Новую серыю цукерак са смакам… слова прапанавала фабрыка «Камунарка». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Белдзяржхарчпрам».
Выпуск прысмакаў прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства. Сёлета свята прайшло 6 і 7 верасня ў Лідзе. Кожная цукерка аформлена ў сваім яркім колеры і носіць адно са слоў самай прыгожай для беларусаў мовы – роднай. Так, сярод мноства прысмакаў цяпер можна знайсці «ветлівасць», «удзячнасць», «ціхамірнасць», «натхненне» і «пяшчоту».
Колькі ўсяго слоў нанеслі на этыкетку цукерак, не ўдакладняецца, але нават з гэтых пяці можна смела набыць кілаграм у нейкі асаблівы дзень.
– Гэта пачастунак з асаблівым сэнсам. Мы стварылі цікавы дызайн этыкеткі з унікальным арнаментам. Гэта магчымасць паглыбіцца ў прыгажосць роднай мовы, проста смакуючы любімыя цукеркі, – адзначылі ў прэс-службе канцэрна.
Пастаўкі новых цукерак павінны адбыцца ў фірменныя крамы «Камунаркі» з дня на дзень. Хто жадае набыць 100 грам пяшчоты ўвосень або натхнення на пачатку працоўнага тыдня? Чаму б і не?!
Марына ПУЦЭЙКА
Фото: интернет-ресурс