16.11.2020 8:34

Нежаночая прафесія? Можна паспрачацца

Наталля Вішнеўская і Ларыса Марзак працуюць у гаспадарках Маладзечанскага раёна.

Дырэктар ААТ «Усход-Агра». Наталля Вішнеўская. Дырэктар ААТ «Усход-Агра». Наталля Вішнеўская. "Маладзечанская газета".

Ад дыспетчара – да дырэктара

Гадоў 15-20 таму сярод старшынь калгасаў нашага раёна не было ніводнай жанчыны. Цяпер жа тры сельгаспрадпрыемствы ўзначальваюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва: Алена Халматава – ААТ «Палачаны», Людміла Лымар – аграфірму «Лебедзева», Наталля Вішнеўская – ААТ «Усход-Агра».

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК мы спыталі ў Наталлі Вішнеўскай, як ёй працуецца на пасадзе, якую і сёння ў пераважнай большасці займаюць мужчыны.

Да слова, маю субяседніцу прызначылі дырэктарам ААТ «Усход-Агра» амаль год таму 5 снежня, акурат у дзень яе нараджэння. Да гэтага яна чатыры з паловай года была тут галоўным аграномам. Агульны стаж работы ў сельскай гаспадарцы — 27 гадоў, прайшла шлях ад дыспетчара, брыгадзіра да дырэктара. Як вопыту, так і цвёрдасці характару ёй не пазычаць. Нездарма ж адразу пасля школы спрабавала паступіць у Акадэмію МУС, прайшла адбор, аднак у той год не набралі групу дзяўчат. Паступіла ў Калінінградскі сельгасінстытут, а пасля закрыцця граніц перавялася ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Набіралася вопыту на роднай Астравеччыне. У адным з сельгаспрадпрыемстваў Ашмянскага раёна выконвала абавязкі старшыні.

Маладзечаншчына стала новай прыступкай у працоўнай біяграфіі. У нашым раёне жыве маці Наталлі. Каб быць да яе бліжэй, дачка вырашыла з мужам і дзецьмі пераехаць. У калектыве «Усход-Агра» яе сустрэлі прыязна, падтрымаў былы дырэктар Аляксандр Жыгарэнка, выдзеліў жыллё.

— Што самае складанае ў рабоце дырэктара сельгаспрадпрыемства?

— Напэўна, недахоп часу, бо за дзень даводзіцца вырашаць вельмі шмат пытанняў. Дваццаці чатырох гадзін у суткі мне не хапае! Штодня трэба пабываць на ўсіх васьмі фермах, звычайна ў шэсць раніцы на іх выязджаю. Дарэчы, на комплексе ў Вялікіх Кашэўніках мы завяршаем будаўніцтва памяшкання на 306 галоў, у якім каровы будуць набірацца сіл да ацёлу. Да 1 студзеня павінны ўвесці яго ў эксплуатацыю. Вытворчасць малака – адзін з прыбытковых кірункаў работы гаспадаркі, як і раслінаводства. Дырэктар зазначае, што ў адрозненне ад былых часоў, сёння спецыялісты гаспадарак самі вырашаюць, якія культуры вырошчваць у залежнасці ад характарыстык глебы. На землях «Усход-Агра» добра растуць, даюць прыбытак збожжавыя, рапс, а вось бульба – стратная.

Калі Наталля Рамуальдаўна расказвае пра грэчку, якую сёлета ў сельгаспрадпрыемстве вырошчвалі ўпершыню, у яе загараюцца вочы:

— На 30 гектарах яе пасеялі, атрымалі рэнтабельнасць 20 працэнтаў. Вельмі мне спадабалася гэта культура, будзем плошчы пашыраць! Калі ў в’етнамскім ці кітайскім рысе шмат пестыцыдаў, то наша беларуская грэчка экалагічна чыстая. Яе апыляюць пчолы, а яны хіміі не любяць. Нават угнаенні ў глебу трэба ўносіць восенню, а не вясной. У нас, дарэчы, ёсць свой невялікі пчальнік у вёсцы Раеўшчына, аб якой клапоціцца Іван Гушчын…

І цяпер, позняй восенню, работ у гаспадарцы хапае: ворыва, падняцце зябліва, вывазка з ферм арганікі…

— Учора з галоўным аграномам, маладым спецыялістам Сямёнам Свешнікавым планавалі севазварот, — расказвае аб надзённых клопатах Наталля Вішнеўская.

З вялікай павагай гаворыць кіраўнік аб сваіх найпершых памочніках. Гэта галоўны інжынер Аляксандр Завадскі, галоўны заатэхнік Георгій Макарэвіч, галоўны ветурач Андрэй Рамановіч, галоўны бухгалтар Галіна Космач, галоўны эканаміст Анжэла Гушчына. Сярод механізатараў, жывёлаводаў нямала адказных працаўнікоў. Пра работу ва ўмовах пандэміі мая субяседніца гаворыць:

— Усе неабходныя меры па прафілактыцы каранавіруса ў нас захоўваюцца, сітуацыю трымаем пад кантролем. У сельскай гаспадарцы на аддаленую работу не пойдзеш: карове пра пандэмію не раскажаш, яе штодня трэба пакарміць, падаіць…

— Што б вы хацелі пажадаць свайму калектыву з нагоды прафесійнага свята?

— Поспехаў у рабоце, новых вяршынь. А галоўнае – здароўя!

Цяляты здаровыя – Ларыса задаволена

Ларыса Марзак 20 гадоў працуе аператарам па штучным асемяненні жывёл у ААТ «Усход-Агра». Па выніках раённага працоўнага спаборніцтва за мінулы год яна стала адной з пераможцаў у намінацыі «Лепшы работнік сельскай гаспадаркі», яе партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару.

— Гэта прафесія вельмі складаная, найперш з-за таго, што трэба быць фізічна моцным, мець лоўкія рукі, ведаць падыход да жывёлы, любіць яе, — зазначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Наталля Вішнеўская. – Ларыса Вікенцьеўна адказны работнік, не толькі свае абавязкі выдатна выконвае, але і іншым дапамагае, яна правая рука загадчыка малочнатаварнай фермы «Вялікія Кашэўнікі» Вадзіма Бажко.
У чатыры гадзіны раніцы Ларыса Вікенцьеўна ўжо на ферме. Да пачатку дзявятай завяршае ранішнія справы, з чатырох дня да васьмі вечара, а тое і пазней, працягвае работу. І так з дня ў дзень… За шмат гадоў прывыкла да такога графіку. А фізічная праца ёй, ураджэнцы вёскі Дубрава, знаёмая з дзяцінства. Яе тата быў трактарыстам, даяркай працавала свякроў.

Ларыса Марзак.

Выйшла замуж у Выверы, дзе і жыве яе сям’я. На работу разам з іншымі жывёлаводамі ездзіць на транспарце гаспадаркі. Расказвае, што пяць гадоў працавала даяркай, прапанавалі пайсці на павышэнне – стаць аператарам па штучным асемяненні. Два месяцы вучылася на курсах у Сенніцы і з таго часу працуе на комплексе. Ва «Усходзе-Агра» ўсяго два такія спецыялісты: акрамя маёй субяседніцы, на МТФ «Крыніца» працуе Таццяна Станкевіч. Іх работа настолькі спецыфічная, што сёння замены ім няма. Праўда, нядаўна адправілі на вучобу дзвюх маладых даярак, магчыма, яны змогуць асвоіць гэту прафесію.

Каровы на комплексе галшцінскай пароды – малочныя, чорна-пярэстай масці. Штучнае асемяненне дае магчымасць захоўваць і паляпшаць пароду, расказвае Ларыса Вікенцьеўна. Удзячная яна работнікам комплексу Таццяне Рымша і Аляксандру Макоўскаму, якія ніколі не адмаўляюць у дапамозе. Разам з калегамі клапоціцца, каб рагулі былі накормленыя і дагледжаныя, каб аднаўлялі сілы ў час сэрвіс-перыяду ад ацёлу да пакрыцця.

Работа забірае шмат часу і сіл, але зарплата добрая, вартая такіх намаганняў. У свой час гаспадарка выдзеліла сям’і Марзак катэдж, які яны ўжо прыватызавалі. Муж Сяргей Яўстаф’евіч працуе газаэлектразваршчыкам на трубапракатным заводзе, дачка Хрысціна – урач агульнай практыкі Стаўбцоўскай ЦРБ, сын Юрый – станочнік на прадпрыемстве «Косвік».

Ларыса Вікенцьеўна расказвае, што раней трымалі з мужам дзвюх кароў, цяпер ва ўласнай гаспадарцы свінні, куры, індыкі — клопатаў у сельскіх жыхароў хапае. Гаспадыня любіць займацца нарыхтоўкамі на зіму. Смачнымі атрымліваюцца ў яе агуркі па-балгарску, сёлета паставіла каля 50 літровых слоікаў. Усё спорыцца ў гэтай жанчыны, якая не стала шукаць больш лёгкага хлеба, прысвяціла жыццё сельскай гаспадарцы. Прыемна, што яе праца высока ацэнена не толькі ва «Усходзе-Агра», але і ў маштабах раёна.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 294 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.