ПЛАТКО.