13.02.2017 9:20

І ў храме ёсць яго цаглінка...

Упершыню свайго героя ўбачыла ў гарадскім аўтобусе некалькі гадоў таму. Паважнага ўзросту мужчына расказваў знаёмаму, якія дамы будаваў у Маладзечне, а таксама пра ўдзел ва ўзвядзенні царквы ў шостым мікрараёне. Маўляў не адну цагліну падняў на самы верх. Падзівіцца было чаму, бо акрамя таго, што мужчына немалады, ён яшчэ пры хадзьбе абапіраўся на кій…

Будаўнік Васілій Паўлавіч Рысік. Будаўнік Васілій Паўлавіч Рысік. "Маладзечанская газета"

На мерапрыемстве, якое нядаўна праводзіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў, старшыня прафкама асацыяцыі «Маладзечнасельбуд» Ніна Шырко папрасіла звярнуць увагу на ветэрана працы, ардэнаносца Васілія Паўлавіча Рысіка. І як жа я здзівілася, калі ён аказаўся тым самым мужчынам з гарадскога аўтобуса! Мы дамовіліся аб сустрэчы, і Васілій Паўлавіч завітаў у рэдакцыю. Прынёс шмат здымкаў, а таксама пасведчанні аб узнагароджанні нагруднымі знакамі пераможцы ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве ў 1976 і 1979 гадах, выдатніка аховы працы Мінсельбуда СССР, медалём «Ветэран працы». У 1979-м В. Рысік быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Таксама яго праца адзначана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Зацікавіў мяне дыплом лаўрэата прэміі Савета Міністраў БССР «За распрацоўку навуковых праблем і ўкараненне дасягненняў навукі і тэхнікі ў галіне будаўніцтва, архітэктуры і будаўнічых матэрыялаў». Брыгадзір мантажнікаў спецыялізаванай перасовачнай механізаванай калоны №88 Васілій Рысік быў у ліку дзесяцярых навукоўцаў і практыкаў, якія распрацавалі і сталі прымяняць на практыцы будаўніцтва фундаментаў з набіўных паляў выштампаваных і вытрамбаваных падмуркаў. Разабрацца ў гэтым недасведчанаму чалавеку немагчыма, але факт ёсць факт. Васілій Паўлавіч патлумачыў, што ў 1987 годзе па заказе Міністэрства гандлю навукоўцы спраектавалі цэх з прымяненнем новых тэхналогій, а будаўнікі ўвасаблялі задуму ў жыццё. Працавала на аб’екце і брыгада мантажнікаў Рысіка.

Не раз пераконвалася, што вялікую ролю ў жыцці чалавека адыгрывае выпадак. Менавіта выпадкова хлопец, які пасля сямігодкі працаваў у калгасе на Мядзельшчыне прычэпшчыкам, убачыў у маладзечанскай раённай газеце аб’яву, што ПТВ №21 аб’яўляе прыём навучэнцаў па спецыяльнасці «тынкоўшчык». І Васілій паехаў вучыцца. Ён ведаў, што ў жыцці трэба разлічваць толькі на сябе.

Сям’я была бедная, дзяцей у бацькоў было шасцёра, кожны самастойна пракладваў сабе дарогу. Гэта быў 1958 год.

Пасля года вучобы В. Рысіка накіравалі на работу ў будаўнічае ўпраўленне №63 Маладзечна, а першым яго аб’ектам стала СШ №6. Затым будаваў жылы дом праз дарогу. У 1961-м юнака прызвалі ў армію, служыў ён у групе савецкіх войск у Германіі. А калі вярнуўся (гэта быў снежань 1964 года), зноў прыступіў, як гаворыць, да самай мірнай і стваральнай працы. З часам перакваліфікаваўся і стаў брыгадзірам мантажнікаў. Такія пасады абы каму не прапаноўвалі. Васілій Паўлавіч стараўся працаваць сумленна і заўсёды быў на добрым рахунку. Як перадавіку, яму ў 1979 годзе нават далі без чаргі трохпакаёвую кватэру. Гэта быў падарунак да Дня будаўніка.

Сярод аб’ектаў, якія разам з брыгадай узводзіў у горадзе, — СШ №1, малочны камбінат, жылыя дамы. Асаблівы гонар выклікае ўзвядзенне будынка Белтэлекама, вышыня якога 33 метры. Васілій Паўлавіч гаворыць, што будынак бачны з акна яго кватэры і нагадвае пра маладыя гады, працоўныя будні. Іх будаўнічая арганізацыя працавала таксама на Мядзель-
шчыне, у Валожынскім раёне, Старых Дарогах, Заслаўі, Крычаве, Слуцку. Узводзілі школы, жылыя дамы, іншыя будынкі, дзе прымяняліся жалезабетонныя канструкцыі. У 1988-м удзельнічаў у будаўніцтве пасёлка Майскі ў Чэрыкаўскім раёне. Там працавалі вахтавым метадам (па два тыдні) брыгады з усёй краіны. Пасёлак прызначаўся для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Планавалася, што тут будуць узведзены дзіцячы сад, школа, іншыя сацыяльныя аб’екты, але затым высветлілася, што гэта тэрыторыя таксама забруджаная радыенуклідамі. Далейшы лёс Майскага ён не ведае. Шкадуе толькі, што было затрачана столькі сіл, часу і здароўя – адна яго брыгада пабудавала 13 аднакватэрных дамоў і адзін шасцікватэрны.

З цеплынёй Васілій Паўлавіч прыгадвае кіраўніка арганізацыі Пятра Вікенцьевіча Варатынскага. Гаворыць, што спецыяліст ён выдатны і чалавек добры.

Перад пенсіяй В. Рысік пра-цаваў у будаўнічай фірме «Дарожнік» у Красным. Адзін са знакавых аб’ектаў таго часу – будаўніцтва другой чаргі завода жалезабетонных вырабаў у Чысці.

У 1993-м Васілій Паўлавіч выйшаў на льготную пенсію. Работа ў нялёгкіх умовах не прайшла бясследна (рэўматызм – прафесійнае захворванне многіх будаўнікоў). Яму цяжка хадзіць, але сілы надае вера ў Бога. Бацькі былі людзі набожныя, так і дзяцей выхоўвалі. На пенсіі ён стаў наведваць храм. Кожны дзень хадзіў на ўсе службы ў Свята-Пакроўскую царкву на Старым Месце. Яго старанні і шчырасць заўважыў айцец Авянір. Так В. Рысік стаў дзякам і шэсць гадоў аддаў храму. Апошнія адзінаццаць гадоў ён прыслужвае ў царкве Нараджэння Хрыстова. Служэнне Богу стала сэнсам яго жыцця…

Фота: Аляксей ПЛАТКО і архіў СЯМ’І РЫСІК.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/925-i-khrame-josts-yago-tsaglinka.html#sigProId56877823cd
Прочитано 1536 раз Последнее изменение 13.02.2017 9:20
Алена Лашук

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.