На маім рабочым стале – незвычайны пейзаж. На белым лісце фармату А3 гуашшу ў спалучэнні з каляровай крэйдай намаляваны горныя вяршыні ў сонечным зарыве, на пярэднім плане – спелыя лімоны ў натуральную велічыню. Просты малюнак, але прыцягвае ўвагу. Ёсць у ім энергетыка, мара аб далёкіх падарожжах…
Яго аўтар — 42-гадовы Дзмітрый Паляковіч – у гарах ніколі не быў. Ён наогул не так часта выбіраецца з дому, які знаходзіцца побач з чыгуначным пераездам. Дзмітрый вырас пад грукат вагонных колаў, любіць сустракаць і праводзіць цягнікі. Па гуку можа без памылкі адрозніць, які састаў ідзе – пасажырскі, грузавы, рамонтны.
На цягніку ён ездзіць у суседняе Беразінскае ці Маладзечна. Нават у Мінску бываў усё больш у лячэбных установах з-за праблем са здароўем. У Дзмітрыя ад нараджэння дзіцячы цэрэбральны параліч. Ён мае інваліднасць трэцяй ступені, з якой можна працаваць. Ды толькі знайсці занятак у сельскай мясцовасці чалавеку з фізічнымі асаблівасцямі вельмі не проста.
Дзіма закончыў дзевяць класаў былой Літвянскай школы, якая ўжо даўно закрыта. Маляваць яго ніхто не вучыў, гэта захапленне было з ім заўсёды. У ход ішлі не толькі альбомы і сшыткі, але і кавалкі кардону, фанера – усё, што трапляла пад руку.
Поўнасцю матэрыял чытайце ў "Маладзечанскай газеце" за суботу, 27 чэрвеня
Фота: Аляксей Платко.