Новости Молодечно и Молодечненского района

«Динамо-Молодечно» начали год серией поражений. А в среду победили

  • 2018-01-19 12:15:19
  • Вячаслаў Табулін


9 студзеня ў сваім першым дамашнім матчы чэмпіянату Беларусі ў гэтым годзе «дынамаўцы» сустракаліся на роднай арэне з ХК «Гомель». Стартавая дваццаціхвілінка прайшла ў роўнай барацьбе, і вароты абедзвюх каманд заставаліся «сухімі».

У другім перыядзе гульня абвастрылася. Сапернікі стваралі небяспечныя моманты ля варот, але да завяршальнага гола справа не даходзіла. Так доўжылася да таго часу, пакуль нападаючы гаспадароў Руслан Журня не быў аштрафаваны на пяць хвілін за атаку саперніка каленам. Гамяльчане атрымалі колькасную перавагу на лёдзе і двойчы скарысталі яе. Увесь трэці перыяд «зубры» ўпарта атакавалі, але беспаспяхова. У выніку — 0:2 на карысць ХК «Гомель».
***
11 студзеня ў госці да маладзечанцаў прыехалі хакеісты «Нёмана».
Гаспадары хаця і валодалі ў першым тайме ініцыятывай, лік так і не адкрылі. Затое гродзенцам удалося двойчы запаліць чырвонае святло за варотамі галкіпера «зуброў» Міхаіла Карнавухава.
Скараціць лік маладзечанцы змаглі толькі ў заключнай дваццаціхвілінцы. Вызначыўся Ягор Воранаў — 1:2. Яшчэ заставаўся час, каб аднавіць раўнавагу і перавесці гульню ў авертайм. На жаль, не атрымалася.
***
Чарговае паражэнне «дынамаўцы» атрымалі ўжо на выездзе.
15 студзеня наша каманда гуляла ў Салігорску з «Шахцёрам». Матч праходзіў у роўнай барацьбе, і лік 1:1, які высвечвала электроннае табло ў сярэдзіне трэцяга перыяду, яскрава сведчыў аб гэтым. Затым сітуацыя на лёдзе рэзка змянілася. Спачатку гаспадары закінулі другую шайбу, а за 40 секунд да фінальнай сірэны нападаючы «Шахцёра» экс-«дынамавец» Аляксандр Мацярухін устанавіў канчатковы лік — 3:1 на карысць салігорскай дружыны.

Нарэшце перамога!

І вось толькі на гэтым тыдні хакеісты «Дынама-Маладзечна» парадавалі сваіх балельшчыкаў перамогай.
У чарговым дамашнім матчы, які праходзіў 17 студзеня, наша каманда прымала жлобінскі «Металург». Як ні стараліся «зубры», у першым перыядзе не змаглі адкрыць лік. Нават гуляючы ў большасці. Дарэчы, госці таксама не скарысталі ў гэтым матчы ніводнага моманту, калі мелі колькасную перавагу. У другім перыядзе іх пяцёрцы на працягу амаль дзвюх мінут супрацьстаялі трое «дынамаўцаў». І лік так і не быў адкрыты. Памылкі сваіх сяброў па камандзе выпраўлялі галкіперы, якія вельмі надзейна згулялі ў гэтым матчы.

Развязка адбылася ў трэцім перыядзе. Спачатку нападаючы Віталій Кірушчанкаў удала завяршае атаку «зуброў» — 1:0, а за 4 секунды да канца гульні адпраўляе шайбу ў пустыя вароты Арцём Зямлянкін — 2:0.

20 студзеня, каманда «Дынама-Маладзечна» прымае на сваёй лядовай арэне хакеістаў мінскага «Юнацтва». Пачатак матча — у 18.00.

Нагадаем: госці займаюць у турнірнай табліцы другое месца. Маладзечанцы замацаваліся на пятым.