Новости Молодечно и Молодечненского района

«Динамо Молодечно» набирает обороты

  • 2017-01-17 11:27:07
  • Вячаслаў Табулін


Прынцыповы матч
Сапернік нашай дружыны трывала замацаваўся на другім радку турнірнай табліцы экстралігі чэмпіянату краіны. Таму матч быў прынцыповым, і ў выніку перамогі «зубры» атрымліваюць рэальны шанс яшчэ бліжэй падступіцца да лідараў. Зразумела, свае планы мелі і госці. «Нёман» значна адстае па ачках ад сталічнага «Юнацтва», апошнюю гульню са жлобінскім «Металургам» прайграў. Рэабілітавацца перад балельшчыкамі гродзенскія хакеісты вельмі хацелі. Дарэчы, у Маладзечна група падтрымкі гасцей прыбыла на асобным аўтобусе. З барабанамі, трашчоткамі, сцягамі гродзенскія хлопцы і дзяўчаты падтрымлівалі сваю каманду з першай да апошняй хвіліны матча. Не маўчалі і маладзечанскія балельшчыкі. Сярод гледачоў было шмат дзяцей, якія прыйшлі не толькі з татамі, але і з мамамі. Гэта яскрава сведчыць аб тым, што папулярнасць каманды, як і хакея наогул, у нашым горадзе расце.

Юбілейны гол «зуброў»
Усяго дваццаць дзве секунды спатрэбіліся на гэты раз гаспадарам, каб адкрыць лік. Шайбу на свой рахунак запісаў Мікіта Феакцістаў — 1:0. Для маладзечанскіх «зуброў» гэты гол стаў 100-м у чэмпіянаце. Выдатны падарунак балельшчыкам! А літаральна праз 12 секунд госці парадавалі сваіх балельшчыкаў: вароты Міхаіла Карнавухава «распячатаў» нападаючы «Нёмана» Арцём Кіслы — 1:1.

Пасля гэтага некаторы час не толькі на электронным табло, але і на лёдзе ўстанавілася раўнавага. Сапернікі імкнуліся знайсці адзін у аднаго слабыя месцы ў абароне. Бліжэй да сярэдзіны першага перыяду больш настойліва пачалі атакаваць гаспадары, і гэта прынесла плён. Пасля дакладнага выніковага кідка Станіслава Лапачука лік становіцца 2:1. Такім ён заставаўся да перапынку.

Перавагу захавалі
Нягледзячы на перавагу ў ліку, «зубры» не збаўлялі тэмп гульні і ў другім перыядзе. Прыбавілі ў хуткасці і гродзенцы. Цяпер усё залежала ад майстэрства галкіпераў. Першым гол у свае вароты прапусціў Віталій Трус. Моцны ўдар нападаючага «Дынама-Маладзечна» Дзмітрыя Амбражэйчыка прыйшоўся прама ў «дзявятку», і гаспадары павялі ў ліку — 3:1. Аднак такой камфортнай перавазе «дынамаўцы» радаваліся нядоўга. Не атрымалася і павялічыць яе. Праз дзве хвіліны госці скарачаюць адставанне да мінімуму.

У пачатку трэцяга перыяду «зубры», калі гулялі ўпяцёх супраць траіх гродзенцаў, мелі выдатную магчымасць адарвацца ад саперніка і замацаваць поспех. На жаль, скарыстаць колькасную перавагу ім не ўдалося. Яшчэ больш, госці нават у меншасці маглі двойчы паразіць вароты маладзечанцаў, але рэалізаваць планы ім перашкодзіў галкіпер «зуброў» Міхаіл Карнавухаў. Па выніках гэтага матча ён заслужана быў прызнаны лепшым гульцом. А каманда запісала на свой рахунак ужо трэцюю перамогу запар і займае цяпер з 63 ачкамі чацвёрты радок у турнірнай табліцы.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Дзмітрый КРАЎЧАНКА павіншаваў балельшчыкаў з перамогай і адзначыў, што іх падтрымка камандзе вельмі патрэбная.

— Але нягледзячы на перамогу, якой мы вельмі рады, — адзначыў Д. Краўчанка, — сёння было вельмі шмат памылак. Хутчэй за ўсё, гэта можна звязаць з эмацыянальнасцю хлопцаў, якая іншы раз б’е праз край. Нам трэба вучыцца дзейнічаць па абставінах, набываць у гульні саліднасць. Маючы перавагу ў нейкіх момантах, неабходна нарошчваць напор, працягваць гнуць сваю лінію. Бо такі масціты сапернік, які шмат разоў гуляў у фіналах, зробіць належныя вывады, і ў наступны раз нам не даруе тых памылак, якія мы дапусцілі.

Сяргей ПУШКОЎ, галоўны трэнер гродзенскага «Нёмана»:

— Лічу, што абедзве каманды правялі добры матч. Адзінае, што нам перашкодзіла дасягнуць перамогі, гэта дзве грубыя памылкі ў абароне, якія скарысталі гаспадары. Мы мелі дастаткова шансаў, каб не толькі выраўнаваць матч, але і выйграць яго. Але нам не пашанцавала, бо са сваёй задачай выдатна справіўся варатар саперніка. А ўвогуле, нашы хлопцы стараліся і змагаліся да апошняй хвіліны.

Заўтра, 19 студзеня, «Дынама-Маладзечна» згуляе матч у адказ з «Нёманам» у Гродне. А ў суботу, 21 студзеня, на маладзечанскай лядовай арэне наша дружына сустракаецца з камандай «Гомель».
Хварэем за «зуброў»!

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.