Вячаслаў Ляшковіч. Двойчы народжаны

Мужнасць і адвага В. Ляшковіча на франтах Вялікай Айчыннай вайны адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй». У мірны час да баявых узнагарод дабавіліся ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», тры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Вячаслаў Антонавіч адзначаны званнем «Заслужаны работнік культуры».

Вячаслаў Ляшковіч. Двойчы народжаны "Маладзечанская газета"


Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
Добры дзень, паважаная Клара Лявонцьеўна. Наш дыялог у нейкім сэнсе атрымаў перапынак. Але на гэта былі пэўныя прычыны. І ўсё ж пастаўленую  мэту мы дасягнем і раскажам пра маладзечанцаў, жыццё і дзейнасць якіх укладваюцца ў канву нашай размовы. Сёння гэта Вячаслаў Антонавіч Ляшковіч.

Клара ФІЛІПАВА:
– Калі па вуліцы Францішка Скарыны падымацца ўгару, то ў новым мікрараёне індывідуальнай забудовы абавязкова трапіш на вуліцу Вячаслава Ляшковіча. Такім чынам увекавечана імя гэтага неардынарнага чалавека. У чым яго неардынарнасць? У лёсе, у адносінах да людзей, да справы, якой служыў, у сынавай любові да роднай зямлі, да Беларусі. Мае словы крыху пазней пацвердзяць вядомыя маладзечанцы. Але пакуль, што называецца, у анкетнай форме спынюся на біяграфіі Вячаслава Антонавіча.

Ён нарадзіўся 24 жніўня 1924 года ў вёсцы Леснікі Лагойскага раёна. У сям’і было шасцёра дзяцей. Улетку 1939 года чацвёра з іх (двое засталіся ў Беларусі) разам з маці Анэляй Антонаўнай накіраваліся ў Паўночна-Казахстанскую вобласць да бацькі. Антон Антонавіч Ляшковіч у 1933 годзе па беспадстаўным даносе трапіў у рады «ворагаў народа», быў пазбаўлены права вяртання на радзіму. І толькі пасля смерці, у 1961 годзе, звычайны беларускі селянін быў поўнасцю рэабілітаваны.

Можна толькі ўявіць, як жылося разлучанай сям’і ў Казахстане, якія пакуты і боль ірвалі душы бацькоў. Можна толькі ўявіць… А тут хутка і вайна пачалася.

У жніўні 1942 года Вячаслава прызвалі на службу ў Ваенна-Марскі Флот, але ўжо восенню малады баец трапіў у блакадны Ленінград. Так і не ўдалося юнаку ажыццявіць запаветную мару дзяцінства – павандраваць па морах-акіянах. Стаў пехацінцам, удзельнічаў у цяжкіх баях. Пасля аднаго з іх цудам застаўся жыць – засыпанага зямлёй радавога Ляшковіча па салдацкім чаравіку, што вытыркаў з зямлі, знайшлі санітары. Байца накіравалі ў шпіталь, а з часці, у якой служыў Вячаслаў, адправілі бацькам пахаванку: «Ваш сын, Ляшковіч Вячаслаў Антонавіч, у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы мужнасць і гераізм, загінуў 23 сакавіка 1943 года і пахаваны на левым беразе Нявы…».

Блізкія аплакалі сына і брата. Але салдат выжыў і атрымаў трохдзённы водпуск, прыехаў дамоў. Колькі было тады слёз, толькі не смутку, а радасці! З таго часу Вячаслаў займеў два дні нараджэння. Двойчы наро-
джаны, каб і ў барацьбе з ворагам, і ў мірным жыцці заставацца верным Радзіме.

Далей – запасны полк, вучэбны батальён, рапарт – і зноў фронт. Перад самым прарывам блакады Ленінграда Вячаслаў уступіў у камсамол, у сакавіку 1944-га стаў кандыдатам, а ў жніўні – членам партыі.
Франтавымі дарогамі прайшоў з баямі Прыбалтыку, не раз быў паранены, кантужаны.

Восенню 1947 года старшына Ляшковіч дэмабілізаваўся і разам з сям’ёй прыехаў на бацькаўшчыну, у вёску Леснікі. Праз некаторы час стаў працаваць рэдактарам радыёвяшчання ў Крывіцкім раёне, прапагандыстам райкама партыі, адказным сакратаром у рэдакцыі Крывіцкай машынна-трактарнай станцыі, уласным карэспандэнтам маладзечанскай абласной газеты «Сталінскі шлях»…

Пасля заканчэння ў 1962 годзе Мінскай вышэйшай партыйнай школы працаваў рэдактарам газеты «Святло камунізму». Праз тры гады быў абраны другім сакратаром Маладзечанскага райкама КПБ.

Ваенныя выпрабаванні і напружаная работа не маглі не адбіцца на здароўі Вячаслава Антонавіча – у 1980 годзе ён захварэў і папрасіўся ў адстаўку. Некаторы час працаваў адказным сакратаром Маладзечанскага аддзялення Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, дырэктарам абласнога краязнаўчага музея.
Журналісцкі вопыт і захапленне краязнаўствам дапамаглі Ляшковічу ў напісанні кніг «Найдаражэйшы скарб», «Камень пры дарозе», «Помнікі гераізму і славы Маладзечаншчыны», шматлікіх артыкулаў пра гісторыю і знакавыя мясціны Беларусі, горада і раёна. Ён адшукваў незвычайныя камяні-валуны, якія затым станавіліся помнікамі, быў ініцыятарам устаноўкі памятных знакаў адметным асобам, жыццё і дзейнасць якіх звязана з нашым краем. Вячаслаў Антонавіч стаў першым старшынёй раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, заўсёды быў сярод людзей, клапаціўся пра іх, дапамагаў, чым мог. Быў надзейным, уважлівым, аўтарытэтным чалавекам.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
— Самы час даць слова людзям, якія добра ведалі Вячаслава Антонавіча па сумеснай рабоце, вучыліся ў яго, пераймалі лепшыя якасці. Вы папрасілі далучыцца да нашага дыялогу некаторых з іх.

Клара ФІЛІПАВА:
– Так. На просьбу падзяліцца ўспамінамі пра Вячаслава Ляшковіча адгукнуліся Наталля Сяргееўна Гайковіч, Ніна Аляксандраўна Станевіч і Ніна Мікітаўна Балебус. Яны добра ведалі гэтага чалавека: працавалі разам з ім, займаліся грамадскай, патрыятычнай работай.

Наталля ГАЙКОВІЧ: «Мой мудры настаўнік»
У няпоўныя 24 гады я стала другім сакратаром Маладзечанскага райкама камсамола. Не дзіва, што можна было разгубіцца. Але на дапамогу прыйшоў «лепшы друг камсамола» – так у сваім асяроддзі мы называлі Вячаслава Антонавіча, тады другога сакратара райкама партыі. Ён па-бацькоўску апякаў маладых кіраўнікоў, камсамольскіх актывістаў. Давяраў, вучыў, зараджаў неўтаймаванай энергіяй. Хацелася быць падобным на яго. У сваім рабочым кабінеце Вячаслаў Антонавіч рэдка калі заставаўся адзін – да яго ішлі, цягнуліся людзі. Ён не шукаў пашаны, быў пазбаўлены ўсялякіх амбіцый. Адданы сын сваёй Радзімы – вялікай і малой – Вячаслаў Антонавіч глыбока цікавіўся гісторыяй, паважаў беларускую мову і размаўляў на ёй (на жаль, у Беларусі ўсё яшчэ даводзіцца гаварыць пра гэта як пра нейкае дзіва). Разам з аднадумцамі Генадзем Каханоўскім і Міколам Ермаловічам узбагаціў нашы веды пра родны край, вярнуў з небыцця многія імёны, падзеі і факты. Вязынка, Радашковічы, Краснае, Ракуцёўшчына, Мясата, Гарадок, Палачаны, Маркава, Лебедзева, Маладзечна – гэта далёка не поўны пералік населеных пунктаў, у якіх дзякуючы Вячаславу Ляшковічу ўвекавечаны імёны вядомых людзей і знакавых падзей. Сам былы франтавік, ён з трапятаннем захоўваў памяць пра салдат Вялікай Перамогі, пра землякоў, якія загінулі ў бітве з ворагам. Часта паўтараў: «Без памяці пра мінулае складана будаваць будучыню».

Ніна СТАНЕВІЧ: «Партыйнае даручэнне»
З Вячаславам Антонавічам я ўпершыню сустрэлася ў якасці селькора газеты «Святло камунізму», якую ён рэдагаваў. Было гэта ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Пазней, калі працавала звеннявой па вырошчванні лёну ў калгасе імя Янкі Купалы (так тады называліся нашы «Палачаны»), трапіла ў склад дэлегацыі сельскіх працаўнікоў Маладзечаншчыны на абласное свята. Дэлегацыю ўзначальваў Ляшковіч. Тады і пазнаёміліся бліжэй. Калі ў 1968 годзе я стала кандыдатам у члены партыі, Вячаслаў Антонавіч даў першае даручэнне: паступіць у інстытут. Праз год даручэнне выканала – паступіла ў Гродзенскі сельгасінстытут. Запомніўся наш удзел у з’ездзе Беларускага тэатральнага аб’яднання, дзе пашчасціла сустрэцца з Пятром Міронавічам Машэравым, ад імя сельскіх працаўнікоў вітаць
удзельнікаў мерапрыемства. Усе выступоўцы гаварылі на рускай мове, і толькі маё слова гучала па-беларуску. Вячаслаў Антонавіч вельмі ўзрадаваўся гэтаму, бо любіў родную мову, любіў Беларусь. Шмат яшчэ ў якіх мерапрыемствах удзельнічала разам са старэйшым таварышам і сябрам, якім і быў Ляшковіч. І заўсёды з увагай ставілася да яго павучанняў, парад і падказак. Калі мне прапанавалі пасля заканчэння інстытута пасаду старшыні сельскага Савета, звярнулася да Вячаслава Антонавіча: як быць? Ён сказаў наступнае: «На дзяржаўнай пасадзе ты яшчэ будзеш, а пакуль раю на практыцы замацаваць набытыя ў інстытуце веды». На ўсё жыццё запомніла гэтыя словы і ўдзячная за такую параду.

Ніна БАЛЕБУС: «Добры след на роднай зямлі»
Вячаслаў Антонавіч Ляшковіч застаўся не толькі ў нашай памяці, але і ў матэрыяльных выявах: ён быў ініцыятарам стварэння на Маладзечаншчыне помнікаў з камянёў. З вялікім жаданнем дапамагаў актывістам клуба «Пошук» школы-інтэрната №2 у справе ўвекавечання імён землякоў, якія загінулі ў гады вайны. Так, 19 красавіка 1981 года на тэрыторыі школы не без асабістага ўдзелу Ляшковіча з’явілася алея Памяці. Ён быў ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх іншых акцый патрыятычнага характару, у тым ліку будаўніцтва ў горадзе Сцяны Памяці. Вячаслаў Антонавіч вельмі ахвотна сустракаўся са школьнікамі, з навучэнцамі. Ветэрану вайны, адданаму сыну сваёй Бацькаўшчыны было пра што расказаць маладым, да чаго заклікаць. Такім мы і запомнілі яго – адкрытым, сціплым, шчырым і неспакойным.

Клара ФІЛІПАВА:

– Калі ў 1988 годзе была створана раённая арганізацыя ветэранаў, Ляшковіч стаў яе першым старшынёй. Каля дзесяці гадоў аддаў гэтай вельмі адказнай і неспакойнай грамад-
скай рабоце. У любой справе імкнуўся быць першым.

Уходят ветераны с каждым годом.
Им в прошлое не стыдно оглянуться.
Уходят, как в атаку, из которой,
На этот раз не суждено вернуться.
Летам 1997 года Вячаслава Антонавіча не стала. У вечнасць пайшоў чалавек, грамадзянін, салдат, патрыёт…

Фота: архіў Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/vajna-i-mir-dyyalog-pakalennya/item/1237-vyachasla-lyashkovich-dvojchyn-narodzhany.html#sigProIdda8cab816b
Прочитано 2578 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.