Новости Молодечно и Молодечненского района

«Динамо-Молодечно»: задача -- занять призовое место

  • 2018-12-03 04:47:24
  • Соб. инф.



Каманды з верхняй паловы табліцы вясной будуць на дамашняй пляцоўцы распачынаць чвэрцьфінальныя серыі плэй-оф, і на ёй жа адбудзецца вырашальны матч серыі, калі, вядома, справа да яго дойдзе. Пакуль што перавага за гамяльчанамі. Яны правялі менш матчаў, а значыць, страцілі менш ачкоў. Многае вырашыцца ў асабістых сустрэчах з прадстаўнікамі паўднёвага абласнога цэнтра. Каб дабіцца перамог у гэтых сустрэчах, трэба паказаць сваю лепшую гульню. Такую, напрыклад, як 17 лістапада дома супраць салігорскага «Шахцёра».

Нашы хакеісты перамаглі аднаго з лідараў чэмпіянату з лікам 4:1. У гэтым матчы да сярэдзіны другога перыяду ішла роўная барацьба, цяжка было аддаць перавагу некаму з сапернікаў. І тут у гасцей не вытрымалі нервы. Адзін з іх хакеістаў прымяніў недазволены прыём, так званую «падножку». Тым не менш, шайба засталася ў «дынамаўцаў», і згодна з правіламі арбітры дазволілі прадоўжыць атаку. Літаральна праз шэсць секунд салігорцы зноў сфалілі, зноў з «падножкай». Арбітры вымушаны былі выдаліць адначасова абодвух парушальнікаў. «Дынама» пачало гуляць у большасці «пяцёра супраць траіх», і ўжо праз 35 секунд Арцём Зямлянкін трапным кідком з невялікай адлегласці рэалізаваў колькасную перавагу. Гэты гол унёс пералом у ход гульні, гаспадары сваю перавагу ўжо не страцілі.

Начальнік каманды «Дынама-Маладзечна» Дзмітрый Мельнік на пытанне аб задачах, якія пастаўлены перад хакеістамі ў лістападзе і снежні, сказаў так:

— У нас ёсць задача на ўвесь сезон – заняць прызавое месца. Гэта значыць, спачатку трэба будзе перамагчы ў чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф. Потым — яшчэ ў адной серыі: ці ў паўфінальнай, альбо за выніковае трэцяе месца. Цяпер, у рэгулярным чэмпіянаце, можна быць і ўнізе табліцы, але, зразумела, гэта непрымальны варыянт, бо тады ў плэй-оф трапім на моцнага саперніка. Таму ўжо цяпер трэба дэманстраваць належную якасць гульні і імкнуцца да больш высокіх радкоў у табліцы.

Абаранялі колеры зборнай

Добра ў гэтым месяцы паказалі сябе некаторыя хакеісты нашага «Дынама». Трое з іх былі выкліканы ў нацыянальную зборную на міжнародны турнір, які прайшоў 8-10 лістапада пад дахам «Чыжоўка-Арэны». Беларусы перамаглі Францыю — 5:2 і Славенію — 4:1, уступілі Латвіі — 1:2.

Малады варатар Аляксандр Асіпкоў (1997 г.н.) на лёд не выходзіў, для яго важны сам факт знаходжання ў складзе зборнай. Малады нападаючы Андрэй Бялевіч (1997 г.н.) згуляў у адным матчы са славенцамі. Нападаючы Артур Гаўрус 1994 г.н. правёў усе тры гульні, закінуў адну шайбу і аддаў дзве галявыя перадачы.

Па выніках усяго турніру Артур Гаўрус прызнаны лепшым нападаючым, адразу ж яму прапанавалі заключыць кантракт з мінскім «Дынама» з Кантынентальнай хакейнай лігі, што і было зроблена. Раней хакеіст за мінчан ужо выступаў, таму быў рады вярнуцца ў іх склад. Выступаў ён раней і за зборную Беларусі, правёў у яе складзе ўжо чатыры чэмпіянаты свету (2013, 2015, 2016 і 2018 гады).
Дарэчы, у складзе маладзечанцаў засталіся хакеісты таксама з вопытам выступлення на чэмпіянатах свету. Таксама чатыры разы на планетарныя форумы адпраўляўся абаронца Алег Гарошка (2011, 2012,
2013 і 2015 гг.), тры разы – нападаючы Аляксей Яфіменка (2013, 2014 і 2015 гг.), па разе – варатар Віталій Бялінскі (2013 г.) і абаронца Ілья Казнадзей (2013 г.).

Сяргей ГАЙКОВІЧ.