27.08.2021 12:19

За 20 хвілін на «кукурузніку» — з Маладзечна ў Мінск

Сёння цяжка паверыць, што ў 60-я гады ў Маладзечне быў аэрадром, з якога можна было за лічаныя хвіліны на самалёце АН-2 даляцець у сталіцу, на Нарач ці ў Браслаў.

У 60-я гады ў Маладзечне працаваў аэрапорт. У 60-я гады ў Маладзечне працаваў аэрапорт.

Сведчанне таму – гэты здымак старэйшага мясцовага фотамайстра, добрага сябра нашай газеты Аляксандра Салагуба.

— Аб тым, што за станказаводам і воінскай часткай у Мала-дзечне знаходзіцца аэрадром, я ведаў з 1948 года. Летам мы з бацькамі прыехалі з Данбаса у Маладзечна да сваякоў. Разам з іншымі падлеткамі я любіў хадзіць на аэрадром, каб па-глядзець, як садзяцца і ўзлятаюць самалёты, — дзеліцца ўспамінамі Аляксандр Аляксандравіч. – А пазней мне і самому ў якасці пасажыра давялося ляцець адсюль у сталіцу…

У 1960 годзе сям’я Салагубаў пераехала ў Маладзечна, Аляксандр уладкаваўся працаваць на станказавод. Ён прыгадвае, што ў 1968 годзе захварэла яго маці, яе паклалі на лячэнне ў мінскую бальніцу. Разам са свая-камі Аляксандр ў чарговы раз вырашыў яе праведаць. Спачатку хацелі ехаць цягніком, але вырашылі, што самалётам бу-дзе хутчэй.

— Прыйшлі, але спазніліся: «кукурузнік» толькі-толькі падняўся ў неба. Я быў знаёмы з дырэктарам аэрадрома, пабег да яго, расказаў пра хворую маму і папрасіў звязацца з экіпажам, каб ён вярнуўся па нас. Не паверыце, але самалёт спусціўся, узяў і нас на борт. Якраз у той момант, калі ён прызямліўся, я і зрабіў гэты здымак.

На борце было чалавек 15, білет да Мінска каштаваў два рублі. Самалёты, наколькі я ведаю, ляталі штодня з Мінска ў Браслаў з пасадкай у Мала-дзечне і ля Нарачы. На жаль, прозвішча дырэктара я дакладна не памятаю, магчыма — Смолік. Яго жонка працавала ў аддзеле кадраў станказавода, на прахадной адзначала прыход і адыход работнікаў. На гэтым жа прадпрыемстве працавалі і іх сын з дачкой.

Гэты, без перабольшвання, гістарычны фотаздымак разышоўся ў інтэрнэце дзякуючы яшчэ аднаму вядомаму мала-дзечанскаму фотамайстру Яўгенію Стэльмаху. Аляксандр Салагуб перадаў яму шмат фотастужак, а Яўгеній іх адлічбаваў, самыя цікавыя здымкі выкладвае ў сацыяльных сетках. Дзякуй нашым паважаным фатографам за тое, што мы можам адкрыць для сябе новыя старонкі ў гісторыі нашага горада і раёна!

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксандр САЛАГУБ.

Прочитано 927 раз Последнее изменение 27.08.2021 12:19
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Детский сад в усадьбе? Эти замечательные учителя »