На ранішнік для выхаванцаў школьнага ўзросту сюды прыехала шмат гасцей з Мінска і Маладзечна – прадстаўнікі шэфскіх, грамадскіх арганізацый, дэпутаты. Сярод іх першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валерый Калінковіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Генадзій Пальчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч і многія іншыя. 17 гадоў аказвае шэфскую дапамогу цэнтру калектыў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, доўгі час з’яўляюцца шэфамі Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ТАА «ЮрСпектр», цэнтральнае банкаўскае ўпраўленне №601 ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Маладзечна, Мінскае аддзяленне чыгункі.
Дырэктар ЦКРНіР Анжаліка Шапяленка прывітала выхаванцаў, іх бацькоў, падзякавала за візіт і запрасіла на сцэну шаноўных гасцей. Кожны з іх адрасаваў прысутным самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з Новым годам.
-- Радуе, што рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» пашыраецца з кожным годам, што ў выхаванцаў цэнтра становіцца ўсё больш сяброў – людзей, якія імкнуцца тварыць дабро і нічога не патрабуюць узамен, -- зазначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, якая пастаянна бывае ў гэтай установе, некалькі гадоў запар дапамагае ёй у замене старых вокнаў на шклопакеты.
Шэфы, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў перадалі цэнтру грашовыя сертыфікаты на набыццё новай мэблі, іншага неабходнага абсталявання, падарункі.
Па добрай традыцыі шэфы з Вярхоўнага суда прывезлі і салодкія падарункі для кожнага выхаванца. Але перш чым іх атрымаць, хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў казку, якую стварылі для іх педагогі. Кожны год яны рыхтуюць для сваіх падапечных новае навагодняе прадстаўленне, сюрпрызы. Трэба бачыць, з якой цеплынёй і разуменнем апякаюць яны сваіх асаблівых выхаванцаў, як тонка адчуваюць і з паўслова разумеюць кожнага, як умеюць падбадзёрыць, супакоіць. Разам з вядучай Галінай Яблонскай, вясёлай Машай (Таццянай Касачовай ) і Мядзведзем (Марыяй Вайцяховіч) хлопчыкі і дзяўчынкі шукалі згублены нос Снегавіка, ляпілі снежныя піражкі, запальвалі ёлку. І нарэшце дачакаліся Дзеда Мароза са Снягурачкай, ролі якіх нібы сапраўдныя акцёры выконвалі Віктар Шапяленка і Вольга Кулеш. У кожнага дзіцяці была магчымасць выступіць: Даша Высоцкая, Арцём Галубовіч, Максім Кшталтны, Аня Звяруга і іх сябры чыталі вершы, радавалі Дзеда Мароза і ўсіх прысутных. Дзеці даўно пачалі падрыхтоўку да любімага свята, разам з бацькамі прадумвалі касцюмы, з педагогамі рэпеціравалі, упрыгожвалі класы і пакоі для адпачынку. Дружны калектыў цэнтра прыклаў шмат фантазіі і творчасці, каб кожнаму выхаванцу было весела і цікава, каб ніхто не застаўся без падарунка. Мушкецёры, піраты, прынцэсы, сняжынкі кружыліся ў карагодзе, моцна трымаючы за рукі сваіх гасцей. Даверлівая маленькая далонька, шчырая ўсмешка, агеньчыкі ў вачах – найдаражэйшая падзяка дарослым за ўсе клопаты і намаганні. Шчасця і як мага больш добрых людзей на жыццёвым шляху вам, нашы дзеці!
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.