Новости Молодечно и Молодечненского района

Ассоциация больных рассеянным склерозом в Молодечно приглашает

  • 2017-03-20 09:34:19
  • Анжаліка Крупянькова

Менавіта Іван Якімавіч стаіць ля вытокаў стварэння асацыяцыі, якая вядзе свой адлік з 1994 года. Разам з сябрамі па няшчасці старшыня стараецца дапамагаць тым, каму жывецца яшчэ цяжэй, дзеліцца сваім вопытам барацьбы з хваробай, ладзіць розныя мерапрыемствы. У 2002 годзе Іван Якімавіч прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі ў Дубліне, прысвечанай праблемам хворых на рассеяны склероз. На яе сабраліся прадстаўнікі з 44 краін. На жаль, і ў высокаразвітых краінах няма эфектыўных метадаў лячэння. Сёння можна толькі запаволіць развіццё хваробы, падтрымліваць арганізм лякарствамі і пасільнымі фізічнымі практыкаваннямі.

Іван Якімавіч адзначае, што рассеяны склероз любіць маладых, часцей ад яго пакутуюць жанчыны. Сам ён атрымаў інваліднасць другой групы ў 1989 годзе. У маладыя гады нічога не прадвяшчала бяды, ён працаваў у будаўніцтве, быў майстрам, прарабам, начальнікам участка. На яго рахунку звыш 40 пабудаваных аб’ектаў у нашым горадзе, сярод якіх карпусы заводаў «Электрамодуль», «Спадарожнік», дзіцячыя сады, школы. Хвароба не дазволіла займацца любімай справай. Але як бы цяжка ні было, Іван Якімавіч знайшоў сілы не толькі змагацца з ёю, але і дапамагаць іншым.

— Такім людзям як паветра неабходны стасункі адзін з адным, каб не замыкацца ў сваіх сумных думках, не заседжвацца ў чатырох сценах, — разважае старшыня асацыяцыі. – Асабліва гэта важна для тых, хто ўжо не можа ўстаць з ложка. Мы з сябрамі наведваем ляжачых хворых на даму, падтрымліваем іх маральна. Самі выпускалі ў камп’ютарным варыянце газету з парадамі, гісторыямі, распаўсюджвалі яе сярод хворых. Ладзім сустрэчы для тых, хто можа рухацца: выязджаем на мерапрыемствы ў Мінск, летам арганізоўваем трэнінгі на прыродзе.

Іван Якімавіч гаворыць, што вельмі важна ставіцца да сваёй хваробы па-філасофску, прыняць яе і навучыцца жыць з ёю. Лячэнне індывідуальнае для кожнага. А вось што важна для ўсіх, дык гэта не раскісаць, займацца лячэбнай фізкультурай. Практыкаванні павінны быць пасільнымі і няцяжкімі (перагрузкі могуць выклікаць абвастрэнне хваробы). Вельмі важна трэніраваць каардынацыю рухаў, а таксама не адмаўляцца ад разумовых нагрузак. Карысна вучыць на памяць вершы, замежныя словы і г.д.

«Я даю параду ўсім сваім сябрам: змагайцеся да апошняга, не садзіцеся ў інвалідную каляску, бо потым з яе будзе вельмі цяжка ўстаць», — гаворыць гэты мужны чалавек. Блізкім людзям, якія знаходзяцца побач з хворымі, Іван Якімавіч раіць не шкадаваць іх, а «ласкава дапамагаць», падтрымліваць, не дазваляць зацыклівацца на праблемах, старацца падбадзёрваць, нечым зацікавіць.

Хворыя, якія ўваходзяць у асацыяцыю, прыслухоўваюцца да парад старшыні. Ён сам яскравы прыклад жыццёвай стойкасці. Амаль 30 гадоў жыве з хваробай, стараецца падтрымліваць арганізм, не дае яму расслабіцца, сам ходзіць па горадзе, хаця гэта для яго няпроста. І ў нашу рэдакцыю прыйшоў самастойна, каб у чарговы раз расказаць пра сваю арганізацыю, якая сёння, як ніколі, мае патрэбу ў падтрымцы, у тым ліку фінансавай.

А нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад Марыі Паляковай, інваліда другой групы, хворай на рассеяны склероз. Марыя Пятроўна расказвае пра сумесныя сустрэчы, якія праводзяцца ў Маладзечне і праваслаўным доме «Кінонія» ў пасёлку Калодзішчы. Сюды прыязджаюць хворыя з рознымі формамі рухомасці з Мінска, Жодзіна, Маладзечна, Барысава, Гомеля, Брэсцкай вобласці. «На такіх сустрэчах яны не толькі зараджаюцца аптымізмам, але нават знаходзяць сабе спадарожнікаў жыцця», — піша жанчына. Паведаміла яна і пра тое, што нядаўна ў «Кіноніі» адбылася чарговая сустрэча. Яе сцэнарый з рознымі гульнямі, конкурсамі падрыхтаваў Іван Паляшчук.

«Мы запрашаем хворых на рассеяны склероз прымаць актыўны ўдзел у жыцці нашай асацыяцыі, — заклікае старшыня. – Безумоўна, правядзенне такіх сустрэч і мерапрыемстваў патрабуе пэўных затрат. Таму звяртаемся да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, усіх жыхароў горада і раёна з просьбай аб пасільнай дапамозе нашай арганізацыі. Спадзяёмся на супрацоўніцтва і будзем вельмі ўдзячныя за любую падтрымку».

З Іванам Палешчуком можна звязацца     па нумарах 54-15-90, 8-029-938-
    12-49. Разліковы рахунак 3015191470017, г. Мінск ААТ «Белінвестбанк» аддзяленне 932. г. Маладзечна, зав. Партызанскі, 1. Код 739. УНП 600212800.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: інтэрнэт-рэсурсы.