06.01.2017 11:36

5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны Беларусі

Амаль 17 гадоў працуе сацыяльным работнікам раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Наталля Баранава. Чалавек на сваім месцы – так гавораць пра Наталлю Паўлаўну калегі і падапечныя. 

Социальный работник Наталья Баранова. Социальный работник Наталья Баранова. "Маладзечанская газета"

Яе падапечныя жывуць у вёсках Селеўцы (дзе і яна сама), Шалыгі і Пранчэйкава. На абслугоўванні ў Наталлі Паўлаўны дзясяцера чалавек, пераважна адзінокія пенсіянеры, дзеці і ўнукі якіх жывуць у розных гарадах. Ёсць і сямейная пара.

— Старыя людзі, як дзеці — да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Яны маюць вялікую патрэбу выгаварыцца, расказаць пра свае праблемы, але на жыццё ды «балячкі» не скардзяцца, хаця многія з іх прайшлі складаны шлях, — заўважае субяседніца.

Падапечныя называюць яе «дачушкай Наташкай». А яна сапраўды, нібы родная, заўсёды адчувае іх настрой. Пенсіянеры, у сваю чаргу, давяраюць ёй свае сакрэты (іншым разам нават больш, чым блізкім), вучаць жыццёвай мудрасці, вытрымцы ды гаспадарчым хітрыкам.

— Ці ведаеце вы, што рабіць, каб карова давала больш малака? Аказваецца, перад дойкай трэба абдаць вядро вадой. А калі задумалі развесці куранят, яйкі неабходна падкладваць пад курыцу вечарам, калі каровы вяртаюцца з поля, і абавязкова сказаць: «Кладу вечарком, каб кураняты вадзіліся гуртком». А каб грошы ў кішэнях былі, трэба смецце ў доме вымятаць ад парога, а потым венік пераварочваць уверх, — расказвае Наталля сакрэты, якімі падзяліліся з ёю падапечныя.

… Прыбраць у доме, прынесці прадукты, купіць лекі, аплаціць камунальныя паслугі – гэта далёка не ўвесь пералік прафесійных абавязкаў сацыяльнага работніка. Па службовых справах часта даводзіцца ездзіць у Маладзечна. У працоўным графіку Наталлі Паўлаўны іншым разам і выхадных няма. Да сваіх падапечных яна заходзіць два разы на тыдзень. За рабочы дзень «намотвае» больш за дзесяць кіламетраў. З вясны да восені, калі дазваляе надвор’е, ездзіць на веласіпедзе (якім забяспечыў цэнтр сацабслугоўвання). А пяць гадоў таму Наталля навучылася кіраваць і скутарам.

— Такі падарунак зрабілі мне сыны, каб было лягчэй упраўляцца з рабочымі справамі і ўласнай гаспадаркай. У свой час хлопцы без аптымізму паставіліся да майго рашэння працаваць сацыяльным работнікам. А цяпер самі мне дапамагаюць. На вёсцы ж без мужчынскай сілы цяжка. Дапамагаюць і кіраўніцтва ААТ «Селеўцы», і работнікі мясцовых ФАПа, аддзялення паштовай сувязі.
Чалавек на сваім месцы – так гавораць пра Наталлю Паўлаўну калегі і падапечныя. Ёй адрасуецца шмат падзяк за добрую работу. Неаднойчы адзначала кіраўніцтва раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ёсць у Наталлі і захапленне — шмат гадоў яна з’яўляецца ўдзельніцай і салісткай вакальнага ансамбля «Журавачка» Пранчэйкаўскага СДК. На канцэрты калектыву з задавальненнем прыходзяць яе падапечныя.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.       

Прочитано 13889 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.