Новости Молодечно и Молодечненского района

«Дынама-Маладзечна» ўзяло рэванш

  • 2016-12-30 07:20:27
  • Вячаслаў Табулін

За другім паядынкам паміж «Юнацтвам» і маладзечанскімі «дынамаўцамі», што праходзіў у крытым катку ў парку імя Горкага ў суботу, можна было назіраць і на афіцыйным сайце «зуброў», дзе вялася прамая трансляцыя. Сёння камп’ютарная тэхніка дазваляе аматарам папулярнай у нашай краіне гульні значна эканоміць час і сачыць за гарачымі перыпетыямі на лядовых арэнах, як, дарэчы, і за падзеямі ў іншых відах спорту, не выходзячы з дома.
Ужо з першых секунд гульні маладзечанскія «зубры» паказалі гаспадарам, што выйшлі на лёд толькі з адной мэтай — перамагчы. Матывацыя дабіцца пастаўленай мэты ў нашых хакеістаў была вялікая. У выпадку паражэння сустрэча магла стаць для іх завяршальнай у гэтым сезоне. Таму губляць не было чаго. А вось гаспадары практычна ўвесь першы перыяд вымушаны былі трымаць абарону. Шмат давялося папрацаваць і галкіперу мінчан Аляксандру Транічаву, каб захаваць вароты сухімі. Асабліва небяспечнымі былі хвіліны, калі «зубры» гулялі ў большасці.
Не збаўлялі тэмп маладзечанцы і пасля перапынку. Нарэшце, іх агульныя намаганні прынеслі плён. Літаральна праз паўтары хвіліны пасля пачатку другога перыяду госці выкарыстоўваюць памылку абаронцаў «Юнацтва», і Антон Мохараў адкрывае лік — 1:0.

На жаль, замацаваць свой поспех «зубры» не змаглі. А магчымасць была выдатная, калі гулялі ў большасці. А вось мінчане скарысталі колькасную перавагу. Прычым двойчы, і заключны, трэці перыяд пачыналі ўжо з лікам 2:1 на сваю карысць.

Не больш за пяць хвілін пратрымаўся гэты лік на электронным табло. Нападаючы «дынамаўцаў» Раман Каскоў моцным дакладным ударам з сіняй лініі аднаўляе перавагу — 2:2.
Як ні стараліся абедзве каманды, авертайма не ўдалося пазбегнуць. Але і дадатковы час не вызначыў пераможцу гэтага паядынку. А ў серыі булітаў фартуна была ў той дзень на баку мала-дзечанскіх «зуброў». Пераможную шайбу запісаў на свой рахунак Арцём Зямлянкін — 3:2.

— Сёння з першых секунд было бачна, што каманда зараджана на добрую і магутную гульню, — пракаменціраваў перамогу сваіх падапечных галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Дзмітрый Краўчанка. — Разумелі: матч не будзе лёгкім ні для нас, ні для праціўніка. Таму, натуральна, мы вельмі рады выніку, бо гулялі супраць моцнага калектыву. Думаю, мы заслужылі гэту перамогу. Але каб мець перспектыву і прагрэсіраваць, кожнаму трэба яшчэ шмат вучыцца, развіваць сябе, працаваць яшчэ больш. Я не сумняваюся, што пры такім падыходзе мы зможам перамагаць грозных сапернікаў.   
Наступны матч «Дынама-Маладзечна» згуляе таксама на выездзе з камандай «Гомель».