Новости Молодечно и Молодечненского района

Бегать можно и зимой. Советы бывалого

  • 2018-01-17 13:00:48
  • Вячаслаў Табулін

Неаднаразовы прызёр і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў Віктар Болсун наогул не бачыць асаблівых праблем у зімовых трэніроўках. Аднойчы ў час нашай размовы прызнаўся, што аса-
біста для яго прабежкі ў халоднае надвор’е нічым не адрозніваюцца ад летніх.

— У спякоту таксама ёсць свае цяжкасці, асабліва калі бяжыш марафон, — адзначае ён. — Затое цяпер, напрыклад, лягчэй дыхаецца. Дарэчы, для бегуноў восень і пачатак зімы былі самыя ідэальныя і для трэніровак, і для спаборніцтваў.

У гэтыя дні наш зямляк рыхтуецца да ўдзелу ў 49-м міжнародным марафоне пад назвай «Дарога жыцця», які адбудзецца 28 студзеня. Тысячы спартсменаў і аматараў выйдуць на знакамітую блакадную дарогу, каб аддаць даніну памяці загінулым абаронцам блакаднага Ленінграда, а таксама паспаборнічаць у бегу на доўгія дыстанцыі. Віктар Болсун ужо некалькі гадоў запар, нягледзячы на надвор’е, стартуе на «Дарозе жыцця». Нядаўна ён зайшоў у рэдакцыю і падзяліўся сваімі ўспамінамі аб удзеле ў гэтых спаборніцтвах.

— Марафон «Дарога жыцця» заўсёды вельмі цяжкае выпрабаванне для атлетаў, нават самых вопытных, — расказвае Віктар. – Быў час, удзельнікам даводзілася стартаваць у сапраўдную сцюжу, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за 15 градусаў. Таму без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі ехаць туды не мае сэнсу. Таксама кожны атлет павінен быць экіпіраваны згодна з умовамі надвор’я.

В. Болсун даў некалькі парад тым, хто хоча трэніравацца зімой, але не ведае, з чаго і як пачынаць.

Правільная размінка
У халоднае асенняе і зімовае надвор’е традыцыйную размінку перад бегам варта праводзіць не на вуліцы, а ў цёплым памяшканні. Гэта дазволіць вам хутка разагрэць мышцы ва ўсім целе пры спрыяльнай для арганізма тэмпературы. Такім чынам, на вуліцу вы выйдзеце добра разагрэтым і з гнуткімі суставамі, што дазваляе адразу прыступіць да актыўнай фізічнай работы.

Апранайце шматслойнае адзенне
Пры выбары спартыўнага адзення кіруйцеся правілам: пара тонкіх слаёў адзення лепш абароніць ваша цела ад холаду, чым, напрыклад, адзін тоўсты джэмпер. А сучасныя высокатэхналагічныя матэрыялы дазваляюць спартсмену нават у марознае надвор’е апранаць параўнальна лёгкае адзенне, у якім не адчуваецца ніякага дыскамфорту. Першы слой – ніжняя бялізна (зімой – больш цёплая). Яна знаходзіцца бліжэй да цела, таму павінна «дыхаць» і прапускаць вільгаць. Бялізна з натуральных тканін не пады-
дзе, бо яна ўбірае пот і ўтрымлівае яго, тым самым перашкаджае цыркуляцыі паветра і выклікае перагрэў арганізма. У спецыялізаваных магазінах можна набыць вадалазку, тэрмакофту з доўгім рукавом або спецыяльную кашулю для бегу.   

На бялізну варта апрануць цеплаізалюючае адзенне. Яго задача — размяркоўваць пот і падтрымліваць аптымальную тэмпературу цела, не дапускаючы ахаладжэння. Гэты слой неабходны, калі даводзіцца бегаць пры тэмпературы паветра ніжэй за 10 градусаў. Найбольш падыходзяць спартыўныя джэмперы, талстоўкі, мембранныя курткі з сінтэтыкі, флісу або тонкай шэрсці.

Нарэшце, трэці слой павінен абараніць вас ад такіх капрызаў надвор’я, як вецер, дождж або снег. Звычайна вырабляюць верхняе адзенне з натуральных або штучных матэрыялаў з уцяпляльнымі элементамі. Гэта могуць быць розныя мембранныя спартыўныя касцюмы, курткі, вятроўкі, камізэлькі. Пажадана наяўнасць капюшона — ён прыкрые шыю і дадаткова (шапка таксама абавязковая) сагрэе галаву ў марознае ветранае надвор’е.

Пазбягайце абмаражэння
Як вядома, найбольш схільныя да абмаражэння пальцы рук, нос і вушы. Размінка перад бегам дапаможа палепшыць цыркуляцыю крыві ў гэтых месцах, а выкарыстанне пальчатак, шаліка і шапкі зберагуць ад абмаражэння. Таму ў марознае надвор’е не палянуецеся апрануцца ва ўсе вышэйпералічаныя віды адзення.

Выбіраем абутак па сезоне
Пры занятках бегам надзвычай важна правільна падабраць абутак. Калі размова ідзе пра асеннія і асабліва зімовыя прабежкі, то важна, каб красоўкі былі ўцепленыя натуральным або штучным мехам і ў той жа час яны павінны «дыхаць». Летнія красоўкі можаце смела адпраўляць на «зімоўку» ў шафу. Выбірайце абутак з магутным пратэктарам для лепшага счаплення з зямлёй, бо зімой заўсёды ёсць рызыка паслізнуцца. Яшчэ адна важная парада, якая тычыцца выбару правільнага абутку: для зімовых прабежак заўсёды бярыце красоўкі на 1-1,5 памера большыя. Гэта для таго, каб захоўвалася невялікая паветраная праслойка для захавання цяпла. Калі ж красоўкі будуць шчыльна прылягаць да ступняў, тады ногі хутка замерзнуць.  

Як трэба харчавацца?
Калі я выходжу на працяглыя прабежкі, бяру з сабой каларыйныя закускі, напрыклад, сухафрукты, энергетычныя гелі, вітамінныя батончыкі і іншыя падобныя прадукты. Важна, каб яны былі невялікага памеру (каб не «набіваць» страўнік падчас трэніроўкі) і адначасова даволі каларыйныя для здаволення пачуцця голаду. Што тычыцца звычайных прыёмаў ежы, асабліва ў дзень прабежак, то яны павінны быць таксама каларыйныя, каб забяспечыць арганізм неабходнай энергіяй, значная доля якой затрачваецца на трэніроўках. Аднак ад «хуткіх» вугляводаў лепш адмовіцца і ўвесці ў рацыён харчавання прадукты, якія змяшчаюць вялікую колькасць «павольных» вугляводаў, напрыклад кашы, вотруб’е.

Не забывайце пра ваду
У халодны час года мы значна радзей адчуваем пачуццё смагі. Тым не менш, арганізму вада неабходная, бо значная частка вільгаці губляецца ў час трэніровак. Каб пазбегнуць абязво-
джвання, ваду трэба піць маленькімі глыткамі. Пажадана гэта рабіць як у час трэніроўкі, так і пасля яе.

Дыхайце носам!
Магчыма, для навічкоў гэта будзе навіной, але хачу адразу папярэдзіць, што дыхаць ротам у час прабежак не рэкамендуецца. Прычым незалежна ад часу года. А восенню і зімой ротавае дыханне яшчэ больш небяспечнае, чым летам. Удыхаючы такім чынам халоднае паветра, вы рызыкуеце застудзіць бронхі і лёгкія. Таму ўважліва сачыце за сваім дыханнем. У час трэніровак лепш удыхаць носам, а выдыхаць ротам.

У моцныя маразы, калі на тэрмометры мінус 25 і ніжэй, зразумела, навічкам лепш устрымацца ад прабежак на свежым паветры. А вось для добра падрыхтаваных атлетаў гэта не перашкода. Рэгулярныя трэніроўкі ў любое надвор’е загартоўваюць арганізм і абараняюць яго ад хвароб.