30.08.2019 11:38

У Мароськах не расце марошка. Затое тут жывуць вясёлыя і дружныя людзі

У гэтым маглі пераканацца ўсе, хто ў мінулую суботу завітаў на свята вёскі Мароські Лебедзеўскага сельсавета.

У Мароськах не расце марошка. Затое тут жывуць вясёлыя і дружныя людзі "Маладзечанская газета"

Вёска гэта доўгая – кіламетры з тры. Таму гаспадары свята запрасілі пракаціцца па ёй на… паравозіку. Праўда, чыгуначныя пуці адсюль кіламетры за тры. Ды і паравоз зроблены з саламяных цюкоў… Але ж усе мы людзі з фантазіяй і пачуццём гумару. Ну дык што, паехалі…

Першы прыпынак – «Чыгуначны». Сяргей Барсукоў раздаў усім карысныя сувеніры – надрукаваны расклад руху цягнікоў, якія ідуць на Маладзечна і Гудагай.
Па дарозе стараста Людміла Аракчэева расказала, што сёння ў Мароськах жыве 356 чалавек, у вёсцы 183 дамы, праведзены прыродны газ. Працуе прыватны магазін, прыязджае аўтакрама райспажыўтаварыства, непадалёк – малочнатаварная ферма.

На прыпынку «Гістарычны» мясцовы краязнавец Антон Апанасевіч паведаміў шмат цікавага пра вёску, вядомую з XVII стагоддзя. Ён агучыў некалькі версій паходжання яе назвы. Па адной з іх, у старажытнасці да хат падступала велізарнае возера, якое мясцовыя жыхары называлі морам. Па другой, у гэтай мясцовасці раней знаходзілі балотную расліну марошку. Яшчэ адна здагадка: пры царскай Расіі жыхары вёскі дзяліліся на казённых (яны былі самастойнымі) і дваравых (іх называлі мор, морась, паморкі).

Антон Антонавіч нагадаў адметны факт: у 1971 годзе ў Мароськах знойдзены манетны скарб XVII стагоддзя, які ўвайшоў у пяцёрку самых вялікіх у Беларусі. У гліняным гаршку былі 5682 білонныя і сярэбраныя манеты. Цяпер яны захоўваюцца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

Спакон веку ў гэтай вёсцы жылі Барташэвічы, Посахі, Семашкевічы, Калачыкі, Кукелі, Сарокі, Квяткоўскія, Корсакі. Краязнавец спыніўся ля роднай хаты Героя Сацыялістычнай Працы ганаровага грамадзяніна раёна Уладзіміра Калачыка. Родам з Маросек таксама заслужаная настаўніца БССР Софія Калачык (усяго ў вёсцы нарадзілася каля 15 педагогаў), таленавіты музыкант Канстанцін Корсак, браты Шутовічы (Часлаў выпрабоўваў ракетную тэхніку на касмадроме «Байканур», Генадзій узначальваў Бакінскае вышэйшае ваеннае вучылішча, Станіслаў быў старшым афіцэрам), ваенны лётчык, удзельнік вайны ў Афганістане Міхаіл Барташэвіч, ваенны ўрач Канстанцін Посах, загадчык адной з паліклінік Гомеля Сяргей Ермаковіч, хірург лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Алег Калачык…

Нельга не сказаць і пра тое, што гэтыя мясціны не абміналі войны, пасля якіх Мароські адраджаліся, нібы фенікс з попелу. Пасля Вялікай Айчыннай тут заставалася ўсяго шэсць хат. Сёння ў гэта цяжка паверыць: сучасныя дамы, сады і кветнікі, дзіцячыя галасы на вуліцы – жыццё віруе. Да свята ўсе дружна прыбралі свае сядзібы, ву-
ліцу, вёска папрыгажэла, памаладзела.

— Як вам жывецца ў Мароськах? — пытаюся ў Вольгі і Сяргея Грыб, Гаспадыні і Гаспадара свята, якія ўручалі хлеб-соль гасцям, знаёмілі з аднавяскоўцамі.
— Выдатна жывецца! – у адзін голас адказваюць муж і жонка. — Наш дом самы першы па вуліцы Цэнтральнай, у ім ёсць усе выгоды. Мы 21 год разам. Гэты год для нашай сям’і адметны: дачушка Каця паступіла ў медкаледж, а сынок Лёша ідзе ў першы клас…

На прыпынку «Музычным» парадавалі песняй удзельніцы вакальнай групы «Суседкі» Заскавіцкага Дома культуры. На станцыі «Гаспадарчай» мужчыны, а ўслед за імі і жанчыны, пілавалі на хуткасць бярвенні.

— Паднімаем рукі ўверх! Робім практыкаванні! – скамандавала весялуха і завадатар Жанна Нядзелька на падыходзе да прыпынку «Спартыўнага».

А вось яшчэ адна гаваркая жанчына – Святлана Цярэня ў ролі свацейкі, якая гатова адразу сасватаць прыгожым дзяўчатам хлопцаў: бялявых, чарнявых, пры гальштуках (не інакш, начальнікаў)…

На прыпынку «Малочным» гаспадыня Лідзія Гарохава частавала прысмакамі, папрасіла гасцей падаіць кароўку, а пасля не забыцца пакланіцца карміцельцы…
На станцыі «Прысядалаўка» ўсім давялося размяцца, успомніць урокі фізкультуры. А артыстычныя мароськаўскія дзяўчаты прама на вясковай вуліцы выдалі такі гарачы танец, што цяжка было ўтрымацца, каб не пайсці ў скокі разам з імі.

Усе дзівосы цяжка і пералічыць. Выстаўка мясцовых рукадзельніц, фотавыстаўка «Мароські ў асобах» з незабыўнымі імгненнямі жыцця вёскі, з тварамі родных людзей. Здзівілі вяскоўцаў кінолагі, якіх запрасілі з горада: іх дрэсіраваныя чатырохногія
гадаванцы беспамылкова знаходзілі пары абутку, выконвалі іншыя складаныя заданні.

Канцавы прыпынак – станцыя «Канцэртная», дзе разгарнулася галоўнае дзейства маштабнага свята. З прывітальнымі словамі да землякоў звярнулася старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч, падзякавала за дапамогу сваім найпершым памочнікам старастам вёскі Людміле Аракчэевай, Таццяне Цыбульскай, Тамары Захаравай. Асобныя словы ўдзячнасці адрасаваліся калектыву аграфірмы «Лебедзева», яе кіраўніку Ігару Грыбоўскаму, якая ўзяла на сябе самыя маштабныя і працаёмкія работы па падрыхтоўцы да свята. Дзмітрый Пагуца зрабіў землякам падарунак – выразаў з дрэва назву вёскі Мароські. Ад імя раённай улады мясцовых жыхароў павіншавала начальнік фінансавага ўпраўлення Таццяна Варывончык і ўручыла падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў Людміле Аракчэевай, Марыі Шураевай. Узнагарод, прыемных падарункаў было ў гэты дзень шмат. Па традыцыі вядучыя свята Кацярына Грыб і Вольга Руткоўская запрашалі на сцэну старэйшую жыхарку 92-гадовую Алену Семашкевіч. Самы юны жыхар Вадзім Бялько, бацькі якога Караліна і Аляксей – самая маладая сям’я ў вёсцы. Ім ёсць з каго браць прыклад, найперш з самых пажылых сямейных пар. Гэта Софія і Уладзімір Галдыцкія, Васіліса і Васілій Кукелі, Галіна і Восіп Заянчкоўскія. Жывуць тут і мнагадзетныя сем’і: у Ігнатовічаў – пяцёра дзетак, у Клюшыных, Лямбовічаў – па шасцёра. Гучалі імёны вясковых актывістаў, індывідуальных прадпрымальнікаў – неабыякавых людзей, якія дапамаглі мясцовай уладзе ў навядзенні парадку і падрыхтоўцы да свята. Віталі і лепшых гаспадароў, чый дом, падворак радуюць вока і з’яўляюцца прыкладам для іншых. Гэта Святлана Космач, Марыя і Ала Семашкевічы, Ніна Акульская, Наталля Тукайла, Святлана Карпіновіч, Марыя Вяль, Зінаіда Грыб. Знатным кулінаркам сёстрам Ніне Віткоўскай і Таццяне Кахавец, Святлане Карпіновіч, Ірыне Мікуліч, Людміле Аракчэевай і іншым дзякавалі за смачныя пачастункі, дэгустацыю страў мароськаўскай кухні, а яна тут вельмі адметная.

Распачала канцэртную праграму Людміла Жук песняй «Сэрца зямлі маёй». Прадоўжылі яе ўдзельнікі народнага ансамбля «Жытніца» з Ашмянскага раёна, работнікі Лебедзеўскага Дома культуры, дапамагалі ім суседзі з Заскавіч, Маркава, іншых вёсак. Песні, танцы, жарты гучалі тут да самага вечара. «Даўно ў нас не было такога цудоўнага свята!» — гаварылі вяскоўцы.

Спадзяюся, што ў нас, журналістаў, будзе нагода яшчэ не раз сюды наведацца. Бо галоўны скарб вёскі Мароські – не выкапаныя з зямлі пяць тысяч старажытных манет, а яе працавітыя, таленавітыя жыхары, пра якіх мы з задавальненнем будзем расказваць на старонках газеты.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/sotsium/item/5194-u-maroskakh-ne-rastse-maroshka-zatoe-tut-zhyvuts-vyasjolyya-i-druzhnyya-lyudzi.html#sigProId0fb056350d
Прочитано 676 раз Последнее изменение 30.08.2019 11:38
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить