Новости Молодечно и Молодечненского района

Апрель -- время уничтожать борщевик

  • 2017-04-14 07:52:28
  • Алена Лашук

Галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Танана заўважыў, што грошы невялікія, але калі імі правільна распарадзіцца, то карысць будзе. Вырашана сродкі выдзеліць толькі сельвыканкамам, на чыіх тэрыторыях ёсць плошчы з баршчэўнікам. Сярод іх Аляхновіцкі, Красненскі, Палачанскі, Хажоўскі, Радашковіцкі, Лебедзеўскі, Цюрлёўскі. Фінансава падтрымаюць таксама «Камунальнік» і лясгас.

А вось гаспадаркам, на палях якіх ёсць участкі з гэтай інвазійнай культурай, давядзецца змагацца з ёю за ўласныя грошы. Сярод іх ААТ «Палачаны», філіял «Аграфірма «Лебедзева», СУП «Відзеўшчына», «Хажоваагра-2009». Варта зазначыць, што плошчы з баршчэўнікам на Маладзечаншчыне (каля 10 гектараў) хаця значна і не змяншаюцца, але і не павялічваюцца. І гэта таксама значны «плюс» у рабоце экалагічнай службы раёна.

Цяпер праводзіцца тэндар. Па яго выніках будзе выбрана фірма, якая зоймецца знішчэннем кветкі Сталіна (так яшчэ называюць баршчэўнік). Летась работы праводзіла ПМК-32, дзе была створана спецыяльная брыгада. Аднак практыка паказвае, што гэтым павінны займацца прафесіяналы. Хімічная апрацоўка будзе праводзіцца двойчы: у красавіку і ліпені. Калі і пасля яе расліны пойдуць у рост, то будуць скошвацца, як і на ўчастках, на якія не хопіць хімікатаў.

Змагацца з баршчэўнікам трэба тады, як толькі ён пачынае выходзіць з зямлі. Красавік самы аптымальны месяц. Мы на свае вочы ўбачылі, як хутка зялёны шкоднік пачаў набіраць сілу, прабіваючыся праз сухую мінулагоднюю траву.

Сяргей Танана расказаў, што там, дзе сустракаюцца адзінкавыя расліны ці невялікія папуляцыі баршчэўніку, можна прымяняць ручны спосаб, калі перасякаюць карані звычайнай лапатай на глыбіні 10 сантыметраў, але гэта робяць да таго моманту, пакуль кветка не зацвіце. Адна расліна дае ад 10 да 100 тысяч штук насення, якое ў зямлі можа знаходзіцца не адзін год. Уздоўж аўтамабільных дарог і чыгункі, на землях населеных пунктаў больш падыходзіць механічны спосаб. Хімічны з прымяненнем пестыцыдаў рэгулюецца заканадаўствам. Апырскванне прэпаратамі робіцца ў час вегетацыі і паўторна (пры неабходнасці) пасля скошвання. Пасля апрацоўкі пестыцыдамі зямлю глыбока пераворваюць. Калі правільна і метадычна праводзіць работу, то баршчэўнік можна перамагчы. У якасці прыкладу для пераймання Сяргей Яўгеньевіч прывёў СУП «Хажоваагра-2009». Дзякуючы настойлівасці і правільным дзеянням кіраўніка гаспадаркі і пэўных службаў там у інвазійнай расліны адваявалі гектар зямлі. І работы працягваюцца.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.