25.02.2021 14:28

У радаводзе сям’і Купрыян – 653 сваякі

Шасцікласнік СШ №14 Аляксандр Купрыян атрымаў Гран-пры адкрытага анлайн-конкурсу «Мой радавод», які праводзіўся ў цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна.

Складанне радаводу – справа сямейная, лічаць Надзея і Андрэй Купрыяны, іх сыны Яўгеній і Аляксандр. Складанне радаводу – справа сямейная, лічаць Надзея і Андрэй Купрыяны, іх сыны Яўгеній і Аляксандр.

Дзякуй, бабуля Ганна!

На ўзнагароджанне пераможца прыйшоў разам з бацькамі Андрэем Паўлавічам і Надзеяй Паўлаўнай і малодшым братам Яўгеніем. Вядучы метадыст цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Вольга Трубач, яе калегі рады былі павіншаваць Аляксандра, уручыць яму дыплом і альбом «Гісторыя маёй сям’і». Да слова, на конкурс 15 удзельнікаў з сярэдніх школ №2, 9, 14, з Відзеўшчыны, Заскавіч і Хоўхлава прадставілі свой радавод, аднак у Аляксандра Купрыяна ён самы ўнушальны: у ім 653 персоны! Хлопчык сказаў, што ў падобным конкурсе ўдзельнічаў упершыню. Падказала пра яго і дапамагла ў падрыхтоўцы матэрыялаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рыма Расціславаўна Барташэвіч.

Зразумела ж, шасцікласнік не справіўся б у адзіночку. Яго перамога – вынік працы ўсёй дружнай, дапытлівай сям’і Купрыян. Як аказалася, збіраць матэрыялы пра свой род пачала бабуля Сашы Ганна Купрыян. У школьным сшытку яна начарціла першыя «галінкі» генеалагічнага дрэва роду Купрыянаў – Гардыкаў, які з даўніх часоў жыў у вёсцы Пранчэйкава і яе наваколлі. На жаль, Ганны Паўлаўны няма ўжо ў жывых. Але сын Андрэй не згубіў той запаветны сшытак. Ён, радыёінжынер па спецыяльнасці, вывеў пошукі на новы ўзровень, выкарыстаў для гэтага інтэрнэт-рэсурсы, адшукаў інфармацыю ў музеях і архівах. Разам з жонкай і сынамі, з цёцяй Надзеі Тамарай Сакалоўскай з Самалёў ездзіў да сваякоў у аддаленыя вёскі Маладзечаншчыны і Вілейшчыны, фатаграфаваў помнікі продкаў на могілках.

Андрэй Паўлавіч – ваеннаслужачы, Надзея Паўлаўна – трэнер па плаванні ДЮСШ «Маладосць». Нягледзячы на занятасць на рабоце, яны знаходзяць час для таго, каб упісаць новыя імёны і факты ў багатую гісторыю свайго роду. Гэта стала ўжо сямейным хобі.

Надзея Паўлаўна расказвае, што дзякуючы мужу шмат новага даведалася пра свой род Іваноўскіх-Самалёў з Маладзечаншчыны і Вілейшчыны. Гэтыя пошукі аб’ядналі іх сваякоў, цяпер яны часцей сустракаюцца, перазвоньваюцца, а некаторыя ўслед за Купрыянамі таксама пачалі цікавіцца гісторыяй свайго роду.

Вёска Лебедзева. Сваякі Надзеі Купрыян па бацькавай лініі. Другая справа – яе прабабка Марыя Шыманская.

Адшукалі продкаў з XVII стагоддзя

— Самае складанае было не столькі адшукаць звесткі, колькі сістэматызаваць іх, — гаворыць Андрэй Паўлавіч.

Але намаганні вартыя таго: цяпер яго сыны могуць прасачыць свой род да восьмага калена. І даведацца шмат цікавых сямейных гісторый.

Вёска Пранчэйкава. Жанчыны з роду Гардыкаў: юная Ганна, маці Андрэя Купрыяна, яго прабабка Паўліна, бабуля Наталля, цёця Галіна.

— Нашы сваякі жывуць не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве, Забайкаллі, Растоўскай і Калінінградскай абласцях, нават у Канадзе, — расказвае Андрэй Паўлавіч. – Нашы далёкія продкі як па маёй лініі, так і па жончынай – звычайныя сяляне, якія працавалі на зямлі. У некаторых былі вялікія сем’і – па дзясяцера дзяцей. Іншы раз мы здзіўляліся імёнам, якія давалі ў мінулых стагоддзях. Майго прапрадзеда, да прыкладу, звалі Іпаліт. Былі і Паўліна, Руберта, Феадора, Анэля, Петранэла, Юстына, Якаў, Ян, Юліянія, Агафія, Ёзэф…

Гісторыя кахання прадзеда Паўла і прабабкі Наталлі

У доме Купрыянаў захоўваецца абраз, які прабабка Сашы і Жэні Наталля Купрыян прывезла дадому з Германіі, куды ў час вайны яе вывезлі на прымусовыя работы. Сваякам яна расказвала, што гэта ікона ўратавала яе ў час цяжкага вяртання дадому. Ведаюць праўнукі і чуллівую гісторыю кахання Наталлі і яе мужа Паўла.

Яны жылі ў Пранчэйкаве, кахалі адзін аднаго, марылі пажаніцца, ды да вайны не паспелі. У 1942 годзе фашысты вывезлі мясцовых юнакоў і дзяўчат у Германію, дзе ў адным з мястэчак іх разбіралі багатыя гаспадары. Калі нямецкі афіцэр паказаў на Паўла, той, заікаючыся ад страху, папрасіў разам з ім адправіць і жонку. Афіцэр паклікаў аўтаматчыка – у хлопца ёкнула сэрца, падумаў, што гэта канец. Але аўтаматчык правёў яго да жаночага барака. Павел коратка растлумачыў Наталлі, што назваў яе жонкай, каб быць разам, яна выйшла і даверліва ўзяла яго за руку. Яны працавалі на хутары ў заможных немцаў, вырошчвалі цукровыя буракі. Пасля вызвалення Павел пайшоў з Чырвонай арміяй, а Наташа скіравалася на радзіму. Развітваючыся, ён напісаў сваім бацькам: «Прыміце яе, яна мая жонка». Наташына хата згарэла, яе бацькі жылі ў хляве. І дзяўчына пайшла жыць да бацькоў Паўла. Якім жа было шчасце, калі ён вярнуўся жывым! Яны распісаліся, у іх нарадзіліся дочкі Галіна і малодшая Ганна, бабуля Сашы і Жэні, якая і пачала складаць сямейны радавод…

Ганарацца хлопчыкі і сваім прадзедам па лініі маці Васілём Іваноўскім, Героем Вялікай Айчыннай вайны. У час бою ён, адважны кулямётчык, падбіў тры падводы з боепрыпасамі, знішчыў пяцярых ворагаў, нягледзячы на тое, што сам быў паранены. За гэты подзвіг быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі. А ў мірны час атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Прадзед Андрэя Купрыяна Павел Іпалітавіч Купрыян.

З чаго пачынаць?

Тым, хто хоча скласці свой радавод, Андрэй Купрыян раіць пачаць гэта рабіць як мага хутчэй, пакуль жывыя старэйшыя члены сям’і. Важна распытаць у іх як мага больш падрабязна пра бацькоў, дзядоў, прадзедаў, іншых сваякоў, якія могуць даць карысную інфармацыю.
Акуратна запісвайце прозвішчы і імёны, гады жыцця, населеныя пункты. Калі ёсць старадаўнія здымкі, адразу ўдакладняйце, хто на іх. Асобная крыніца інфармацыі – помнікі, на якіх указаны імёны і прозвішчы, даты нараджэння і смерці.

Сайт www.familysearch.org змяшчае базы даных метрычных кніг, якія знаходзяцца ў архівах Мінска, Гродна і Літвы. Сайт http://vilejski-uezd.by – генеалогія і краязнаўства Вілейшчыны, http://helper.archonline.by – дапаможнік па вёсках Беларусі. Ёсць іншыя інтэрнэт-рэсурсы. Інфармацыю на іх можна атрымліваць бясплатна. Каб шукаць звесткі ў архівах, трэба рабіць папярэднія заяўкі. Дакументы там выдаюць бясплатна, аднак фатаграфаваць іх нельга, за сканіраванне трэба плаціць.

— Для захоўвання даных і пабудовы генеалагічнага дрэва нашага роду мы выкарысталі камп’ютарную праграму «Дрэва жыцця», — расказвае Андрэй Паўлавіч. – Да кожнай з 653 асоб, занесеных у яго, ёсць кароткая інфармацыя, прымацаваныя файлы фатаграфій помнікаў, копіі старонак метрычных кніг, рэвізскія казкі вёсак, іншыя звесткі. Акрамя таго, усе сабраныя матэрыялы мы раздрукавалі, сістэматызавалі па асобных файлах. Так што дрэва нашага роду існуе ў двух варыянтах.

— Мы лічым, што кожны павінен ведаць свае карані. Для нас гэта вельмі важна – адчуваць сябе звяном у непарыўным ланцугу шматвяковага роду. Гэта надае нам сілы! – гавораць бацькі і дзеці Купрыяны.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І КУПРЫЯН.

Прочитано 349 раз Последнее изменение 25.02.2021 14:28
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.