Пачалі трэніравацца ў спартыўнай зале Хажоўскай школы. Вось толькі праблема часта ўзнікала з спарынг-партнёрамі — з вуліцы не прывядзеш абы каго. І Сяргей Віктаравіч прапанаваў праводзіць сумесныя трэніроўкі Валерыю Шумілаву, кіраўніку дзявочай валейбольнай каманды, якую наведвалі яго дочкі Карына і Лізавета.
— Са мной у спартыўную залу яны пачалі хадзіць яшчэ з чатырох гадоў, — расказвае С. Шупляк. — У школе без іх не праходзілі ніводныя спаборніцтвы па валейболе. Калі Валерый Віктаравіч набіраў дзяўчынак у спартыўную секцыю, вядома ж, мае дочкі аднымі з першых пайшлі запісвацца. І ўжо ў малодшых класах пачалі заяўляць аб сабе на раённых і абласных турнірах. А неўзабаве выхаванкі гэтага таленавітага трэнера пачалі перамагаць і на спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Час ляціць хутка. Старэйшая дачка С. Шупляка закончыла ўніверсітэт фізічнай культуры і працуе цяпер у турыстычнай сферы. А вось 16-гадовая Ліза засталася ў валейболе, як сама гаворыць, назаўсёды. Сёння яна жыве ў Брэсце, паспяхова выступае за зборную гэтай вобласці. Нядаўна каманда з яе ўдзелам стала пераможніцай алімпійскіх дзён моладзі рэспублікі.
Але галоўную ўзнагароду наша зямлячка заваявала сёлета ў складзе зборнай краіны на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-18), які праходзіў у Нідэрландах. Беларуская дзявочая дружына на гэтым турніры стала бронзавым прызёрам і атрымала пуцёўку на ўдзел у сусветным маладзёжным чэмпіянаце-2017, які адкрываецца ў Аргенціне 18 жніўня. Пацвердзіць свой высокі клас майстэрства беларускія спартсменкі атрымалі права і на жаночым валейбольным турніры Еўрапейскага алімпійскага юнацкага фестывалю ў Венгрыі 23—30 ліпеня.
— На чэмпіянаце свету мы будзем гуляць у групе В, — расказвае Лізавета. — Матчы адбудуцца ў горадзе Санта-Фэ. Нашы сапернікі па групе — зборныя ЗША, Расіі, Бразіліі і Мексікі. Каманды вельмі моцныя. Зразумела, будзе няпроста, асабліва спачатку. Але без цяжкасцей перамог не бывае. На еўрапейскім чэмпіянаце таксама давялося прыкласці шмат намаганняў, каб заваяваць медаль. Будзем старацца і ў Аргенціне спачатку выйсці ў плэй-оф. Далей, на асноўнай стадыі чэмпіянату, калі трапім у яе, выходзім на каманды групы А (Аргенціна, Германія, Славенія, Куба, Рэспубліка Карэя).
На рахунку Лізаветы Шупляк ёсць выдатныя перамогі (у тым ліку міжнароднага ўзроўню) і ў пляжным валейболе. Першыя крокі ў гэтым відзе спорту дзяўчына рабіла таксама пад кіраўніцтвам трэнера Валерыя Шумілава.
Інфармацыя для аматараў валейбола
У наступныя выхадныя на маладзечанскім стадыёне па пляжных відах спорту будзе праходзіць турнір з удзелам валейбалістак Брэстчыны. Прыедзе да нас і Лізавета Шупляк. Падтрымаць сваю зямлячку атрымаюць магчымасць не толькі сябры, знаёмыя, але і ўсе аматары пляжнага валейбола.