Новости Молодечно и Молодечненского района

А можа, час купляць лыжы?

  • 2016-12-16 13:22:36
  • Ірына Рабушка

Многія з нас не раз гаварылі сабе: «Гэтай зімой абавязкова куплю лыжы». Нават вывучалі адпаведны асартымент у магазінах. Але з-за капрызаў надвор’я так і заставаліся без пакупкі. Сёлета зіма пакуль радуе нас снегам.

Чытачам «Маладзечанскай газеты» дапаможа зрабіць правільны выбар Людміла Аноп, якая больш за 40 гадоў займаецца лыжным спортам.

У пошуках сапраўднага

Першая яе спартыўная «амуніцыя» была «савецкага ўзору»: валёнкі ды просценькія лыжы на гумовых пасках. За сваё жыццё Людміла змяніла не адзін камплект рыштунку і прыстасавалася да работы ў зменлівых умовах надвор’я беларускай зімы. У адпаведнасці з імі адаптавала і трэніроўкі для выхаванцаў секцыі агульнай фізічнай падрыхтоўкі з элементамі лыжных гонак, якая створана пры фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі.

Разумны выбар

Вучыцца хадзіць на лыжах не позна пачынаць нават у 70 гадоў, лічыць педагог. Галоўнае — жаданне.

Падбіраць лыжы трэба ў адпаведнасці з ростам і вагой чалавека, а таксама ў залежнасці ад таго, якім ходам ён збіраецца карыстацца. Абывацелі найчасцей аддаюць перавагу класічнаму стылю. У такім выпадку лыжы павінны быць вышэйшыя за рост чалавека на 20-30 сантыметраў, а палкі да іх – настолькі ж ніжэйшыя. Калі вам больш падабаецца так званы каньковы стыль (рухі накшталт канькабежца), то гэтыя суадносіны іншыя – адпаведна 15-25 і 15-20 сантыметраў.

Але, на думку Людмілы Аноп, для аматара-спартсмена самы лепшы варыянт — камбінаваны камплект. Звычайна вытворцы робяць спецыяльную адзнаку «combi».

— Больш зручна катацца на паўпластыкавых лыжах. У параўнанні з пластыкавымі яны менш слізкія і больш цяжкія. Гэта асабліва актуальна для аматараў і дапамагае захоўваць раўнавагу, — заўважае субяседніца. – Менавіта з такога матэрыялу зроблены лыжы, на якіх трэніруецца і выступае пераважная большасць пачынаючых і прафесійных спартсменаў у нашай краіне і за мяжой. А драўляныя падыдуць тым, хто хоча ўмацаваць плечавы пояс і не баіцца карпатлівага догляду іх. Пры катанні на такіх лыжах вельмі вялікая нагрузка на рукі. Што тычыцца мацавання, то яно цяпер у асноўным з трывалага пластыку. Палкі да лыж лепш выбраць з лёгкага металу.

Зрэшты, у прасунутых спецыялізаваных магазінах ёсць тэстары, пры дапамозе якіх выбіраюць аптымальны варыянт экіпіроўкі. Набываць абмундзіраванне «з рук» Людміла Леанідаўна не раіць.

  • Перад тым як выйсці на лыжню, абавязкова правядзіце непрацяглую фізічную размінку або прабежку, каб падрыхтаваць мышцы да нагрузкі.
  • Не забудзьце змазаць рукі і твар тлустым крэмам, каб засцерагчы скуру ад абветрывання і абмаражэння.
  • У мароз большы за 20 градусаў на лыжах наогул лепш не катацца.

Уся справа ў снезе?

Выхаванцы Людмілы Аноп трэніруюцца на базе СШ №14, гарадскім стадыёне і ў парку імя Перамогі. Заняткі тут бясплатныя. Калі зіма маласнежная або наогул без снегу, юныя спартсмены пераходзяць на лыжаролеры.

Для аматараў яна раіць лыжню, якую пры належных умовах надвор’я, добраўпарадкуюць у Бярозавым гаі. Дарэчы, аптымальны для катання слой снегу таўшчынёй у 30 сантыметраў.

— На жаль, у нашай краіне мала праводзіцца спаборніцтваў сярод лыжнікаў. Маім выхаванцам вельмі падабаюцца такія мерапрыемствы. Іншым разам адкрыццё і закрыццё лыжнага сезона адбываецца ў адзін і той жа дзень. Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба адзін з самых маштабных і паспяховых праектаў, — гаворыць Людміла Аноп.

Фота:  Ірына РАБУШКА.