Марыя Яфімаўна цяпер жыве ў дачкі Валянціны ў Маладзечне. З нагоды юбілею да яе завітала цэлая дэлегацыя: старшыня Палачанскага сельвыканкама Уладзімір Лазар, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Людміла Леган, член назіральнага савета ААТ «Палачаны» Ніна Станевіч. Прыемна было пачуць юбілярцы шчырыя віншаванні ў свой адрас, атрымаць падарункі. У гэтай вясковай жанчыны вельмі няпросты лёс. Яна нарадзілася ў Польшчы пад Беластокам, вырасла ў вялікай працавітай сям’і. 16-гадовай дзяўчынай у разгар Другой сусветнай вайны Марыю вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Там яна сустрэла сваё каханне – беларуса Аляксея Прыгодскага, які служыў у польскай арміі і трапіў у палон.
Пасля Перамогі разам з мужам і нованароджаным сынам Марыя паехала ў Беларусь. На радзіму ёй дазволілі з’ездзіць толькі праз 11 гадоў пасля вайны, бацькоў не было ўжо ў жывых. Прыгодскія выгадавалі пяцярых дзяцей, Марыя Яфімаўна была ўзнагароджана «Медалём мацярынства». Нягледзячы на сямейныя клопаты, яна была адной з лепшых даярак, перамагала ў раённым працоўным спаборніцтве. У яе ёсць пасведчанне ўдзельніка Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, мае шмат узнагарод і грамат, у тым ліку медаль «Ветэран працы». Даўно пайшоў з жыцця муж, пахавала старэйшага сына, які быў ваеннаслужачым, меў званне падпалкоўніка. Яна стойка вынесла ўсе беды і цяжкасці, вельмі шмат працавала, заўсёды гатова была прыйсці на дапамогу радні і знаёмым, была для іх прыкладам стойкасці, жыццёвай мудрасці, аптымізму.
Дзеці і ўнукі атулілі дарагога чалавека клопатам і любоўю. Вельмі прыемна, што не забываюць пра гэту жанчыну ў Палачанах. Яна шчыра радавалася сустрэчы з землякамі, здзівіла іх сваёй выдатнай памяццю: спявала песні на польскай і нямецкай мовах, чытала вершы Адама Міцкевіча і Тадэвуша Касцюшкі. А размаўляе яна па-беларуску, гаворыць што Беларусь стала яе другой радзімай, бо тут выраслі яе дзеці, унукі, з’явіліся на свет праўнукі.
Фота: архіў ПАЛАЧАНСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.