22.04.2020 11:29

Была такая прафесія – падчытчыца

 

Маладзечанка Марыя Ганчарова ў маладосці працавала падчытчыцай у абласной газеце «Чырвоны сцяг» — папярэдніцы нашага выдання.

Паехала ў горад, каб зарабіць на хату

— Мама многа разоў мне расказвала, як майго тату Аляксандра Нарановіча пасля вы-звалення Беларусі разам з іншымі мужчынамі з нашага Хоўхлава павезлі ў Маладзечна, каб адправіць на фронт, ды адпусцілі. Ён вярнуўся — а я, малая, тоўсценькая, на лаўцы стаю. Ён схіліўся нада мной, абняў: «Мая ты дачушка!». Мне здаецца, я нават памятаю гэты момант, хаця зусім малая была – усяго тры гады мела. А потым тату забралі ў другі раз, і больш ён да нас не вярнуўся — загінуў. Толькі гадоў пяць таму я даведалася, што ён пахаваны ў германскім горадзе Волен, — расказвае пра сваё цяжкае пасляваеннае дзяцінства Марыя Аляксандраўна.

Успамінае, як з Хоўхлава за 21 кіламетр пяшком хадзілі з матуляй у Маладзечна, каб купіць хлеба. Стаялі ў чарзе ў магазіне на Старым Месце, дзе цяпер знаходзіцца аптэка. Іншы раз хлеба ім не хапала, і яны ні з чым вярталіся дадому…

Калі Марыя падрасла, хадзіла разам з маці  лён ірваць, абганяць кукурузу, сена грэбсці. У 1950-я калгаснікам грошай не плацілі, сваякі з Маладзечна дапамаглі Марыі вырвацца з калгаса, узялі да сябе жыць.

«Міма нас часта праходзіў Прытыцкі»

Вялікай удачай для яе, учарашняй школьніцы, было ўладкавацца на работу ў абласную газету «Чырвоны сцяг» падчытчыцай.

— Рэдакцыя знаходзілася на першым паверсе цяперашняга будынка палітэхнікума, у якім тады размяшчаўся аблвыканкам. У самым вялікім рэдакцыйным пакоі сядзеў рэдактар Васілій Татун разам з намеснікам Барысам Дворыным. Я яшчэ і прыбіральшчыцай была, мне кожны дзень трэба было паркет, выкладзены ёлачкай, вы-драіць спецыяльнай шчоткай, якая на нагу надзявалася, а затым масцікай змазаць… Насупраць быў кабінет адказнага сакратара Рыгора Філіповіча. Бухгалтарам у нас працавала Алена Кавяза. Памятаю таксама фатографа Міхаіла Асаевіча, карэспандэнтаў Пятра Барысевіча, Уладзіміра Яскевіча. З прыёмнай раздаваўся стук друкавальнай машынкі Фросі Бажко. Міма нашых дзвярэй часта праходзіў першы сакратар абкама партыі Сяргей Прытыцкі – высокі, статны. Бачылі мы і яго жонку, запомнілася, што ў яе валасах была сівая пасма. 

— А ў чым заключалася ваша работа? – пытаюся ў жанчыны.

— Наша карэктар Маша дыктавала машыністцы тэксты, затым я іх адносіла ў друкарню, якая знаходзілася на рагу цяперашняй вуліцы Прытыцкага. Там кожную літару ўручную набіралі, друкавалі, я забірала палосы і несла ў рэдакцыю на вычытку. Разам з Машай мы гэтыя калонкі чыталі, правілі памылкі.

За месяц я атрымлівала
27 рублёў. 20 аддавала маме на будаўніцтва хаты, 7 пакідала сабе. Ніколі не забуду, як што-дня хадзіла ў друкарню міма кіёска, у якім прадаваліся цукеркі — «Каўказскія», «Камета». Як мне іх хацелася! Але магла дазволіць сабе купіць толькі з зарплаты і ўсяго 100 грамаў, якія каштавалі 15 капеек. Гэта была сапраўдная радасць.

Мая субяседніца ўспамінае, што прадукты тады куплялі ў пятнаццатым магазіне, які знаходзіўся ў асобным будынку па вуліцы Прытыцкага побач з цяперашняй аптэкай. Іншы раз па выхадных хадзілі з сяброўкамі на гарадскія танцы ў сквер каля кінатэатра «Радзіма». Там іграў духавы аркестр, збіралася шмат моладзі. Але часцей у выхадныя Марыя спяшалася ў Хоўхлава да матулі, якая жыла з незамужняй сястрой. Літаральна па бервяну будавалі яны хату, а ўладкоўвалі, прыводзілі яе ў парадак ужо разам з мужам Ягорам Іосіфавічам. Ён жыў у свайго брата на адной з Марыяй лесвічнай пляцоўцы. Аказаўся вельмі добрым, клапатлівым. Працаваў слесарам на мелькамбінаце. На вялікі жаль, яго няма ўжо ў жывых. Яны выгадавалі сыноў Генадзія і Аляксандра, дачакаліся чацвярых унукаў. У Марыі Аляксандраўны ёсць і дзве праўнучкі.

У рэдакцыі жанчына працавала нядоўга: вобласць cкасавалі, супрацоўнікаў газеты расфарміравалі. Марыя вярнулася ў Хоўхлава, на час дэкрэтнага водпуску замяняла начальніка паштовага аддзялення. І, можна сказаць, зноў мела дачыненне да газеты – адказвала за яе своечасовую дастаўку да падпісчыкаў.

І ўсё ж самы вялікі перыяд жыцця – 36 гадоў — яна адпрацавала на міжрайбазе. Закончыла завочна ўлікова-планавы тэхнікум, прайшла шлях ад сакратара да эканаміста.      

На яе вачах рос, прыгажэў наш горад, у якім яна ведае вельмі многіх.

З усмешкай гаворыць, што калі прыязджала ў любы санаторый, заўсёды пазнавала маладзечанцаў — настолькі добрая ў яе зрокавая памяць.

З газетай –  усё жыццё

Шмат гадоў мінула з таго часу, калі яна, маладзенькая дзяўчына, учытвалася ў калонкі абласной газеты. А цяпер Марыя Аляксандраўна не расстаецца з «Маладзечанскай газетай». Гаворыць, што кожны нумар чытае ад першай старонкі да апошняй, каб ведаць, што адбываецца ў раёне.

— Дзякуючы газеце я і на пенсіі адчуваю сваю прыналежнасць да жыцця. Заўсёды радуюся, калі сустракаю на старонках знаёмыя твары. У маладыя гады я бачыла і разумела, якая ня-простая праца ў журналістаў – штодня здабываць новыя матэрыялы. Жадаю, каб добрых навін у вас было больш, каб у газеты было шмат падпісчыкаў і чытачоў!

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: АЎТАР, архіў Марыі ГАНЧАРОВАЙ.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/6722-byla-takaya-prafesiya-padchytchytsa.html#sigProId142f14f3d3
Прочитано 687 раз Последнее изменение 22.04.2020 11:29
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить