13.05.2022 9:33

Першыя кукурузаводы

Сёння ў нашым раёне тысячы гектараў засяваюць кукурузай – незаменнай культурай у сельскагаспадарчай вытворчасці. У якасці сіласу яна шырока прымяняецца для кармлення буйной рагатай жывёлы, дзякуючы гэтаму забяспечваюцца высокія надоі малака.

1958 год. Ніна Пляскач (злева) і Соф’я Шашок уручную падкормліваюць кукурузу. 1958 год. Ніна Пляскач (злева) і Соф’я Шашок уручную падкормліваюць кукурузу.

Але так было не заўсёды. Здымкі, якімі падзялілася з рэдакцыяй наша чытачка стараста вёскі Груздава Ніна Станевіч (у дзявоцтве Пляскач), сведчаць аб першых кроках у вырошчванні гэтай тады яшчэ экзатычнай для Беларусі паўднёвай культуры.

— У 1957 годзе я ўступіла ў камсамол, і мне, 17-гадовай дзяўчыне, даручылі ўзначаліць кукурузаводчае звяно калгаса імя Янкі Купалы (цяпер ААТ «Палачаны»). Было ў ім 15 дзяўчат, усе з маёй роднай вёскі Кабылкі (цяпер Зоранька). Пяцігектарнае кукурузнае поле таксама знаходзілася непадалёк ад Кабылак. Засявалі яго пад трактар, а вось палолі, падкормлівалі кукурузу ўручную. Як цяпер памятаю: на возе стаяла бочка з жыжай, праз кран мы налівалі падкормку ў вёдры і палівалі кожнае каліва. Даглядалі кукурузу вельмі старанна, з маладым азартам, аднак расла яна неахвотна. Не памятаю, каб хаця б адзін пачатак выспеў. Гэта цяпер выведзены сарты, прыстасаваныя да нашага клімату, ды за гэты час ён стаў больш цёплым, — вяртаецца ва ўспамінах у сваю маладосць Ніна Аляксандраўна.

Расказвае, што калгаснікі неадназначна ставіліся да задання партыі пашыраць пасевы гэтай культуры. Хаця і цікава было, што з гэтага атрымаецца. Вядома, што ідэйным натхняльнікам развядзення «каралевы палёў» у сярэдніх шыротах стаў першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў.

— Памятаю, у час аднаго са сходаў у вясковай хаце бойкі хлопец загадаў загадку намесніку старшыні нашага калгаса: «Пуза як аўтобус, галава як глобус, кукурузу любіць, але не есць». Няцяжка здагадацца, пра каго яна, — успамінае наша чытачка. – А яшчэ ў мяне перад вачыма і сёння стаіць карціна, як здробненую кукурузную масу закладвалі на сілас у яму, і адзін з калгаснікаў трамбаваў яе вярхом на кані. Наколькі сёння ўсё змянілася: магутныя трактары за два дні закладваюць сіласную яму ў паўтары тысячы тон.

Але вернемся ў 1950-я гады. Ніна Аляксандраўна ўспамінае, што пры ўсіх цяжкасцях яе звяно атрымала сярэднюю ўраджайнасць 600-700 цэнтнераў з гектара, і гэта быў высокі паказчык у маштабах раёна і вобласці. Звеннявой Ніне Пляскач, а таксама Веры Рубан з калгаса «Светлы шлях» выпаў гонар прадстаўляць наш раён на рэспубліканскім злёце маладых кукурузаводаў Беларускай ССР, які адбыўся ў снежні 1958 года.

— На той час у нашай вёсцы яшчэ не было электрычнасці, а Мінск зіхацеў у агнях. Злёт доўжыўся тры дні, мы жылі ў гасцініцы і з балкона любаваліся начной сталіцай. Памятаю, як у апошні вечар на развітанне спявалі: «Прощай, любимый город, уходим завтра в… поле!» і марылі, каб і ў нашых вёсках хутчэй заззялі лямпачкі Ільіча, — успамінае Ніна Аляксандраўна.

Праз год у Кабылках правялі электрычнасць. І з цягам часу кукуруза стала сапраўднай «каралевай палёў». А значыць, усе намаганні, нястомная праца першых кукурузаводаў не былі дарэмнымі…

Сярод удзельникаў рэспубліканскага злёту маладых кукурузаводаў нашы зямлячкі Ніна Пляскач (трэцяя злева ў першым радзе) і Вера Рубан (шостая злева). З дэлегатамі сфатаграфаваўся тагачасны міністр сельскай гаспадаркі БССР Сцяпан Скарапанаў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Ніны СТАНЕВІЧ.

 

 

Прочитано 148 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Здесь звучала музыка Утоляли жажду газировкой »