Новости Молодечно и Молодечненского района

«Динамо-Молодечно» выйграло у «Металлурга» с крупным счетом

  • 2017-01-16 05:23:37
  • Вячаслаў Табулін

І ўсё ж галоўная ўвага прысутных была звернута на лядовую арэну, дзе ў рамках чэмпіянату краіны праходзіў чарговы матч экстралігі паміж камандамі «Дынама-Маладзечна» і жлобінскім «Металургам». Сапернікі хаця і суседнічалі па турнірнай табліцы (пятае і шостае месцы адпаведна), да гэтай сустрэчы іх раздзялялі 14 ачкоў. Што тычыцца выступлення на чэмпіянаце, у «металургаў» сітуацыя складваецца не вельмі ўдала, калі не сказаць горш. У трох апошніх паядынках яны пацярпелі паражэнне. У маладзечанцаў — два пройгрышы і перамога над сталічным «Юнацтвам» па булітах. Дарэчы, папярэдняя сустрэча паміж «Дынама-Маладзечна» і «Металургам» адбылася ў Жлобіне і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:1.

Свой першы дамашні матч у новым годзе «дынамаўцы» пачалі з актыўных дзеянняў на ўсёй тэрыторыі лядовай пляцоўкі. Праз некалькі хвілін пасля стартавага ўкідвання шайбы яны ўжо валодалі тэрытарыяльнай і гульнявой перавагай. Госці аказаліся абмежаванымі ў сваёй зоне і працяглы час не маглі нічога супрацьпаставіць мала-
дзечанскім «зубрам». У цяжкім становішчы аказаўся галкіпер «металургаў» Павел Шэгала. Калі б не яго спрытнасць, лік мог быць адкрыты ўжо на трэцяй хвіліне гульні, калі на «пятачку» ўзнікла неразбярыха. Бліжэй да сярэдзіны першай дваццаціхвілінкі меў шанц вызначыцца Станіслаў Лапачук, які не трапіў у пустыя вароты. І толькі на 13-й хвіліне гаспадары распячаталі вароты «ваўкоў». Гэта зрабіў Мікіта Феакцістаў — 1:0.

У другім перыядзе жлобінцы таксама прыбавілі ў тэмпе і некалькі контратак маглі скончыцца ўзяццем варот. Вось тут і паказала сябе абарона «зуброў». Нават гуляючы ў меншасці, маладзечанцы захавалі свае вароты «сухімі». У самыя напружаныя моманты каманда дзейнічала ўпэўнена, паказала высокую арганізаванасць і ўзаемаразуменне паміж гульцамі.

За пяць хвілін да другога перапынку хакеісты «Дынама-Маладзечна» яшчэ двойчы парадавалі сваіх балельшчыкаў. Спачатку шайбу запісаў на свой рахунак Мікіта Міцкевіч, а потым аформіў дубль М. Феакцістаў — 3:0.

Заключны перыяд «дынамаўцы» пачыналі ў меншасці. Як ні стараліся «размачыць» лік хакеісты «Металурга», у іх нічога не атрымалася. Сапраўды вельмі арганізавана і прафесійна дзейнічала абарона гаспадароў. Высокае майстэрства прадэманстраваў і галкіпер каманды Міхаіл Карнавухаў.

Чым менш заставалася часу да фінальнай сірэны, тым больш бачна было, як страчваюць свае пазіцыі «ваўкі». У іх дзеяннях не хапала ўпэўненасці, адчувалася стомленасць. Складвалася ўражанне, быццам каманда наогул страціла цікавасць да гульні.

А вось «дынамаўцы» не спыняліся. Атакуючыя дзеянні зноў прынеслі плён. На гэты раз дубль у свой актыў запісаў Ягор Воранаў, яшчэ адна шайба на рахунку Дзмітрыя Амбражэйчыка. У выніку «Дынама-Маладзечна» атрымала ўпэўненую перамогу з лікам 6:0.

Трэнер «Металурга» Аляксандр Гаўрылёнак на пасляматчавай прэс-канферэнцыі такім чынам растлумачыў прычыны разгромнага паражэння каманды.

— Сапернік сёння быў хутчэйшым і больш нахабным. Гэта было бачна на працягу ўсёй гульні. Мы мелі моманты ў другім перыядзе. Добра пачалі гэты гульнявы адрэзак, прыціснулі саперніка, дзейнічалі некалькі разоў у большасці. Дзесьці проста трэба было забіць «пераломны» гол. Але захапіліся атакай і прапусцілі трэцюю шайбу. Пасля гэтага каманда не змагла наладзіць сваю гульню.

Наступны дамашні матч маладзечанскія «зубры» правядуць у нядзелю, 15 студзеня, з камандай «Нёман» (Гродна). Пачатак гульні  — у 17.00.

Фото: Вячеслав Табулин.