03.01.2017 8:59

Калі будзільнік кукарэкае

Больш за паўстагоддзя маладзечанец Адам Абразей займаецца развядзеннем пеўняў. Наступны год, у якім згодна з усходнім гараскопам будзе гаспадарыць гэта наравістая птушка, ён сустракае з асаблівым настроем і найлепшымі спадзяваннямі.

Адам Амбразей са сваімі гадаванцамі. Адам Амбразей са сваімі гадаванцамі. Алексей Плотко

Развядзеннем курэй Адам захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў вёсцы Дубой на Століншчыне. У яго бабулі куры зімавалі ў доме пад печкай. Яна штораз даручала ўнуку збіраць яйкі, і хлопчык спраўляўся з адказным заданнем, пакуль…

— Аднойчы мой хросны бацька расказаў мне, што калі птушкі прыгрэюць яйкі – з іх вылупяцца кураняты. Якое дзіця не зацікавіцца гэтым?! Вядома, я вырашыў правесці эксперымент. Праўда, бабулі не расказаў свайго сакрэту. Так праз некаторы час пад печкай заціўкалі кураняты… — успамінае Адам Мікалаевіч.     
Да гэтага часу разводзіць ён курэй і пеўняў. Апошнія падабаюцца яму найбольш — характар, прыгожае «ўбранне», раніцай могуць разбудзіць замест будзільніка, яшчэ і надвор’е прадкажуць. Напрыклад, калі яршацца – да холаду, маразоў, чухаюцца – да дажджу, весела падскокваюць – да добрага надвор’я.

… Пасля службы ў арміі Адам абжыўся ў Маладзечне. Сям’я выбрала жыллё ў сваім доме на Лясных. Частку падворка аддалі пад гаспадарчыя пабудовы, у якіх пасялілі птушак.

Цяпер у Адама Мікалаевіча 10 пеўняў і 18 курэй. Усе яны розных парод. Па двары ходзяць незвычайна прыгожыя белыя і стракатыя «мараны» (дарэчы, у канцы ХІХ стагоддзя яны былі выведзены ў Францыі), грацыёзныя «лягбары», элегантныя «гамбургцы», мініяцюрныя «бентамцы» (выхадцы з Японіі, дзе яны жывуць у дзікай прыродзе)…

— Асабліва мне падабаюцца птушкі Паўлаўскай пароды, — заўважае субяседнік. – Яны адны з самых старажытных, якія з’явіліся яшчэ ў царскай Расіі. На жаль, гісторыя не захавала імёны селекцыянераў, якія вывелі гэту пароду. А назву яна атрымала ў гонар сяла Паўлава Ніжагародскай губерні. Ёсць версія, што далёкія продкі Паўлаўскіх курэй першапачаткова былі завезены сюды з-за мяжы. У пачатку ХІХ стагоддзя іх вывезлі ў Турцыю, затым – у Англію, дзе яны атрымалі назву «султанскіх курэй». Цяпер Паўлаўская парода лічыцца эталонам ва ўсім свеце.

Яе прадстаўнікі сапраўды вельмі прыгожыя, іх апярэнне аж блішчыць, а пышны чубок на галаве нагадвае карону. Гаспадар можа бясконца расказваць пра сваіх птушак: іх адрозненне, асаблівасці характару, перавагі ў ежы.

— Мае гадаванцы за год з’ядаюць каля мяшка «мяшанкі» — ячменю, кукурузы і трыцікале, ды яшчэ столькі ж яблыкаў, якія вельмі дробна крышу. Асаблівы «ласунак» для іх – сушаная крапіва, за цёплы сезон нарыхтоўваю яе дзесяць вялікіх пучкоў. Клопатаў з птушкамі хапае. Але справа ўдзячная: любімы занятак заўсёды ўзнімае настрой, — усміхаецца аматар птушкагадовец.

Да Новага года гаспадар рыхтуе сваім крылатым сябрам падарунак. Па-першае, падрамантуе куратнік і абавязкова створыць у ім… святочны антураж.

На думку Адама Мікалаевіча, у Беларусі няшмат тых, хто захапляецца развядзеннем курэй розных парод і тым больш пеўняў. Каб падтрымліваць гэта хобі, ён часам бывае на адпаведных выстаўках, дзе купляе або абменьваецца неабходным для развядзення птушак матэрыялам. Ёсць у арсенале Адама Мікалаевіча і электрычны інкубатар, пры дапамозе якога ён выводзіць новыя пароды. Напрыклад, курэй, якія нясуць яйкі са шкарлупінай… сіне-зялёнага колеру. Запэўніў гаспадар, што «залатое яйка» таксама бывае не толькі ў казцы, але і ў жыцці. Цяпер марыць вывесці яшчэ адну пароду курэй – прыгожую, каб добра неслася і мала ела.

— Я нават навучыўся з дакладнасцю ў 80 працэнтаў вызначаць па яйку, хто ўрэшце з’явіцца, — гаворыць Адам Мікалаевіч. — Трэба затуплены верх прасвяціць лямпай: калі згустак (зародкавы дыск) унутры акажацца бліжэй да яго, значыць, там «схавалася» курыца, а калі далей – певень. Як і ў дзяцінстве, мне цікава назіраць, як вылупліваюцца кураняткі, як яны растуць. Людзі прыходзяць, кажуць: «У цябе, як у заапарку». Хтосьці паглядзіць — таксама пачынае цікавіцца гэтай справай.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/743-kali-budzilnik-kukarekae.html#sigProId7e37addf90
Прочитано 1985 раз Последнее изменение 03.01.2017 8:59
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.