Дачныя клопаты скончыліся, унукі – у школах і садах, а дзядулі і бабулі могуць нарэшце заняцца любімымі справамі, здароўем, самаадукацыяй. У гэтым пенсіянерам другі год запар дапамагае Народны ўніверсітэт здароўя, створаны раённым саветам ветэранаў пры падтрымцы цэнтральнай раённай бальніцы, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (у яго памяшканні па вуліцы Таўлая, 4 праводзяцца заняткі).
Тэмы вызначаны цікавыя і карысныя. Сёння размова пра дэпрэсію.
«Пройдзе само» -- не пра дэпрэсію
Дэпрэсія – слова даволі папулярнае. Іншы раз мы карыстаемся ім, не ўдумваючыся ў сэнс.
Між тым, як зазначыў загадчык псіханеўралагічнага дыспансера Аляксандр Бажко, дэпрэсія — гэта сур’ёзнае псіхічнае расстройства, і толькі ўрач можа яго дыягнаставаць і назначыць правільнае лячэнне.
Вастрыню праблемы Аляксандр Пятровіч пацвердзіў статыстыкай: у свеце ад дэпрэсіўнага расстройства пакутуе 5 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Калі спраектаваць гэтыя суадносіны на наш амаль стотысячны горад, то ў стане дэпрэсіі знаходзіцца каля пяці тысяч чалавек. Зразумела, гэта агульныя лічбы. Сярод людзей, старэйшых за 40 гадоў, ад гэтай хваробы пакутуе кожны дзясяты, старэйшых за 65 – кожны трэці. Дзве трэці з тых, хто хварэе, – жанчыны.
Як бачна, праблема вельмі актуальная. Сусветная арганізацыя аховы здароўя распрацавала праграму пад назвай «Дэпрэсія: давай пагаворым», мэта якой – інфармаваць лю-
дзей.
Гэта хвароба вядомая са старажытных часоў. Яшчэ Гіпакрат апісваў яе як меланхолію і даваў параду пацыентам нагружаць сябе фізічна, ужываць правільную ежу і рабіць клізмы. З тых часоў, як заўважыў лектар, метады лячэння сталі больш дасканалымі.
Сімптомы асноўныя і дадатковыя
Асноўныя сімптомы дэпрэсіі – пагаршэнне настрою, самота, пачуццё трывогі, неспакой, страх. Могуць таксама назірацца зніжэнне актыўнасці, павышаная стамляльнасць, скарачэнне кантактаў з людзьмі, узнікненне абыякавасці, якое заўважаюць сам чалавек ці яго блізкія. Дадатковыя сімптомы – парушэнне сну, страта апетыту, непрыемныя адчуванні ў арганізме, якія нават цяжка выказаць словамі. Калі некалькі з гэтых сімптомаў не праходзяць на працягу двух тыдняў, значыць, трэба звяртацца да спецыяліста. Як сказаў Аляксандр Пятровіч, толькі 30 працэнтаў з патэнцыяльных хворых прыбягаюць да дапамогі медыкаў і толькі 5-8 працэнтаў трапляюць да ўрача патрэбнага профілю. Большасць людзей ідзе на прыём да тэрапеўта, вузкіх спецыялістаў. У тым і каварнасць дэпрэсіі, што яна можа «маскіравацца». Нярэдка такія пацыенты могуць скардзіцца на дыскамфорт у страўніку, болі ў вобласці сэрца і г.д. Яны здаюць аналізы, праходзяць абследаванні, нічога не знаходзяць, а самаадчуванне ўсё пагаршаецца… На жаль, не кожны тэрапеўт дае параду такому пацыенту звярнуцца да псіхіятра. Між тым, у нашай краіне ўжо тры гады дзейнічае спецыяльная праграма, у рамках якой кожны тэрапеўт можа прапанаваць пацыенту прайсці тэст на ўзровень трывогі і дэпрэсіі. Распрацаваны спецыяльныя пытанні, адказ на якія зойме 5-7 хвілін. Пацыенты павінны пра гэта ведаць і могуць самі папрасіць прайсці такі тэст.
Лячыць? Абавязкова!
Аляксандр Бажко падкрэсліў, што лячыць гэту хваробу трэба абавязкова, бо яна вельмі пагаршае якасць жыцця. Не сакрэт, што ў хворых на яе высокая рызыка суіцыдальнага канца. Загадчык псіханеўралагічнага дыспансера прывёў несуцяшальныя лічбы: за 9 месяцаў года ў раёне скончылі жыццё самагубствам 22 чалавекі, ніводны з іх не стаяў на ўліку ва ўрача-псіхіятра, хаця не выключана, што ў многіх з іх была нераспазнаная дэпрэсія.
Абавязак блізкіх, тых, хто жыве побач, дапамагчы такому чалавеку зразумець, што ён хворы, прапанаваць яму схадзіць да ўрача разам. Важна пасля назначэння лячэння кантраляваць, як ён прымае лякарствы. Бяда ў тым, што такога хворага не заўсёды разумеюць блізкія. Яны нярэдка кажуць: «Вазьмі сябе ў рукі! Хопіць ныць!», з-за сваёй недастатковай інфармаванасці не могуць усвядоміць, які душэўны боль і дыскамфорт адчувае іх родны чалавек.
Не трэба баяцца антыдэпрэсантаў
Урач зазначыў, што эфект ад прыёму антыдэпрэсантаў з’яўляецца на 10-14 дзень, яны павінны накапіцца ў арганізме. Курс прыёму доўгі – 4-6 месяцаў. Увесь гэты час неабходна перыядычна кансультавацца з урачом, які паступова зменшыць дозы, а затым адменіць прэпараты. Памылкова думаць, што да антыдэпрэсантаў узнікае прывыканне. Некаторыя перастаюць іх прымаць пасля таго, як палепшаецца самаадчуванне. Гэта няправільна, бо ёсць рызыка, што сімптомы хваробы могуць вярнуцца.
Куды звяртацца?
Псіханеўралагічны дыспансер знаходзіцца па адрасе: вуліца Вялікі Гасцінец, 58, тэлефон рэгістратуры 58-04-05. Па буднях з 8.00 да 17.00 тут працуе тэлефон даверу 74-66-20. Кожны, у каго ёсць нейкія сумненні і трывогі, можа патэлефанаваць, пагаварыць са спецыялістам, атрымаць слушныя парады.
«Адчуваю сябе зусім іншым чалавекам»
Так атрымалася, што сярод прысутных у зале была жанчына, якая вылечылася ад дэпрэсіі. Яна не збіралася расказваць пра сябе, але пасля выступлення ўрача не змагла маўчаць і падзялілася ўласным вопытам. Пасля перанесеных хвароб і некалькіх аперацый у яе пачалася дэпрэсія. «Цяпер я разумею, што гэта была менавіта яна. А тады я хадзіла ад аднаго ўрача да іншага, у мяне, здавалася, балела ўсё, быў сіндром раздражнёнага страўніка і многае іншае. На шчасце, тэрапеўт даў мне параду звярнуцца ў псіханеўралагічны дыспансер, і я трапіла на прыём да Аляксандра Пятровіча. Ён па-
ставіў дыягназ, назначыў прэпараты, уважліва кантраляваў, як ідзе працэс лячэння. Сёння я адчуваю сябе зусім іншым чалавекам і з жахам успамінаю тыя душэўны боль і страх, якія мне прыйшлося перанесці».