Падвядзенне вынікаў адбылося ў Палацы культуры нашага горада. І не толькі таму, што Маладзечна летась з’яўлялася культурнай сталіцай Беларусі.
У 2017-м наш горад набывае новы статус і становіцца маладзёжнай сталіцай Міншчыны. Як зазначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Хмель, вызначыць пераможцу было складана. Улічвалася тое, наколькі камфортнае асяроддзе створана для самарэалізацыі юнакоў і дзяўчат, якія існуюць інавацыйныя праграмы і наколькі эфектыўна яны працуюць, як маладыя людзі ўдзельнічаюць у эканамічным, палітычным і культурным жыцці краіны. У фінал конкурсу выйшлі Барысаў, Салігорск і Маладзечна. Перамога дасталася нашаму гораду, сама назва якога сугучная са словам «маладосць».
Сведчыць аб статусе будуць дыплом і памятная статуэтка, якія начальнік аддзела па справах сям’і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Святлана Кісель уручыла намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алене Іванько.
«Малады лідар Міншчыны»
Летась у вобласці ўпершыню праводзіўся конкурс «Малады лідар Міншчыны». Было вызначана шаснаццаць намінацый, журы разгледзела больш за сто заявак. Хочацца спадзявацца, што маладыя людзі, якія прызнаны лепшымі ў сваёй сферы, не згубяцца ў жыцці. У сферы аховы здароўя перамог загадчык інфекцыйнага аддзялення Уздзенскай ЦРБ Вадзім Лабанок, які лічыць, што ўрач – гэта не толькі прафесія, але і лад жыцця. Карэспандэнту Салігорскага тэлеканала Марыне Нікіценка аддадзена перавага сярод маладых калег. Яна не толькі вядзе ўласную перадачу «Месца здарэння», але і з’яўляецца валанцёрам пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
Калі вы ўбачыце ў аптэцы таблеткі «Рэвалон R» для прафілактыкі стрэсавых сітуацый і парушэнняў сну, то ведайце, што ў іх распрацоўцы прымаў удзел інжынер-тэхнолаг Барысаўскага завода медпрэпаратаў Максім Скотнікаў. Гэта ўнікальны прэпарат, на які аформлена заяўка на атрыманне Еўразійскага патэнта. Таксама малады чалавек мае дачыненне да іншых распрацовак, ён укараніў пяць рацпрапаноў. Максім лічыць, што будучыня моладзі ў яе руках.
У конкурсе праектаў пераможцам у намінацыі «Стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі» стаў маладзечанскі Палац культуры, якім кіруе Святлана Сарока.
За ўклад у развіццё маладзёжнага руху Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў была адзначана загадчыца сектара ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Раіса Казановіч. Акрамя Раісы Генадзьеўны, такія граматы атрымалі яе калегі з Клецкага і Салігорскага райвыканкамаў.
Слова — пераможцам
Сярод шаснаццаці лідараў трое з Маладзечанскага раёна: Дзмітрый Кулік (сельская гаспадарка), Віталій Кавалевіч (транспарт і камунікацыі) і Павел Бандарэнка (культура). І гэта своеасаблівы рэкорд.
Дзмітрый КУЛІК, галоўны аграном ААТ «Селеўцы», пераможца ў намінацыі «Малады лідар Міншчыны ў сельскай гаспадарцы»:
— У прафесійным плане год быў складаным, але раслінаводчая галіна гаспадаркі, якую я ўзначальваю, дасягнула добрых вынікаў. У вобласці занялі першае месца сярод сельгас-
прадпрыемстваў, якія займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў, а ў раёне сталі трэцімі па ўраджайнасці збожжа. Таму ганарыцца ёсць чым. На наступны год загадваць цяжка, але пастараемся дасягнуць яшчэ большых вынікаў. Тэхналогіі адпрацаваныя, застаецца толькі ўдасканальвацца. Мне цікавы вынік, а ў раслінаводстве – гэта ўраджай.
Сёлета было шмат мерапрыемстваў, у якіх я ўдзельнічаў. Быў дэлегатам другога рэспубліканскага сходу сельскай моладзі ў Горках, дарэчы, таксама першага. Ездзіў на вучобу рэзерву кадраў будучых кіраўнікоў АПК у Мінску. Усе мы прыкладна аднаго ўзросту, таму пагаварыць было пра што. Мне прыемна, што ў нашай гаспадарцы працуе шмат маладых людзей. Гэта адукаваныя, амбі-
цыёзныя спецыялісты. А кіраўніцтва прыкладае нямала намаганняў, каб моладзь заставалася ў вёсцы.
Павел БАНДАРЭНКА, культарганізатар па рабоце з дзецьмі і моладдзю Палаца культуры Маладзечна:
— Вельмі добра, што моладзь падтрымліваюць, і прыемна быць пераможцам у сваёй намінацыі. Ёсць жаданне рухацца далей. У мяне падрыхтаваны праект, які будзе рэалізаваны сёмага лютага, у мой дзень нараджэння. Гэта сольны канцэрт, які пройдзе ў Палацы культуры. Прысвячаецца ён Дню закаханых, а таксама маёй бабулі, якая вельмі хацела, каб я займаўся музыкай, і заўсёды верыла ў мяне.
Нягледзячы на тое, што першая адукацыя ў мяне эканамічная, лічу, што выбраў правільны шлях, і перамога ў намінацыі «Малады лідар Міншчыны ў сферы культуры» таму пацвярджэнне.
Віталій КАВАЛЕВІЧ, інжынер-тэхнолаг колавага ўчастка УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі», лакаматыўнае дэпо Маладзечна:
— У Маладзечна я трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі. Сам родам з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Работа падабаецца, горад таксама, калектыў выдатны, таму я прыняў рашэнне застацца тут (тэрмін маёй адпрацоўкі закончыўся ў жніўні). Сёлета самая галоўная падзея ў маім жыцці – гэта прызначэнне на пасаду інжынера-тэхнолага, дагэтуль працаваў майстрам цэха. Перамагчы ў намінацыі «Малады лідар Міншчыны ў сферы транспарту і камунікацый» мне дапамаглі мае старэйшыя таварышы. Разам з начальнікам колавага ўчастка Паўлам Сабачэўскім і электрагазазваршчыкам Сямёнам Сарокам мы ўкаранілі рацпрапанову, эканамічны эфект ад якой склаў 270 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Гэта падштурхнула да ўдзелу ў конкурсе, а ініцыятарам стаў намеснік начальніка дэпо па кадрах і сацыяльных пытаннях Максім Іванавіч Церах, якому я вельмі ўдзячны.
Прыемна, што кіраўніцтва дэпо добра ставіцца да моладзі, падтрымлівае ва ўсіх справах, давярае і прызначае на адказныя пасады. А калі адчуваеш такую ўвагу, то працаваць хочацца яшчэ лепш.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.