Ірына Байтаз – кандыдат педагагічных навук, настаўніца англійскай мовы гімназіі №6.
У 1970 годзе з залатым медалём закончыла маладзечанскую СШ №6, у 1975-м — з чырвоным дыпломам Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. 41 год працуе ў роднай школе, з 1992-га па 2012-ы была дырэктарам гэтай навучальнай установы, якая ў 2003 годзе атрымала статус гімназіі.
У 1989 годзе закончыла аспірантуру пры кафедры педагогікі педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, атрымала спецыяльнасць «тэорыя і гісторыя педагогікі», абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фарміраванне аптымізму як маральнай якасці навучэнцаў 8-10 класаў».
— Ірына Расціславаўна, калі вы зразумелі, што хочаце стаць настаўніцай англійскай мовы?
— У сярэдніх класах школы я цвёрда ведала, што хачу быць такой, як мая любімая настаўніца англійскай мовы Ала Васільеўна Мякшыла. Мне вельмі пашанцавала: гэты таленавіты і адданы прафесіі педагог суправаджала мяне з другога па дзясяты клас, была нашым класным кіраўніком. З нашай групы адразу шэсць дзяўчат паступілі ў інстытут замежных моў. Кожная з нас на той час свабодна валодала англійскай – настолькі моцнай была падрыхтоўка. У пачатку 1960-х гадоў наша школа стала другой у рэспубліцы пасля мінскай СШ №64, дзе шэраг прадметаў выкладаўся на англійскай мове: гісторыя, геаграфія, англійская літаратура, тэхнічны пераклад... Не магу не ўспомніць добрым словам нашага дырэктара Сцяпана Цімафеевіча Дзямешку – удзельніка вайны, у мінулым партыйнага работніка, які бязмежна любіў дзяцей, падтрымліваў педагогаў-наватараў. Мы раслі, фарміраваліся ў атмасферы любові, павагі да вучня. Настаўнікі з намі размаўлялі як роўныя. Наша школа заўсёды была адной з самых прагрэсіўных у краіне. У нас вялі адкрытыя ўрокі выкладчыкі інстытута замежных моў. У 1960-я гады на ўроках выкарыстоўваліся магнітафоны, прайгравальнікі, кінаўстаноўкі, нават папярэднікі сучасных інтэрактыўных дошак, праўда, фланелевыя. Усёй школай хадзілі на англійскія, амерыканскія фільмы ў кінатэатр «Радзіма». Многіх замежных гасцей, якія прыязджалі ў Мінск, везлі да нас на сустрэчы.
— Ведаю, што вы з сям’і педагогаў: гены таксама сыгралі сваю ролю ў выбары прафесіі…
— Магчыма. Памятаеце, як гаварыла Фаіна Ранеўская: «Любым прафесіям можна навучыцца, а вось артыстам, педагогам і ўрачом трэба нарадзіцца». Мая прабабка па мамінай лініі Любоў Філіпава вучылася ў Полацку ў епархіяльнай школе пры Сафійскім саборы, заснаванай Сафіяй Полацкай. Пачынала працаваць на Піншчыне ў Заазер’і, а ў суседняй вёсцы настаўнічаў малады Якуб Колас… Педагогамі былі і мае бацькі Яўгенія Ратабыльская і Расціслаў Кароткі, тата ў свой час быў дырэктарам СШ №2 у Маладзечне.
— Вы былі рады вярнуцца ў сваю родную школу ў якасці настаўніцы?
— Безумоўна! Адразу пасля заканчэння ВНУ мне прапанавалі паступіць на завочнае аддзяленне ў аспірантуру, але нейкі час трэба было працаваць лабарантам у інстытуце. Палічыла гэта непрымальным: я ж настаўніца! Выкладала ў школе англійскую мову, а на другім годзе работы мне даверылі новы цікавы прадмет – этыку, з якога, па сутнасці, і пачаўся мой шлях у навуку. На жаль, сёння яго няма ў школьнай праграме. З дзецьмі вельмі важна размаўляць на такія жыццёвыя тэмы, як дружба, каханне, пачуццё абавязку, справядлівасць. З педагогамі працавалі вядучыя вучоныя краіны, адзін з іх – прафесар, загадчык кафедры педагогікі педінстытута імя Максіма Горкага Дамінік Вадзінскі заўважыў мяне, прапанаваў паступіць у аспірантуру. Адміністрацыя школы, калегі падтрымалі, мне далі свабодны ад работы дзень для навуковай працы. Вельмі дапамагала сям’я: муж, сын заўсёды з вялікім разуменнем ставіліся да маёй работы.
— Якую галоўную выснову вы зрабілі для сябе, працуючы над дысертацыяй? Што неабходна для таго, каб выхаваць у вучняў аптымізм?
— Самае галоўнае – любіць іх. Дзяцей нельга падмануць, яны адчуваюць скурай. Гэта выказванне з фільма «Забіць пера-
смешніка», якое было жыццёвым і педагагічным крэда Сцяпана Цімафеевіча Дзямешкі, перайшло і да нас, яго паслядоўнікаў. Вельмі шмат для сваёй навуковай працы я ўзяла, вывучаючы вопыт сёння незаслужана забытага Антона Макаранкі. Яго асноўны педагагічны прынцып: як мага больш павагі да чалавека, як мага больш патрабавальнасці да яго. Згодная з Макаранкам і ў тым, што для выхавання паспяховай асобы патрэбен добры калектыў. Я неаднойчы пераконвалася ў гэтым на практыцы: пераможцы алімпіяд, медалісты часцей з’яўляюцца ў згуртаваным класе, дзе ёсць узаемавыручка, вера ў поспех. Там, дзе квітнее індывідуалізм, не будзе такога выніку. Выхаваць паспяховага чалавека – значыць, выхаваць у яго ўменне бачыць перспектыву, навучыць адчуваць заўтрашнюю радасць. На практычнай распрацоўцы гэтых прынцыпаў і пабудавана мая дысертацыя, якая стала доследна-эксперыментальнай працай.
— Ірына Расціславаўна, без малога дваццаць гадоў вы былі дырэктарам гімназіі №6. На вашу думку, якія самыя галоўныя здабыткі за гэты час?
— Найперш атрыманне статуса гімназіі, які дазволіў стварыць для калег належныя ўмовы работы, даць ім магчымасць працаваць з больш моцнымі вучнямі, выкладаць на павышаным узроўні, больш поўна рэалізоўваць сябе. Нам удалося наладзіць яго з многімі краінамі, завязаць трывалыя міжнародныя сувязі, цесна супрацоўнічаць з Беларускім фондам міру і ўвайсці ў Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА. Заўсёды радуюся, калі бачу, як свабодна гімназісты размаўляюць на англійскай. У 2012 годзе збылася наша шматгадовая мара — педагогі і навучэнцы гімназіі ўпершыню пабывалі ў Англіі. На адной з вуліц мы разгаварыліся з пажылым джэнтльменам. Ён вельмі жыва цікавіўся Беларуссю, размаўляў з гімназістамі, а потым сказаў: «У вас цудоўная моладзь, а значыць, у вашай краіны ёсць будучыня». Мне і сёння гэтыя словы прыемна ўспамінаць…
— А ці змяніліся вучні за сорак гадоў вашай працы?
— Сённяшнія гімназісты мне вельмі падабаюцца: яны больш таленавітыя, больш вытанчаныя, але і больш патрабавальныя.
— Ім і настаўнік патрэбен асаблівы…
— Сапраўды, ім патрэбен настаўнік з вынаходлівым розумам, бясконца адданы сваёй прафесіі. Нездарма ж ёсць вядомае выказванне: «Настаўніцтва – гэта салодкая катарга». Яно актуальнае і сёння. На вялікі жаль, такія педагогі цяпер у дэфіцыце. І справа не толькі ў сціплай зарплаце, а найперш у арганізацыі адукацыйнага працэсу. У ім вельмі шмат увагі надаецца знешняму боку прафесіі, справаздачам, а вучань застаецца «за кадрам». Настаўнік павінен адчуваць унутраную свабоду. Уся гэта папяровая валакіта, заарганізаванасць выцясняе са школы творчых людзей і найперш мужчын, якія маглі б вельмі шмат даць дзецям…
— Вы шмат гадоў на практыцы рэалізоўвалі галоўныя высновы сваёй дысертацыі, стваралі сітуацыю поспеху для выхаванцаў. Яшчэ больш, многіх прыахвоцілі да навуковай працы яшчэ за школьнай партай.
— Мне ўдалося падрыхтаваць чацвярых прызёраў рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ. Усе яны прысвечаны англійскай літаратуры, і кожная з іх – маленькае адкрыццё.
Удзячная за плённую сумесную працу Анастасіі Кісялевіч, Вікторыі Кезік, Лізавеце Раманавай, Захару Бесарабу, якія сталі лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Перадаю вопыт маладым калегам, кансультую іх у час падрыхтоўкі даследчых работ. Рада, што дзецям падабаецца займацца ў тэатральным гуртку, які я вяду.
— Многія маладыя бацькі імкнуцца як мага раней пачаць вучыць дзіця замежнай мове. Як вы лічыце, з якога ўзросту такія заняткі будуць сапраўды прыносіць карысць?
— Не трэба спяшацца за модай. Іншы раз дзіця на роднай мове палову слоў не вымаўляе, у яго не сфарміравалася артыкуляцыя, а яго ўжо вучаць англійскай. Лічу, да шасці гадоў трэба вучыць рускай, беларускай мове, а пасля можна падключаць і замежную. Пры гэтым вельмі важна, каб выкладчык быў кваліфікаваным. Нам нярэдка даводзіцца выпраўляць маўленне ў малышоў, якія наведвалі гурткі англійскай мовы ў дзіцячых садах, цэнтрах развіцця.
— Якую параду вы далі б людзям сталага ўзросту, якія мараць вывучаць замежную мову?
— Адназначна пачынаць, не адкладваючы. Гэта развівае мозг, які, у сваю чаргу, не дае старэць арганізму. Ведаю шмат прыкладаў, калі пенсіянеры паспяхова асвойваюць замежную мову. Лічу, што няма людзей, якія абсалютна неўспрымальныя да замежнай мовы. Адным яна даецца лягчэй, іншым трэба прыкласці больш намаганняў. Але гэта вартае таго, каб адчуваць сябе камфортна, у якой бы краіне свету не апынуўся. Вучыце мову, самаўдасканальвайцеся, і няхай гэта стане вашай «заўтрашняй радасцю»!
Фота: уласны архіў Ірыны БАЙТАЗ.