27.02.2017 11:00

Мастак-мадэльер Наталля Мялюк: «Мілыя дамы, насіце сукенкі!»

У касцюмерных маладзечанскага Палаца культуры захоўваецца каля пяці тысяч убораў для дарослых і юных артыстаў. Значную іх частку прыдумала і разам з калегамі ўвасобіла Наталля Мялюк, якая працуе тут мастаком-мадэльерам.

Художник-модельер Наталья Мелюк. Художник-модельер Наталья Мелюк. "Маладзечанская газета"

Як ствараюцца сцэнічныя вобразы маладзечанскіх танцораў, спевакоў і вядучых, ці застаецца час, каб пашыць сабе новы ўбор, як жанчыне знайсці свой стыль – пра гэта і многае іншае мы гаварылі з Наталляй Алегаўнай.

«Дзяўчынка павінна ўсё ўмець»
Гэтыя словы сваёй бабулі Наталля памятае з дзяцінства. Еўдакія Мацвееўна была адметнай рукадзельніцай і эстэткай. Не дазваляла сабе выйсці на кухню непрычасанай ці ў неакуратным фартуху, не ленавалася цярпліва тлумачыць унучцы, як сцяжкі рабіць, гузікі прышываць. Бабуля падарыла Наташы першую швейную машынку, нібыта адчувала, што яна стане для ўнучкі сапраўднай карміцелькай на доўгія гады. Як працяг бабулінай навукі па дамаводстве – урокі працы ў школе. «Я і цяпер крою спадніцы так, як вучыла мяне наша настаўніца Зоя Вікенцьеўна», — гаворыць мая субяседніца. Спаднічку з бардовага вельвету, пашытую ў школе, яна насіла доўга і з задавальненнем. З удзячнасцю гаворыць, што маці ніколі не шкадавала для яе тканіны, не баялася, што дачка сапсуе яе. Таму і нажніцы ў руках Наталля трымала з упэўненасцю, калі раскройвала адрэз тканіны, ніколі не сумнявалася, што нешта не атрымаецца. Урокаў працы хапіла, каб здольная вучаніца асвоіла тэхналогію шыцця штаноў, спадніц, сукенак і зразумела, што хоча займацца гэтым прафесійна.

Ад спадніц да паліто
У Мінскім СПТВ №13 навучальны працэс быў пастаўлены вельмі сур’ёзна. Тры гады Наталля асвойвала тонкасці швейнай справы, атрымала спецыяльнасць закройшчыцы верхняга мужчынскага адзення. «Хто пашые мужчынскі касцюм ці плашч, той без праблем і з жаночай сукенкай справіцца», — гаварыла старшыня прыёмнай камісіі. І не памылілася: Наталля выйшла са сцен вучылішча ўніверсальным майстрам. Нягледзячы на малады ўзрост, узначаліла брыгаду з васьмі швачак, якая прымала заказы ад насельніцтва ў швейным атэлье №4 у раёне ЗПМ. Шырокія плечы, завужаныя да нізу сілуэты – мода пачатку 1990-х. Урэшце, прытрымлівацца актуальных тэндэнцый тады было няпроста: якасныя і прыгожыя тканіны былі ў дэфіцыце, цэны раслі. Заказаў станавілася ўсё менш, атэлье закрылі. Наталля нават некаторы час стаяла на ўліку як беспрацоўная.

Але тады ў яе ўжо былі пастаянныя кліенты, што і надало ўпэўненасці пры адкрыцці ўласнай справы – невялікага атэлье. Яно размяшчалася ў падвале аднаго з жылых дамоў па вуліцы Льва Талстога і карысталася вялікай папулярнасцю сярод гараджан. Каля сотні чалавек абслугоўваліся ў ім пастаянна.    

Наталля першай у горадзе прапанавала кліентам пракат дзіцячых навагодніх касцюмаў, прадстаўляла сваю калекцыю і на гарадскім конкурсе «Залатыя нажніцы». У час паказаў выходзіла на сцэну і яе дачка Ліда. Маці штогод шыла для яе новы карнавальны касцюм – так узнікла калекцыя. Высока ацанілі на «Залатых нажніцах» і іншыя калекцыі майстрыхі.

Новае футра для Снягурачкі
Наталля не вагаючыся прыняла запрашэнне на пасаду мастака-мадэльера ў Палац культуры: хацелася новага вітка ў творчасці і кар’еры. За дзевяць гадоў яна разам з загадчыцай касцюмернай Людмілай Раўба пашыла сотні новых прыгожых касцюмаў практычна для кожнага калектыву ўстановы. Нават не верыцца, што такія аб’ёмы па сілах дзвюм жанчынам. 32 ружовыя блузкі з бліскучымі каўнерыкамі для жанчын з «Адпачынку», 24 камплекты касцюмаў для новага танца «ВіЗаВі», яркія ўборы з вянкамі для танца «Спадчыны», адзенне для оперных пастановак, найскладанейшыя па выкананні, бязважкія, нібы пярынкі, бальныя сукенкі для дзяўчат з «Каскада»… І гэты спіс можна працягваць доўга. Наталля падлічыла: на яе рахунку больш за 850 касцюмаў. «Проста я вельмі люблю сваю работу!» — гаворыць мастак-мадэльер і з удзячнасцю адзначае, што адміністрацыя Палаца культуры, яго дырэктар Святлана Сарока стварылі выдатныя ўмовы для працы. У майстэрні ёсць спецыяльны стол для раскрою, прамысловыя швейныя машыны, устаноўка для адпарвання тканін. «Самае складанае – распрацаваць эскізы, прыдумаць арыгінальныя, не падобныя на іншыя ўборы, якія ў той жа час павінны быць зручнымі і трывалымі, — дзеліцца сакрэтамі мадэльер. — Асобныя дэталі, якія ўпрыгожваюць адзенне, у сцэнічных касцюмах робяцца больш буйнымі, каб былі бачныя са сцэны. У жаночых уборах важна, каб спадніцы, блузкі былі ва ўсіх адной даўжыні, тады калектыў добра глядзіцца на сцэне, лінія малюнка не рвецца».
Наталля прызнаецца, што больш за ўсё любіць ствараць уборы для навагодніх спектакляў. Работа вялікая: адначасова шыецца ад 40 да 80 касцюмаў. Пераднавагодні марафон распачынаецца яшчэ з верасня. Як звычайна, не хапае апошняй ночы. «Я заўсёды знайду што падправіць перад выхадам на сцэну», — з усмешкай гаворыць мая субяседніца. Але як прыемна ёй назіраць, калі хлопчыкі і дзяўчынкі ператвараюцца ў зайчыкаў, мядзведзікаў, авечак, мышак. Ды і дарослыя з задавальненнем пераўвасабляюцца ў казачных герояў і хаця б на час спектакля становяцца дзецьмі. Дарэчы, у дзень нашай сустрэчы Наталля чаравала над новым футрам для Снягурачкі. У студзені ў майстэрні больш спакойна, можна спакойна папрацаваць на перспектыву. Блакітнае футра ўпрыгожана ўжо аплікацыямі, расшытае бліскучымі паеткамі. Яго памер – не большы за 44-ы: Снягурачка ў Палацы заўсёды стройная…

Лепшы аксесуар – усмешка
У чаканні вясны і Дня жанчын не магла не папрасіць у Наталлі даць парады прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва, расказаць пра модныя тэндэнцыі.
— Я не вельмі сачу за модай. Для мяне нашмат больш важны стыль, уменне жанчыны стварыць вобраз, які б ёй пасаваў, падкрэсліваў яе індывідуальнасць. Заўсёды хвалю калег, калі ім гэта ўдаецца. Калі просяць падказаць, якую купіць тканіну для будучай сукенкі, даю параду выбіраць тую, якая радуе вока. Калі ёсць хаця б маленькае сумненне – не трэба набываць. Тое ж тычыцца і  адзення. А наогул, жанчыне трэба абавязкова палюбіць сябе. Калі яна не падабаецца сабе ў люстэрку, не дапаможа ніякі, нават самы лепшы мадэльер.

— Ёсць такі выраз: «Шавец без ботаў». А вам хапае часу, каб пашыць сабе новы ўбор?
— Гэта не пра мяне, я не «без ботаў». З задавальненнем шыю для сябе, у маім гардэробе вельмі мала фабрычнага адзення. Я люблю падкрэсліць сваю індывідуальнасць.

— Маленькая чорная сукенка павінна быць у гардэробе кожнай жанчыны?
— Абавязкова! Але акрамя яе і іншыя – прамыя, клёшныя, да падлогі — самыя розныя. Дзякуй Богу, эпоха штаноў, якая доўжылася 30 гадоў, адышла ў мінулае. Цяпер кожная жанчына зможа пашыць ці купіць у магазіне адзенне, якое пад-
крэсліць яе прыгажосць. Мілыя дамы, насіце сукенкі! Не пазбаўляйце сябе магчымасці быць рамантычнай. І тады мужчыны абавязкова адчыняць перад вамі дзверы, уступяць вам месца ў транспарце. І заўсёды памятайце, што найлепшым аксесуарам да новага ўбору стануць не туфлі, сумка ці капялюшык, а ўсмешка на вашым твары!

Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў ПАЛАЦА КУЛЬТУРЫ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/976-mastak-madeler-natallya-myalyuk-milyya-damy-nasitse-sukenki.html#sigProId1bc9933362
Прочитано 1787 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.