12.04.2021 9:30

1985-ы. На тварах радасць: адкрылі выстаўку Сямёна Кісяля

У каго б з нашых маладзечанскіх мастакоў ні адкрывалася персанальная выстаўка, калегі па творчым цэху заўсёды прыходзяць павіншаваць, раздзяліць радасць з аўтарам.

Мастацкая суполка на адкрыцці экспазіцыі. Мастацкая суполка на адкрыцці экспазіцыі.

І гэты стары здымак, які нядаўна прынёс у рэдакцыю фотамайстар Аляксандр Салагуб, яшчэ адно таму пацвярджэнне.

— У мяне таксама ёсць такое фота! Гэта 1985 год, – гаворыць Васіль Таркан, мастак, які на працягу 33 гадоў быў дырэктарам Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы. – Добра памятаю падзею, пасля якой мы сфатаграфаваліся. Гэта адкрыццё ў нашай школе выстаўкі мастака Сямёна Кісяля, прымеркаванай да яго 50-годдзя. На фота ён стаіць у першым радзе з букетам. Асноўным месцам работы Сямёна Іванавіча была спецшкола-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Але і ў нас ён таксама вёў заняткі. Цудоўны быў педагог і мастак, выдатна ўдаваліся яму фігурныя кампазіцыі, нацюрморты. На жаль, ён даўно пайшоў з жыцця.

Побач з аўтарам выстаўкі злева – жывапісец, графік Ядвіга Раздзялоўская, адна з заснавальніц студыі выяўленчага мастацтва ў нашым горадзе. Сярод жанчын мы пазналі журналістку нашай газеты ў часы, калі яна называлася «Святло камунізму», былую загадчыцу аддзела культуры гарвыканкама Надзею Сідарэнка (крайняя справа). Чацвёртая злева ў другім радзе – бібліятэкар Галіна Еўдакімчыкава, вельмі творчая асоба, якая піша вершы, захапляецца графікай. Цяпер яна жыве ў Швецыі, у Маладзечне ладзілася яе выстаўка.

Многія чытачы пазнаюць на здымку і нашых вядомых маладзечанскіх мастакоў. У трэцім радзе злева направа: Генадзь Селядзец, Мікола Аўчыннікаў, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Святаслаў Палівода, Васіль Лазоўскі, Васіль Таркан, Аляксандр Пясецкі. У кожнага з іх свой адметны почырк. Кожны з іх зрабіў вялікі ўклад у развіццё мастацтва, выхаванне маладога пакалення.

На вялікі жаль, няма ў жывых Ядвігі Раздзялоўскай, Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, Васіля Лазоўскага, Аляксандра Пясецкага. Але калегі, вучні, аматары творчасці берагуць памяць аб іх. У сакавіку ў гарадскім Палацы культуры адбылася выстаўка «Пані Ядзя збірае сяброў», прымеркаваная да дня нараджэння Ядвігі Раздзялоўскай. Як і на гэтым фота, мастацкая суполка нашага горада дружна сабралася на адкрыццё экспазіцыі. Радасна, што разам з мэтрамі былі і пачынаючыя мастакі. Дзесяцігоддзі ляцяць, але добрыя традыцыі застаюцца нязменнымі…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксандр САЛАГУБ.

Прочитано 281 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.