09.04.2021 12:24

І чулася адусюль: «СВАБОДА!»

Дзве гісторыі нашых землякоў, якіх фашысты гвалтоўна вывезлі ў Германію і ператварылі ў вязняў.

Уладзімір Кучынскі: «Вёску спалілі, а нас пагрузілі ў вагоны…»

Уладзімір Васільевіч і Раіса Рыгораўна, як ніхто іншы, ведаюць цану міру.

У 1943 годзе маленькаму палешуку Валодзю Кучынскаму ішоў шосты год. Яго сям’я жыла ў вёсцы Дубнавічы Пінскага раёна, якую называюць сястрой Хатыні. Полымя агню, стрэлы, крыкі і плач – тое, што запомнілася хлопчыку, калі фашысты ўшчэнт спалілі родную вёску, а жыхароў пагналі за тры кіламетры на станцыю, пагрузілі ў таварнякі. Маці, бацька, бабуля, родная сястра Надзя і стрыечная сястра – усе апынуліся ва Усходняй Прусіі, у мястэчку Печэндорфе, дзе іх забрала на сваю ферму «баўэрка», муж якой быў на фронце.

— Памятаю, што паміж сабой мы звалі яе «Страцелька». Было гэта імя ці прозвішча — не ведаю. Мама да самай смерці яе ўспамінала, гаварыла, што была яна злой, не гуманнай, — расказвае Уладзімір Васільевіч. – Бацькі працавалі ў полі, а я бавіў час з іншымі дзецьмі, у тым ліку з нямецкімі, добра навучыўся па-іхняму размаўляць. І хаця на радзіме многае забыўся, у школе, інстытуце нямецкая мне давалася лёгка. Пазней нашу сям’ю перакінулі да баўэра ў Шміцдорф. Чырвоная армія наступала, бацьку і іншых мужчын пагналі ўзводзіць абаронныя збудаванні, мы з ім рассталіся надоўга. Пасля вызвалення ён не ведаў, дзе нас шукаць, дабіраўся дадому без нас. Толькі дабраўся — і яго адразу прызвалі ў армію, рыхтавалі на Японскую вайну, але так і не перакінулі на Далёкі Усход, дэмабілізавалі. Мы вярнуліся дадому ў маі 1945-га. Памятаю, што па дарозе я недзе падабраў гармонік… А яшчэ прывёз алоўкі, якімі горда пісаў у першым класе… Дамоў вярнуліся, а замест хат – папялішчы. Толькі тры грушы ў нашым садзе захаваліся ды студня з абгарэлым зрубам… Нашу сям’ю прытуліла вялікая маміна радня ў суседняй Сошне. Як пагарэльцам, нам выдзелілі дрэва, талакой пабудавалі ў Дубнавічах новы дом.

Пазней ужо, калі сам займеў сям’ю, стаў настаўнікам гісторыі, Уладзімір Васільевіч па-сапраўднаму зразумеў, колькі давялося перажыць яго бацькам. Але яны не азлобіліся на жыццё, шмат працавалі, стараліся, каб дзецям жылося лепш, каб яны хутчэй забылі жахі вайны.

У родных Дубнавічах Уладзімір сустрэў сваю будучую жонку маладую настаўніцу-філолага Раісу Рыгораўну. Яна таксама зведала шмат гора: яе сваякоў расстралялі фашысты, вырасла ў дзіцячым доме, доўгі час нічога не ведала пра сваю сям’ю.

Якімі ж моцнымі духам людзьмі трэба быць, каб перажыць такі жах, не зламацца, усё жыццё сеяць разумнае, добрае, вечнае! Уладзімір Васільевіч настаўнічаў, быў дырэктарам у роднай школе, старшынёй сельсавета. Раіса Рыгораўна – прадстаўніца вялікай педагагічнай дынастыі Карпюкоў, агульны працоўны стаж якой больш за 500 гадоў. Сёлета ў жніўні муж і жонка адзначаць 60-годдзе сумеснага жыцця. У 2005-м яны з Брэстчыны пераехалі ў Чысць, каб быць бліжэй да старэйшай дачкі Ларысы, якая жыве тут з сям’ёй. Яна і малодшая дачка Алена – педагогі, прадаўжальніцы сямейнай дынастыі. Сын Васілій – радыётэхнік, жыве ў Мінску. Радуюць Кучынскіх шасцёра ўнукаў.

— Уладзімір Васільевіч, ці расказваеце вы ўнукам пра вайну, пра тое, што ў дзяцінстве вам давялося стаць малалетнім вязнем?

— Безумоўна! Як чалавек, які сам яе перажыў, і як гісторык, я ўпэўнены, што да сённяшняй моладзі неабходна даносіць праўду аб ёй. Гэта трэба для таго, каб маладое пакаленне цаніла мір і адчувала адказнасць за жыццё на нашай планеце.


Лідзія Мушавец: «У няволі пазнаёмілася з будучым мужам…»

Лідзія Мушавец сустрэла сваю 97-ю вясну.

Другакурснікаў Мазырскага педвучылішча на месяц адправілі на летнія ваенныя зборы. Сярод іх была і Лідзія Літвінчук, будучая настаўніца пачатковых класаў. Там навучэнцаў і застала вестка аб пачатку вайны. За 40 кіламетраў пешшу Ліда дабіралася дадому, у вёску Заводны Востраў. Роўна праз год, у чэрвені 1942-га, на досвітку фашысты выгналі людзей з дамоў, пахапалі моладзь, загадалі кожнаму ўзяць з сабой лыжку, кубак і правізію на два дні. Разам з Лідай была стрыечная сястра Вольга Літвінчук. Доўгая дарога ў перагружаным таварняку, прыпынак у лагеры смерці Асвенцыме, дзе іх правяралі на розныя хваробы. Наступны перавалачны пункт — канцлагер Дахаў у Баварыі. Баракі, набітыя людзьмі, калючы дрот з падведзеным токам, раздзяленне на смертнікаў і работнікаў…

— Там нас першы раз за ўсю дарогу пакармілі, калі можна назваць ежай цёплую ваду і тры вараныя бульбіны ў мундзірах, — цяжка даюцца жанчыне гэтыя ўспаміны.

Сёстры згубілі лік дням, сэрцы сціскаліся ад жудасці… Пашанцавала, што не пакінулі ў канцлагеры на верную смерць, прывезлі ў «Арбайтцэнтр» у Мюнхене, дзе іх разабралі баўэры. Ліду з Оляй хацелі раздзяліць. Але дзяўчаты моцна трымаліся за рукі, а больш смелая Ліда тлумачыла, што яны «швестэр». Нямецкая гаспадыня злітавалася, абедзвюх прывезла ў мястэчка Дайзенгофэн.

— Гаспадары падымалі нас у чатыры раніцы, да сямі мы працавалі на ферме: кармілі кароў, чысцілі за імі. Пасля сямі ў залежнасці ад сезона нас адпраўлялі ў поле ўбіраць рапс, саджаць буракі, траляваць лес, — успамінае жанчына. — Зімой мяне прымушалі на запрэжаных у валоў спецыяльных раскладных санях расчы-
шчаць па 20 кіламетраў дарогі. Пры гэтым я павінна была ісці пешшу.

Праца была непасільнай. Ліда не магла прывыкнуць да грубага абутку на драўлянай падэшве. Намазоліла ногі, пачаліся нарывы ад косткі… Нават калі нейкі час не магла хадзіць, седзячы мыла посуд, скрэбла каструлі. Гаспадары сачылі, каб вязніцы ні хвіліны не заставаліся без занятку…

«Свабода!» — гэта святое для Лідзіі Дарафееўны слова, сімвал заканчэння яе пакут, пачатку новага жыцця. Калі аднойчы да дома іх баўэраў пад’ехаў грузавік і дзяўчаты ўбачылі байцоў Чырвонай арміі, за лічаныя хвіліны сабралі свае чамаданчыкі і заскочылі ў машыну. Іх прывезлі ў вялікі лагер для часовага прытулку вязняў.

— Найперш нас там вельмі добра накармілі, — успамінае мая субяседніца. – Усе былі вельмі шчаслівымі, абдымаліся, віншавалі адзін аднаго. Мы не маглі паверыць у тое, што ўжо свабодныя…

Менавіта тут Ліду запрыкмеціў ураджэнец Асанава Уладзімір Мушавец. Потым прызнаваўся, што пакахаў яе за прыгожыя косы, якія яна, у адрозненне ад большасці дзяўчат, змагла захаваць у няволі. І ўсё сумеснае жыццё не дазваляў іх абстрыгчы. Уладзімір таксама быў вязнем, прайшоў праз Дахаў. Іх першае спатканне было зусім кароткім, толькі позіркамі паспелі абмяняцца. Але наканавана было сустрэцца зноў: абодвух пераправілі ў суседні ваенны лагер. Валодзя там працаваў у пякарні, Ліда прыходзіла па хлеб. Адтуль Уладзіміра забралі ў армію, але Ліда паспела напісаць свой адрас… Толькі ў 1946 годзе ён дэмабілізаваўся, прыехаў да каханай на Мазыршчыну, у жніўні яны ажаніліся…

Лідзія Дарафееўна працавала ў Асанаўскай пачатковай школе, на пенсію пайшла з Чысцінскай СШ. Ужо дваццаць гадоў няма на гэтым свеце яе мужа. Перажылі з ім страшную трагедыю: іх сыны Леанід і Уладзімір патанулі ў час адпачынку… Гэта незагойная рана на сэрцы маці. У Красным жыве старэйшы сын Міхаіл. У Лідзіі Дарафееўны сямёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў, трое прапраўнукаў. Нягледзячы на такі паважны ўзрост, яна жыве адна.

— Я не магу без работы, пастаянна знаходжу сабе занятак. Учора двор падгрэбла. Вось шкарпэткі вяжу, хаця бачу не вельмі добра, — паказвае Лідзія Дарафееўна сваё рукадзелле…

Гісторыя яе жыцця вартая не тое што артыкула ў газеце — асобнай кнігі. Гэта гісторыя мужнай жанчыны, якая, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, любіць жыццё, цэніць кожнае яго імгненне…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Лідзіі МУШАВЕЦ.

Прочитано 278 раз Последнее изменение 09.04.2021 12:24
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.