Аматары валейбола з’ехаліся ў аздараўленчы комплекс «Чайка», што ў курортным пасёлку Нарач. У турніры прынялі ўдзел каманды з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі. Маладзечанцы спаборнічалі ў ім упершыню, наш горад прадстаўлялі каманды ва ўзроставых групах «50+» (капітан Валерый Лях) і «60+» (капітан Аляксандр Лавіт). Абедзве каманды выступілі вельмі дастойна, сярод самых вопытных гульцоў Валерый Русанаў, Яўгеній Казлоў, Віктар Маліцкі, Аркадзій Баран. Ва ўпартай барацьбе «пяцідзясятнікі» занялі чацвёртае месца ў сваёй узроставай групе. «Шасцідзясятнікі» сталі трэцімі пасля сталічных «Сяброў» і «Дэпутата і яго сяброў» з Латвіі.
«Усе мы аматары валейбола. Прафесіяналаў сярод нас няма. Захапляемся гэтым відам спорту з дзяцінства. Дзесяцігоддзямі пасля работы, у выхадныя дні гуляем у валейбол, дзякуй навучальным установам, якія выдзяляюць спартыўныя залы для трэніровак», — расказвае Аляксандр Лавіт. Добрым стымулам для далейшых заняткаў стала запрашэнне Беларускай федэрацыі валейбола прыняць у кастрычніку ўдзел у Кубку Беларусі сярод валейбольных ветэранскіх каманд у Мінску.
Традыцыйна маладзечанцы спаборнічаюць і ў калядным турніры, які праходзіць у снежні. Так што ветэранам няма калі расслабляцца, трэба падтрымліваць сябе ў выдатнай форме і настройвацца на новыя перамогі. Шкада толькі, што ў нашым горадзе няма жаночых ветэранскіх каманд па валейболе. Магчыма, прыклад мужчын натхніць на трэніроўкі і прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.